13:01 19.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ст’юарт: "Мы хочам пабачыць свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі"
Дырэктар беларускай службы Радыё "Свабода" Аляксандар Лукашук ўзяў інтэрвію ў былой амбасадаркі ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт, якая цяпер зьяўляецца дарадцам намесьніка сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Майкла Познэра. Прапануем вашай увазе фрагмэнты гэтага інтэрвію.
Лукашук: “Калі, па-вашаму, амэрыканскі амбасадар можа вярнуцца ў Менск? Якія ўмовы павінны быць выкананыя, каб такое вяртаньне адбылося?”
Ст’юарт: “Як ні прыкра гэта казаць, але мы ня бачым ніякіх крокаў з боку беларускіх уладаў дзеля таго, каб вярнуць свайго амбасадара ў Вашынгтон ці каб вярнуць колькасьць працаўнікоў у абедзьвюх амбасадах да папярэдняга ўзроўню. З нашага боку застаюцца ранейшыя ўмовы. Мы хочам бачыць прагрэс у сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі — з гэтым зьвязаныя нашы санкцыі. Гэта ня мы выбралі такія меры як адкліканьне амбасадараў на кансультацыі ці зьмяншэньне пэрсаналу ў амбасадах. Мы гатовыя ўступіць у дыялёг і вярнуцца ў любы момант. Але калі Беларусь зьвязвае гэта з нашымі санкцыямі, дык я хачу нагадаць, што санкцыі зьвязаныя з правамі чалавека”.
Лукашук: “У 2008 годзе, пасьля таго як беларускія ўлады вызвалілі палітычных вязьняў і дазволілі дзьвюм незалежным газэтам вярнуцца ў афіцыйную сетку распаўсюду, Эўразьвяз зьмяніў свой падыход да Беларусі і запрасіў яе ва Ўсходняе партнэрства. Чаму ЗША тады не зьмянілі свайго падыходу? Адкуль такая розьніца ў падыходах да Менску паміж Брусэлем і Вашынгтонам?”
Ст’юарт: “Насамрэч мы зрэагавалі на тыя зьмены, калі яны наступілі — калі быў вызвалены Казулін і зарэгістраваныя дзьве газэты. Мы мадыфікавалі нашы санкцыі, дазваляючы дзьвюм кампаніям, якія ўваходзяць у “Белнафтахім”, весьці гандлёвую дзейнасьць у ЗША. Мы лічылі гэта разумнай рэакцыяй у той момант. А потым у Менск прыехаў памочнік дзяржсакратара ў эўрапейскіх пытаньнях Філіп Гордан, каб падкрэсьліць той факт, што новая амэрыканская адміністрацыя гатовая ўзнавіць адносіны, калі будзе адпаведная рэакцыя з другога боку. Па-мойму, як мы, так і эўрапейцы намагаемся адказваць на станоўчыя крокі з боку Менску. Але праўда такая, што тут няма ніякага прагрэсу”.
Лукашук: “Шмат хто ў Беларусі акрэсьліваў палітыку адміністрацыі Джорджа Буша ў адносінах да беларускага рэжыму як "цьвёрдую". У Беларусі неўзабаве зноў будуць прэзыдэнцкія выбары. Ужо сёньня ўздымаецца новая хваля рэпрэсіяў супраць апанэнтаў улады. Як бы вы спрагназавалі палітыку адміністрацыі Барака Абамы ў адносінах да Беларусі падчас гэтых прэзыдэнцкіх выбараў? Што Вашынгтон будзе браць пад увагу перш за ўсё?”
Ст’юарт: “У нашай сёньняшняй палітыцы адносна Беларусі ёсьць шмат пераемнасьці ад папярэдняй адміністрацыі. Мы застаемся заклапочанымі абмежаваньнямі свабоды слова і прэсы ў Беларусі, нас непакояць апошнія падзеі, зьвязаныя з ператрусамі у кватэрах незалежных журналістаў. Як я ўжо сказала, нашы санкцыі супроць Беларусі застаюцца ў сіле, бо мы ня бачым ніякага прагрэсу і ніякіх прычынаў, каб можна было гэтыя санкцыі перагледзець ці зьмякчыць. Наша мэта — пабачыць свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме