18:00 22.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Справаздачна-выніковы даклад старшыні АГП Анатоля Лябедзькі на ХІІІ З'ездзе партыі

Дарагія калегі, сябры, аднадумцы. І усё ж такі мы разам сабраліся. І гэтаму не перашкодзілі ні акалічнасці, ні лічба 13, якой пазначаны наш форум.  Я пазіцыяную сябе як лідэр палітычных аптымістаў, а гэта, безумоўна, наклала адбітак на сэнс і акцэнты  маёй справаздачы і выступу.  Апазіцыя занадта часта паўстае ў асацыяцыі з «плачам Яраслаўны» або ўнтэр-афіцэрскай удавы, якая неміласэрна высякае саму сябе. Але калі вы ўвесь час у жалобнай вопратцы, і на вашым твары грымаса пакутніка, а з вашых вуснаў  чуюцца выключна скаргі,  то не варта спадзявацца, што за вамі пайдуць мільёны. Людзей не натхняюць убогія і слабыя. 

Не, не, я не заклікаю праблемы замазваць тоўстым  пудры. Я прапаную ў нашай сённяшняй дыскусіі кіравацца прынцыпам выкарыстання вагаў.

Я разумею, што не з’яўляюся старшынёй палітычнай партыі, у тым сэнсе і разуменні, як гэта павінна быць у цывілізаванай краіне, хутчэй гэта функцыя антыкрызіснага менеджэра. І разам з тым я сцвярджаю, што як ніхто іншы я ведаю ўсе слабыя месцы такога складанага, няпростага механізму пад назовам АГП. Я заяўляю адразу, што ўсю адказнасць за памылкі, недахопы я бяру на сябе.

Не мае сэнсу загружаць вас статыстыкай аб колькасці мерапрыемствау, паездак, сустрэч. АГП безумоўна дэмакратычная арганізацыя. З усіх структур партыі правальнай з’яўляецца толькі праца Нацыянальнага Камітэта, які ў сілу шэрагу аб’ектыўных чыннікаў ператварыўся ў пятае кола. Менавіта з гэтым і звязаны тыя рэформы ў сістэме кіравання, якія прапаноўваецца рэалізаваць.  

На чым жа заснаваны мой аптымізм і вера ў перамены? Так, мы пакуль не пераможцы, але ў жоўтай майцы лідэра нашы ідэі. Але песіміст скажа ідэю не намажаш на хлеб, ёю не заправіш бак аўтамабіля, каб  прыехаць з Крычава  ў  сталіцу.

Я пад уражаннем  удзелу ў святкаванні аднаўлення незалежнасці Літвы. 20 гадоў назад  у людзей быў выбар - паміж кавалкам хлеба, таннымі энэрганосьбітамі сёння  і воляй заўсёды. Я глядзеў  кадры хронікі ў літоўскім  сейме і думаў, а што сёння  адчуваюць тыя, хто галасаваў  супраць незалежнасці Літвы або  падчас галасавання выпадкова выйшаў у прыбіральню. Адказы на многія пытанні  могуць быць дадзеныя толькі з цягам  часу. Я прапаную аналіз не толькі двух гадоў мінулых пасля апошняга з’езду партыі, але і большага часавага адрэзку, які ўжо можна менаваць гісторыяй.

Кідаючы погляд у мінулае, выяўляеш нямала цікавага.

Калі мы гаварылі: наша будучыня - незалежная, суверэнная Беларусь, Лукашэнка цягнуў краіну назад у мінулае. У СССР.  Дзесяткі тысяч прыхільнікаў незалежнасці Беларусі падвергнуліся рэпрэсіям і ганенням. Нас бязлітасна лупілі на сталічных вуліцах, нас выкідвалі з універсітэтаў, выштурхоўвалі за завадскія прахадныя. Гэта факт, захаваны ў кіно і відэа прадукцыі сілавых структур, у міліцэйскіх пратаколах, у судзейскіх  рашэннях.  Архівы разбухлі ад дакументаў, якія сведчаць аб брутальным пераследзе прыхільнікаў незалежнасці Беларусі.

І што ж? Якія вынікі супрацьстаяння двух стратэгій развіцця краіны? Твар сённяшняга Мінску распісаны білбордамі і лозунгамі, скрадзенымі ў апазіцыі, у нас з вамі. Забароненыя да ўжывання словы "незалежнасць" і "суверэнітэт" загучалі ў прамовах на ўсіх афіцыйных урачыстасцях.  Бесстаронняя сацыялогія зафіксавала пераканаўчую перамогу апанентаў цяперашняй улады па пытанні дзяржаўнасці краіны. Колькасць прыхільнікаў суверэннай Беларусі ўпэўнена перасягнула за 90% адзнаку. З   перамогай, дарагія аднапартыйцы! Са святам чарговых угодкаў БНР!

З моманту свайго стварэння АГП дужаецца  за еўрапейскую Беларусь. І  столькі ж часу па ўсёй краіне разлівалася махрыстая антызаходняя, антыеўрапейская прапаганда. Гадамі з Еўропы фармаваўся вобраз ворага. Яшчэ год з невялікім у Мінску былі арганізаваныя паказальны суд над  арганізатарамі Еўрапейскага Марша. Людзей судзілі за акцыю ў падтрымку еўрапейскага выбару. Супрацьборства двух  стратэгіі развіцця Беларусі - еўрапейскія каштоўнасці або нэааўтарытарная ідэалогія лукашызму яшчэ не завершанае. Але тэндэнцыя пазначылася. Лукашызм не вытрымлівае канкурэнцыі. Усё большая колькасць грамадзян Беларусі жадаюць жыць па стандартах Еўропы. І вось ужо Лукашэнка змушаны публічна заявіць "да 2013 году мы будзем жыць як у Еўропе". Не як, у СССР, не як у КНДР, не як на Кубе. Нават у самыя цяжкія часы колькасць перакананых прыхільнікаў еўрарамонту беларускага дому не апускалася ніжэй 35%.  Гэта наш з вамі поспех, калегі дэмакраты! 

Калі АГП настойвала на тым, што нам патрэбна рынкавая Беларусь, улада рабіла стаўку на жорсткую цэнтралізацыю кіравання эканомікай. Прапаганда крычала: апазіцыя прагне прадаць нацыянальны набытак краіны заходнім імперыялістам і жулікам. Частка насельніцтва ціха, але дружна подвывала ўладзе. Час размяняу стагоддзі. І вось ужо ніхто іншы, як Лукашэнка зазывае гэтых самых "заходніх жулікаў" у свой кабінет. Ён гатовы адкрыць для іх сейф з акцыямі беларускіх прадпрыемстваў. Улада прапаноўвае еўрапейцам і амерыканцам пілаваць "фамільнае срэбра", гэта значыць дзяліць уласнасць Беларусі, па-братэрску. Гатовыя нават стварыць агенцтва па "прыхватызацыі".  

Краіна павольна, са скрыгатам паварочваецца ў  бок рынкавых рэформ.  Раманчука, Багданкевіча, Данейку пачынаюць цытаваць прыдворныя эканамісты. Усё гэта адбываецца не сістэмна, супярэчліва, але яно мае месца быць. Гэта азначае, што стратэгія рынкавых рэформ адправіла ў накдаўн эканамічную мадэль беларускага рэжыму.

І ў гэтай  сітуацыі ўзнікае натуральнае,  заканамернае пытанне, а каму  патрэбныя былі ўсе гэтыя эксперыменты? Навошта людзям з еўрапейскім  генетычным кодам уводзіць антыеўрапейскую  вакцыну? Навошта краіне з еўрапейскай  гісторыяй навязваць сярэднеазіяцкія  традыцыі? Навошта да беларускага  дрэва з еўрапейскай каранёвай  сістэмай  прышчапляць аўтарытарызм?

Навошта было кідаць у турму нашага з вамі паплечніка двойчы Героя Васіля Старовойтава? Навошта трэба было арганізоўваць паказальныя турэмныя "пасадкі" нашых з вамі калегаў Міхася Чыгіра, Уладзіміра Кудзінава, Андрэя Клімава, Андрэя Бандарэнкі? Толькі для таго, каб трымаць на кароткім ланцужку службоўцаў і бізнес!

Навошта было татальна фальсіфікаваць вынікі ўсіх выбарчых кампаній? Каб у жніўні 2009-га  ў інтэрв’ю расійскім "Известиям" прызнаць гэта публічна!

Навошта трэба  было па палітычных чынніках выціскаць  з краіны тысячы і тысячы разумных, адукаваных людзей, у тым ліку і  нашых аднапартыйцаў? Каб на З’ездзе беларусаў свету прасіць садзейнічання ў вяртанні нацыянальных каштоўнасцяў!

Навошта трэба  было арганізоўваць кампанію па знішчэнні "вшивых блох", гэта значыць прадпрымальнікаў? Каб у 2009 году прасіць іх дапамагчы разгрузіць затавараныя склады!

Навошта трэба  было ствараць "эскадроны смерці"? Каб па сканчэнні 10 гадоў ціха пазбаўляцца ад паўлічэнак, шэйманаў і падабедаў!

Навошта трэба  было разганяць парламент, у  якім дзве трэці дэпутатаў  ідэалагічна былі блізкія да  прэзідэнта? Каб увосень 2008-га гандлявацца ў кулуарах аб магчымасці пропуску некалькіх апазіцыянераў у Палату Прадстаўнікоў!

Навошта ў канцы мінулага стагоддзя трэба было бульдозерамі выціскаць амбасадараў з рэзідэнцыі "Дразды"? Каб у пачатку 21 стагоддзя прасіць еўракамісара па знешняй палітыцы Беніту Ферэра-Вальднер каб "прыязджала як мага хутчэй у Мінск".

І такіх навошта не дзесяткі, і нават не сотні. Іх тысячы. Каго зрабіў шчаслівым 16-гадовы эксперымент і блуканне ў пошуках адмысловага беларускага шляху? 2-3% набліжаных да ўлады! Ды і то сумнеўна. Добрыя хаты, прэстыжныя аўто, крэдытныя карткі гэта яшчэ не шчасце.

16 мінулых гадоў - час страчаных магчымасцяў для Беларусі. Так, гэтыя гады нельга выкрасліваць з жыцця. Людзі жылі, улюбляліся, нечаму радаваліся, чымсьці натхняліся. Гэта іх жыццё. Але яны былі і застаюцца быць вартымі лепшага.

Як ні складай, а месіі з Лукашэнкі не атрымоўваецца. Пры ўладзе, але не пераможца. Пры ўзнагародах, але не герой. Пры грашах, але без ранейшага крэдыту даверу. Пры персанальным самалёце, але ўжо як збіты лётчык.

Хто сказаў, што прыхільнікі перамен прайгралі?  Хто сказаў, што апазіцыя -   маргінал? Не можа быць маргіналам той,  чые погляды, чыю пазіцыю, не  пазіраючы на рэпрэсіі, пераследы,  палітычныя забойствы падтрымлівае  як мінімум палова насельніцтва краіны. Нельга лічыць  прайграўшым таго, чые ідэі, ідэі незалежнай, еўрапейскай, рынкавай, дэмакратычнай Беларусі апынуліся мацнейшымі за ідэі савецкай, сярэднеазіяцкай, планавай, аўтарытарнай Беларусі.  Нашы маральныя прынцыпы аказаліся больш канкурэнтаздольнымі, чым прыстасаўленчы прагматызм. Улада змушаная, пакуль ускосна, прызнаць, што стратэгія развіцця Беларусі, прапанаваная намі, аказалася больш мацнай і больш эфектыўнай. Здольныя думаць і аналізаваць гэта разумеюць. Заўтра гэта стане ясна пасіўнай большасці, якая 16 гадоў назад аддала свой голас першаму прэзідэнту Беларусі.

Краіна становіцца іншай. І гэта не зваротна.

Некалькі штрыхоў  да двух апошніх гадоу. Галоўнай падзеяй 2008 года была парламенцкая выбарчая кампанія.  Адзіны спіс кандыдатаў у дэпутаты стаў сведчаннем кансалідацыі і магчымасцяў апазіцыі, а з іншага боку крытэрам патэнцыялу апазіцыйных арганізацый. АГП годна прайшла гэты этап. Сярод 110 чальцоў спісу 28 прадстаўлялі нашу партыю, гэта лепшы паказчык. Разам з тым трэба прызнаць, што ўзровень кандыдатаў у дэпутаты і якасць выбарчай кампаніі былі рознымі. Мы можам спрачацца аб колькасці выкрадзеных у нас дэпутацкіх мандатаў, але факт крадзяжа не выклікае сумненняў.

 У 2009 году  дзейнасць АГП у кааперацыі  з Нацыянальным Камітэтам АДС здзяйснялася па наступных кірунках:

1.    Выпрацоўка  пазітыўнай альтэрнатывы для  Беларусі і яе грамадзян.

2.    Падрыхтоўка  кіраўнічых кадраў для новай  Беларусі.

3.    Стварэнне  пляцовак для дыскусіі і выпрацоўкі экспертных прапаноў і рэкамендацый для ўлады, апазіцыі і міжнароднай супольнасці.

Асноўным кірункам працы ў 2009 году сталі распрацоўка, узгадненне і прасоўванне Антыкрызіснай платформы   Антыкрызісная платформа гэта прадукт са штампам «зроблена ў АГП». І на гэты прадукт ёсць попыт у насельніцтва.

Этапы працы:

1. У снежні 2008 года   была створана працоўная  група,  якую ўзначаліў Яраславаў  Раманчук.  Прэзентацыя праграмы  прайшла ў фармаце прэс-канферэнцыі  ў студзені 2009 года.

2. Наступным  крокам стала правядзенне некалькіх  круглых сталоў з удзелам практычна  ўсіх экспертаў у эканамічнай  сферы, на якіх праводзіліся  дыскусіі па эканамічнай сітуацыі  і тэксту Антыкрызіснай праграмы.

3. Трэці этап -  узгадненне выпрацаванага тэксту  праграмы на палітычным узроўні. (АГП, БНФ, ПКБ, БСДП (Грамада), рух "За волю", аргкамітэты партый працы і "Надзеи", "За вольнае развіццё прадпрымальніцтва" і іншыя арганізацыі)

4.  21 сакавіка 2009 года па нашай ініцыятыве адбыўся Антыкрызісны форум з удзелам прадстаўнікоў   рэгіянальных кааліцый, экспертнай супольнасці, СМІ, для абмеркавання антыкрызіснай праграмы, а таксама плану па прасоўванні і папулярызацыі праграмы сярод насельніцтва краіны. Агульная колькасць удзельнікаў форума склала  140 чалавек.

5. У красавіку  2009 года  Станіславаў Багданкевіч  зрабіў прэзентацыю Антыкрызіснай  платформы на пасяджэнні Грамадскай  кансультацыйнай рады пры адміністрацыі  Лукашэнка. Праграма была накіравана  ва ўрад Беларусі. Асобныя яе палажэнні былі скарыстаныя  ўрадам, аб чым сведчыць занатоўка  кіраўніка ГКС Уладзіміра Макея.

6. З сакавіка 2009 года праводзіцца інфармацыйная  кампанія па папулярызацыі АП сярод насельніцтва Беларусі. Мэта - данесці ўтрыманне праграмы да як мага большай колькасці прыхільнікаў перамен у Беларусі. Па дадзеных "Новак", за перыяд працы з сакавіка па ліпень пазнавальнасць Антыкрызіснай платформы дасягнула 10%.

Важным складнікам стала праца па падрыхтоўцы людзей, здольных эфектыўна папулярызаваць антыкрызісную платформу.

На працягу года было арганізавана і праведзена 15 семінараў па падрыхтоўцы антыкрызісных агітатараў, удзельнікамі якіх сталі большза  300 чалавек з Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Асноўная нагрузка лягла на плечы Марголіна, Раманчука, Багданкевіча, Саснова - 
Інфармацыйнае суправаджэнне працы.

У гэты  перыяд мы праводзілі сістэмную  мэтанакіраваную працу з незалежнай  прэсай з мэтай папулярызацыі  антыкрызісных прапаноў АДС.

Формы працы  з афіцыйна зарэгістраванымі газетамі:

1.    Праведзена  тры круглыя сталы - дыскусіі сумесна з рэдакцыямі газет "Народная воля", " Свободные новости" і "Беларусы і рынак" - больш 56 тысяч экз.

2.    Арганізаваны тэлефонныя лініі распрацоўнікаў Антыкрызіснай Платформы з чытачамі газет "Народная воля", "Барысаўскія навіны", Intex-press - каля 50 тысяч экз.

3.    Падрыхтаваны  і размешчаны ў газетах "Новы час", "Свободные новости", "Брэсцкі кур’ер", "адмыслова падрыхтаваныя артыкулы па асобных становішчах Антыкрызіснай Платформы - каля 145 тыс. экз.

4.    Тэкст  антыкрызіснай Платформы быў  размешчаны ў газетах "Барысаўскія  навіны", "Народная воля",  Intex-press - тыраж каля 50 тысяч экз

Дадатковы тыраж вышэйадзначаных выданняў распаўсюджваўся на прахадных прадпрыемстваў, рынках і па паштовых скрынях.

Агульны тыраж  афіцыйна зарэгістраваных СМІ з  антыкрызіснымі прапановамі АДС склаў больш за 300 тысяч экз. Намі назапашаны досвед  ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва з незалежнай прэсай. Мы выйшлі да спажыўцоў са статысячнымі тыражамі ў сітуацыі малатыражнасці грамадска-палітычнай прэсы. 

У мінулыя  два гады  намі ў кааперацыі з экспертнай супольнасцю былі таксама падрыхтаваныя праекты законаў "Аб развіцці малога і сярэдняга бізнэсу", "Аб сацыяльных дзяржаўных гарантыях для грамадзян", "Платформа развіцця нацыянальнага бізнесу"

Кампанія  «Свабодныя выбары»

Яшчэ адным  праектам, ініцыятарам якога стала  наша партыя, была кампанія "Вольныя  выбары" .  Этапы працы:

1. Стварэнне  працоўнай групы на чале з Сяргеем Альферам па падрыхтоўцы праекту закона "Аб унясенні змен і дадаткаў у  Выбарчы Кодэкс" Па выніках працы быў сфармаваны пакет дакументаў, уключальны праект змен і дадаткаў, тлумачальная занатоўка і параўнальная табліца.

2      Правядзенне ў студзені 2009 года  круглага стала па падрыхтаваным  праекце закона.

3      Узгадненне змен у выбарчае  заканадаўства на палітычным  узроўні (узгодненае з ўсімі  палітычнымі партыямі і рухамі).

4      Правядзенне трох раундаў кансультацый  і перамоў з БДІПЧ АБСЕ, якая ў сваіх рэкамендацыях, перададзеных беларускім уладам, выкарыстала нашы напрацоўкі.

5       Падрыхтоўка артыкулаў і інтэрв’ю  па праблеме змены заканадаўства  і размяшчэнне ў газетах "Беларусы і рынак", "Свободные новости", "Вольныя навіны", "Брэсцкі кур’ер", "Новы час".

Пляцоўкі  для дыскусіі і  выпрацоўкі рэкамендацый для грамадзянскага грамадства і ўлады:

28 жніўня 2009 года  была праведзеная канферэнцыя  па праблеме беларуска-расійскіх  адносін.

10 кастрычніка  2009 года адбылася канферэнцыя,  прысвечаная праблемам рэалізацыі  ініцыятывы "Усходняе партнёрства" 
Міжнародная палітыка.

Некалькі штрыхоу да міжнароднага складніка. Пасля таго як ЕС зрабіў стаўку на так званую "новую стратэгію", апазіцыя страціла манаполію на прастору што завецца Еўрапейскі Саюз. Гэта рэальнасць. Мы павінны быць канкурэнтаздольнымі ва ўмовах канкурэнцыі. Гэта патрабуе іншых падыходаў.

Наша пазіцыя,  і ў чым нашы разыходжанні з некаторымі калегамі па дэмакратычным цэху?

1.    АГП  за міжнародную палітыку, якая  базуецца на нацыянальных інтарэсах  Як следства, гэта азначае крытычны дыялог з партнёрамі за межамі Беларусі. Частка апазіцыі прапануе "ўліцца" ў палітыку  Брусэля і аддаць яму ўсю ініцыятыву. Гэта прыклад слабой палітыкі.

2.    Перамоўны працэс на трохбаковай аснове ўлада-апазіцыя-ЕС.

3.    Інвестыцыі ў дэмакратыю, а не ў кансервацыю сітуацыі.

4.    Баланс  каштоўнасцяў і інтарэсаў. Суверэнітэт+дэмакратыя=будучыня Беларусі.

5.    Формула " крэдыты ў абмен на вольныя  выбары".

Новая стратэгія  ЕС мае правільныя мэты і задачы, але яна патрабуе істотнай карэктыроўкі. Наступствы яе рэалізацыі:

1.    Узмацненне  пазіцый улады, якая атрымала  істотную фінансавую падтрымку  і пазбегла дэфолту.

2.    Адчувальнае  скарачэнне падтрымкі праграм  рэпрэсаваных, арыентацыя на сацыяльна-траваядныя праекты. Карозія і разбурэнне інфраструктуры палітычных партый, няўрадавых арганізацый.

3.    Выштурхоўванне апазіцыі і грамадзянскай супольнасці з палітычнага працэсу.

4.    Адсутнасць  каардынацыі паміж міжнароднымі  арганізацыямі, паміж Брусэлем  і Вашынгтонам па беларускім  пытанні.

Што рабіць?

Быць паслядоўнымі і прынцыповымі. Дамагацца рэалізацыі дарожнай мапы для Беларусі.

 Выкарыстаць  старшынства Польшчы ў Еўрапейскім  Саюзе і Літвы ў АБСЕ ў  2011 годзе. Мы павінны прапанаваць  ідэі, амбіцыйны план дзеянняў. Спецканферэнцыя па Беларусі, спецпрадстаўнік па Беларусі. Умацаванне двухбаковых гарызантальных адносін. 

Мадэрнізацыя  АГП.

Мадэрнізацыя  пачынаецца з нас. Калі мы не здольныя мадэрнізаваць сябе, значыць, мы не ў стане змяніць прастору вакол  нас. Калі мы не ў стане ўплываць на навакольнае асяродзе, значыць мы  не ажыццявім перамены ў краіне.

1. Мадэрнізацыя гэта як мінімум адна траціна жанчын у кіруючых органах партыі, і не па  квоце, а па рэальным  патэнцыяле і магчымасцях. Гэта тая дыстанцыя, якую мы павінны здужаць за два года. І пачынаць трэба сёння. Ёсць прапанова сфармаваць камісіі Нацыянальнага Камітэта і  пяць з іх  узначаляць жанчыны. 

2. Мадэрнізацыя гэта павелічэнне прыхільнікаў партыі. У разы, а яшчэ лепш у дзесяткі разоў. Сяброўства ў партыі можа быць і фармальным, і карысным. Прыхільнік партыі гэта чалавек перакананы ў тым, што мы лепшыя, што мы здольныя. Сяброуства ў партыі некаторых палохае, для іншых гэтае змушанае табу. Прыхільнік АГП можа быць і ў міліцэйскім кіцелі, і ў крэсле выканкамаўскай вертыкалі, галоўны доктар лякарні, рэктар універсітэта і кіраўнік фірмы. Прыхільнікі партыі гэта 16-17 - гадовыя маладыя людзі, якія па дзеючым заканадаўстве не могуць быць чальцамі партыі, але валодаюць значным патэнцыялам  грамадскай актыўнасці.

3. Мадэрнізацыя гэта датычнасць чальцоў партыі да дзейнасці, гэта адчуванне імі запатрабаванасці.  Сотні актывістаў партыі далучаных да нашай сумеснай дзейнасці праз працу і дзейнасць камісіі. Як гэта зрабіць? Я не ведаю. Дакладней я ведаю, што можна і трэба паспрабаваць распачаць. Калі б мы здолелі 5% патэнцыялу кожнага ператварыць у дзейнасць партыі, гэта ўжо была б іншая партыя. Пытанне як гэта зрабіць ва ўмовах вострага дэфіцыту рэсурсу. Не варта чакаць, што ў партыі з’явіцца дзяржаўнае фінансаванне або вялікія фундатарскія ўліванні.

4. На нацыянальным узроўні АГП у стане разам з нашымі прыхільнікамі сфармаваць урад. Мадэрнізацыя гэтае фармаванне на ўзроўні абласцей,  каманд, здольных забяспечыць эфектыўнае кіраванне. І ці ў стане сёння мы гэта зрабіць? Не. Значыць патрэбна іншая рэгіянальная палітыка па адборы і падрыхтоўцы людзей аўтарытэтных. Праз два гады мы павінны сказаць, напрыклад, у Гомелі АГП з прыхільнікамі здольная сфармаваць рэгіянальны абласны ўрад.

Стала дзеючая  партшкола грамадзянскай адукацыі.

5. Ліквідацыя інтэрнэт-непісьменнасці. Кіалі кіраўнік абласной арганізацыі, чалец Нацыянальнага камітэта не валодае сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, то ён дрэнны менеджэр. Мы стаім перад неабходнасцю распрацоўкі і рэалізацыі комплекснай праграмы перабудовы працы партыі.

 Мы маем  нядрэнны сайт, які ў найбліжэйшы час будзе істотна палепшаны. Але гэтага нядастаткова, таму паўстае задача арганізацыі выдання бюлетэня "Грамадзянскі форум" спачатку ў электронным варыянце, а затым і ў друкаваным для тых, хто не мае доступа да Інтэрнэта

6. Рэформа структур  кіравання.

7.  Каардынацыя  экспертнай працы праз Экспертную  раду пры партыі. Я бачу  сэнс у стварэнні  фонда, які носіць імя альбо Генадзя Карпенкі альбо Віктара Ганчара. Гэта арганізацыя не структура, не падрадзяленне АГП, гэта  наш ідэалагічны сваяк, у якога такая ж група палітычнай крыві.
 
Так,  мы жывем  у вельмі цікавы час. Беларусь гэта імперыя хлусні, крывадушнасці,  і страху. АГП гэта салдат, які вось ужо 16 гадоў на перадавой. Чалавечы арганізм точаць час, расчараванні. Але нас саграе вера ў тое, што мы робім. Я удзячны вам, усім і кожнаму. У вас ёсць, была і будзе магчымасць пакінуць гэтыя "акопы". Але пакуль вы гэтага не зрабілі, у грамадзян застаецца шанс жыць у заможнай і вольнай Беларусі.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме