13:15 21.05.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Статут вернецца ў Беларусь!

statut-1588Некалькі дзён спатрэбілася беларусам, каб сабраць сродкі на нацыянальную рэліквію.


Цяпер ёсць надзея, што Статут, выстаўлены на электронны аўкцыён у Маскве, вернецца на бацькаўшчыну. Гэта будзе першы арыгінал Статута на старабеларускай мове ў зборах нашай краіны.

«За два дні на рахунак надышло каля 1000 долараў, — расказвае малады дырэктар магілёўскага гістарычнага музея Аляксей Бацюкоў. — Але, галоўнае, нам абяцаў дапамагчы спонсар, і як толькі будзе заключаны дагавор з ім, разліковы рахунак будзе закрыты. Сваю дапамогу нам прапаноўваў і Нацбанк, хацеў прыцягнуць некаторыя банкі Беларусі».

Музей гісторыі Магілёва абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для выкупу Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года, піша "Наша ніва".

Статут быў выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне ўладальнікам антыкварнай крамы ў Маскве. Дадзены асобнік ацэнены на $45 тыс.

Пры гэтым частку грошай (10%), паводле папярэдняй дамоўленасці з прадаўцом, неабходна сабраць цягам двух тыдняў у якасці закладу. Рэшту сумы трэ будзе пералічыць цягам трох месяцаў.

Ва ўсім свеце налічваецца каля 60 асобнікаў усіх трох выданняў Статута, з іх 29 адносяцца да выдання 1594–1595 гадоў. Знаходжанне гэтых асобнікаў: Вялікабрытанія (1), Літва (6), Польшча (6), Расія (11), Украіна (5), а ў Беларусі няма ніводнага. Як прыватнымі асобамі, так і дзяржаўнымі інстытутамі краіны ўжо рабіліся спробы выкупіць асобнікі Статута, аднак беспаспяхова.

Статут ВКЛ — найвышэйшае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы ВКЛ.

Па сутнасці, гэта была сярэднявечная Канстытуцыя, якая дзейнічала на ўсіх землях сучаснай Беларусі і была адной з самых прагрэсіўных у Еўропе. Статут паўплываў на станаўленне нацыянальнай прававой думкі, а таксама на юрыдычныя традыцыі суседніх краін — Расіі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і інш. Магчыма, менавіта дзякуючы яму беларусы адрозніваюцца вялікай павагай да права.

Статут 1588 года распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і быў выдадзены за яго асабістыя сродкі ў друкарні, заснаванай у Вільні Пятром Мсціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.

У цяперашні час вядома пра тры выданні Статута — 1588, 1592–1593 і 1594—1595 гг. Дарэчы, рэальны шанец на поспех у дабрачыннай акцыі ёсць. Бо магілёўцы ўжо дапамаглі летась папоўніць фонды музея гісторыі Магілёва рарытэтам — фаліянтам «Часоўніка», датаваным 1773 годам.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме