23:00 24.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Слонімскія КулібіныЁн ездзіць на машыне-амфібіі, катаецца на аэрасанях і марыць пра свой самалёт
Былы вайсковец, а цяпер пенсіянер з горада Слоніма Гродзенскай вобласці Іван Духоўнік разам са сваім сынам Жанам праславіліся далёка за межамі раёна. Сын і бацька вядомыя як аматары змайстраваць што-небудзь сваімі рукамі. Іх вынаходствы дзівяць сваёй арыгінальнасцю.
КУРАТНІК АСВЯТЛЯЕЦЦА ПРЫ ДАПАМОЗЕ ВЕТРАКА
“Некалькі гадоў таму мы з сынам зрабілі драўляны вятрак, паставілі яго ў двары хаты. Такога ўжо сапраўды ні ў каго няма не толькі ў Слоніме, але і ў Гродзенскай вобласці, — распавядае Іван Духоўнік. — Электраэнергія, якую ён выпрацоўвае, ідзе на асвятленне куратніка, дзе птушкі нясуцца круглы год”.
Распрацоўка ветрака, па словах Івана Уладзіміравіча, не заняла шмат часу, як, між іншым, і працэс яго вырабу.
“Канструкцыя даволі простая, затое якую карысць прыносіць!” — кажа Іван Духоўнік.
Па словах слонімскага вынаходніка, вятрак патрабуе дапрацоўкі. “Трэба яшчэ рэдуктар ставіць, каб праца ветрака не залежала ад прыродных умоў. А на сённяшні дзень ён выпрацоўвае 12 вольт, і гэтага хапае. Хоць можна было б зрабіць і большай магутнасці. Яшчэ адна перавага ветрака — ён кратоў адганяе. Праз трубу ў зямлю ідзе вібрацыя, якую гэтыя звяркі не пераносяць. Таму мой агарод краты не капаюць”, — расказвае Іван Уладзіміравіч.
Ва ўмовах энергетычнага крызісу распрацоўку слонімца маглі б выкарыстаць і прыватныя гаспадаркі, і птушкафабрыкі. Іван Уладзіміравіч і гатовы распавесці пра сваю вынаходку, але, па словах вынаходніка, ніхто не цікавіцца яго распрацоўкамі.
“Ды я для сябе раблю, для сям’і. І пакуль што ў мяне няма часу займацца вынаходніцтвам больш сур’ёзна, выходзіць на новы ўзровень”, — гаворыць Іван Духоўнік.
А ЧАМУ Б АЭРАСАНІ НЕ ЗРАБІЦЬ?
Трохі пазней Іван і Жан Духоўнікі задумалі змайстраваць аэрасані.
“Проста падумалі, што нядрэнна было б на аэрасанях узімку катацца. Забава ўнукам, ды і мне таксама, — кажа Іван Духоўнік. — Працаваць над самаробнымі аэрасанямі мы з сынам Жанам і сябрамі пачалі яшчэ ў красавіку 2007 года. Праз тры месяцы сабралі іх цалкам. Рухавік паставілі ад матацыкла “Урал”, прапелер зрабілі з дрэва. Унукі катаюцца ўзімку па замёрзлым возеры. Іх радасці няма мяжы!"
У планах Івана Духоўніка — змайстраваць двухмесныя аэрасані. “А ўжо потым можна і самалёт зрабіць!” — распавёў мясцовы вынаходнік.
Іван Уладзіміравіч пабываў усюды: і на зямлі, і на вадзе, і пад вадой. Вось толькі пакуль у неба не падымаўся. Але гэта справа часу. Такому вынаходліваму чалавеку, як Іван Духоўнік, няцяжка будзе зрабіць і свой самалёт.
Самаробныя аэрасані не першы цуд тэхнікі, які ёсць у распараджэнні сям’і Духоўнікаў. Некалькі гадоў таму Івану Уладзіміравічу ўдалося набыць у асабістае карыстанне унікальную ваенную “амфібію”. Незвычайная машына можа не толькі праехаць па любой, нават цяжкапраходнай дарозе, але і папросту плавае па вадаёме.
ДАХ ХАТЫ — З ГІЛЬЗ
Наогул, Слонімскі раён славіцца сваімі майстрамі на ўсе рукі. Пасля вайны жыхар вёскі Хадзявічы Рыгор Важэйка пачаў будаваць сабе новую хату. Збудаваў яе хутка, а дах вырашыў накрыць гільзамі ад снарадаў. Гэтых гільз на той час у мясцовым лесе валялася шмат. Вясковец запрагаў каня і ехаў у лес. Там ён знаходзіў гільзы, збіраў іх і прывозіў дадому. Потым браў зубіла і штодня высякаў роўненькія кавалачкі металу. А пасля гэтым металам накрыў дах сваёй хаты, веранду і хлеў.
Дарэчы, Рыгор Важэйка меў, як кажуць, залатыя рукі. Ён сам зрабіў плуг, барану, сошку, хатнюю мэблю і г.д.
Даўно ўжо памёр Рыгор Важэйка, а ў яго хаце цяпер месціцца вясковы фельчарска-акушэрскі пункт. Але дах хаты пад снарадамі — як новы. “Тысячу гадоў праляжыць”, — кажуць вяскоўцы.
На сённяшні дзень, паводле слоў дырэктара мясцовай станцыі юных тэхнікаў Канстанціна Рэмеза, у Слоніме не так і шмат людзей, якія займаюцца рацыяналізатарскімі распрацоўкамі.
“З кожным годам колькасць такіх майстроў памяншаецца. Людзі ў бізнес кінуліся, прагматызм квітнее. А такіх, якія робяць штосьці для душы, увасабляюць свае творчыя задумы, практычна не засталося. Іх можна на пальцах пералічыць”, — распавёў Канстанцін Антонавіч.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме