21:01 03.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Справа беларуса ў польскім судзеБеларускія ўлады патрабуюць ад Польшчы выдачы апазіцыянера
Грамадзянін Беларусі Зьміцер Cурба знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і чакае наступнага судовага паседжаньня, якое мусіць адбыцца ўлетку.
У чэрвені 2008 года польскімі спэцслужбамі ў цэнтры Варшавы быў затрыманы Зьміцер Сурба, актывіст гарадзенскай структуры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У заяўцы на экстрадыцыю беларускія ўлады абвінавачваюць Зьмітра ў крадзяжы сотавага тэлефону, 53 тыс. беларускіх рублёў і 140 амэрыканскіх даляраў. А зьехаў туды беларускі грамадзянін з той прычыны, што ў Беларусі на яго завялі крымінальную справу па яўна палітычных матывах.
Паводле інфармацыі радыё “Беласток”, у Польшчу нават прыяжджалі супрацоўнікі КДБ, каб папярэдзіць польскі бок пра тое, што ў краіне знаходзіцца небясьпечны добра ўзброены злачынца. Аднак пры затрыманьні і вобшуку памяшканьня, дзе часова спыніўся Зьміцер, нічога забароненага не знайшлі.
"Гэта безумоўна наш чалавек. Зьміцер актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці Гародні і вобласці, прадстаўляючы ўласныя памяшканьні для друкаваньня апазіцыйнай прадукцыі, дапамагаў у арганізацыі незалежных мерапрыемстваў, якія ладзіліся гарадзенскім аддзяленьнем АГП", — падкрэсьліў актывіст АГП Аляксандар Пагуляеў з Гародні.
У ліпені 2008 года Варшаўскі апэляцыйны суд вярнуў яго справу на паўторны разгляд у суд ніжэйшай інстанцыі. Сваё рашэньне судзьдзя абгрунтаваў недастатковасьцю доказаў зьдзяйсьненьня Зьміцерам Сурбам злачынстваў на тэрыторыі Беларусі.
"Мы заўжды разглядаем сітуацыю аб’ектыўна. Калі нашыя сябры патрабуюць дапамогі, мы правяраем інфармацыю праз рэгіянальныя структуры і дапамагаем. Калі спадар Сурба зьяўляецца гарадзенскім актывістам, яго інтарэсы будзе прадстаўляць гарадзенскі старшыня", — адзначыў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
"У Беларусі зараз няма ніякай лібералізацыі, існуюць палітвязьні. Мікалай Аўтуховіч памірае ў беларускай турме. Справа Зьміцера Сурбы ідзе ў адным шэрагу са справай Аўтуховіча. Зьміцер Сурба —сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Наша партыя ніколі не пакідае сваіх сяброў, і мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы Зьміцеру", – кажа старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юрый Істомін.
Акрамя Зьміцера, беларускія ўлады патрабуюць выдачы яшчэ некалькіх актывістаў апазіцыі. Сярод іх Тацьцяна Цішкевіч, студэнтка Вроцлаўскага ўніверсытэта, фігурантка “справы 14-ці”, абвешчаная ў вышук за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі. Дзяўчына зараз вучыцца па праграме Кастуся Каліноўскага ў Акадэміі фізычнага выхаваньня на катэдры „конны спорт” — менавіта па гэткай спецыяльнасьці Тацьцяне не далі давучыцца на Беларусі.
"Самае жахлівае тое, што я не магу бачыцца са сваімі роднымі, сябрамі. Атрымала 2 гады "хіміі" за сваю палітычную пазіцыю, якую публічна выказвала. Адукацыі на Беларусі не далі атрымаць, буду вучыцца тут. Веру, што сітуацыя зьменіцца ", — пракамэнтавала Тацьцяна Цішкевіч.
Сёння Тацьцяна знаходзіцца пад аховай Рэспублікі Польшча і не зьбіраецца ехаць на Беларусь, пакуль там не скончыцца перасьлед актывістаў апазіцыі.
Ці верне польскі суд Зьміцера Сурбу дамоў, пакуль невядома, — але вядома тое, што Беларусь неаднаразова зьвярталася да Польшчы з просьбай аб экстрадыі беларускіх грамадзянаў, якія абвінавачваліся ў крымінальных злачынствах, аднак потым высьвятлялася, што гэтыя людзі перасьледуюцца ў Беларусі па палітычных матывах.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме