12:47 13.04.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сёньня – Радаўніца
Ад раніцы людзі ідуць сёньня на магілы сваіх продкаў, родных, сяброў.
Кветкі, ручнікі і вяночкі прынясуць грамадзкія актывісты да магілаў знаных суайчыньнікаў, што адышлі ў вечнасьць апошнім часам, – пісьменьніка Кастуся Тарасава, актора Анатоля Жука, журналіста Альгерда Невяроўскага, перакладчыка і лінгвіста Ўладзімера Шатона, палітоляга Аляксандра Патупы. І да вечара ня згаснуць зьнічы памяці на магілах, што ўжо сталі сьвятымі для ўсіх беларусаў – Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Янкі Брыля. Запаляцца сьвечкі на безыменных магілах у Курапатах і іншых месцах масавых пахаваньняў ахвяраў рэпрэсій.
Пра тое, як узьнікла традыцыя адзначаць Радаўніцу, расказвае дасьледнік народнай культуры Янка Крук.
Карэспандэнтка: "Калі ўзьнікла ў Беларусі традыцыя памінаць мёртвых у аўторак пасьля правадной нядзелі?"
Янка Крук: "Дакладна на гэтае пытаньне вам ніхто не адкажа. Тое, што мы цяпер называем Радаўніца, адзначаецца на дзявяты дзень пасьля Вялікадня. Таму хутчэй за ўсё пасьля таго, як на нашых землях зьявіўся Вялікдзень, то і традыцыя гэтая ўзьнікла памінаць менавіта на дзявяты дзень. Тое, што зьвязана з ушанаваньнем памяці памерлых, падпарадкоўваецца ўнівэрсальнаму рытму народнай культуры. Мы называем яго так: 0-3-9-40. Таму менавіта тры дні сьвяткаваўся Вялікдзень, а на дзявяты дзень паміналіся продкі".
Карэспандэнтка: "Які рытуал памінаньня існаваў у старажытнасьці?"
Крук: "Фактычна ў нас да сёньняшняга часу захаваўся амаль нязьменным гэты рытуал яшчэ з дахрысьціянскіх часоў, можа быць за выключэньнем таго, што зьявілася чырвонае велікоднае яйка. А ўсё астатняе – як заўжды. Прыйсьці на магілы сваіх продкаў да распачынаньня цыклю земляробчых работ, навесьці парадак, прыбраць магілкі, павесіць на крыжы знакі, якія адпавядалі таму, хто пад імі пахаваны: дзе дзяўчына – белы вяночак, дзе жанчына – фартушок, дзе мужчына – белы ручнік. Вось і ўсё".
Карэспандэнтка: "А як вы як спэцыяліст па народнай культуры ставіцеся да завядзёнкі апошняга часу пасьля навядзеньня парадку там жа на магіле спраўляць трызну, якая часам перарастае ў вясёлую п’янку?"
Крук: "Заўсёды было так у розных куточках Беларусі. Прыходзілі, прыбіралі і непасрэдна проста на магіле, бо яна найвышэйшая частка, фактычна як у хаце стол, расьсьцілалі абрус, укленчвалі і клалі хто тры, хто сем рытуальных страваў. Гэта было печыва, яйка, хлеб, чарачка гарэлкі. У абавязковым парадку чарка гэтая была. Толькі як яе спажывалі? Сьмерць апошняга з радні разрывала радавое кола, і тады яго трэба было назад зьнітаваць. Вакол магілы зьбіралася ўся радзіна, бралі чарку, налівалі, аддавалі старэйшаму. Старэйшы па прынцыпе перш, чым сабе, памерламу, некалькі кропель адліваў на магілку, сярэднюю частачку выпіваў сам, а на дне пакідаў рэшту-сьлязу. Потым гэта чарка далівалася і перадавалася наступнаму па ўзросьце. І так чарка ішла, пачынаючы ад самага старэйшага і да самага маладзейшага, каму можна было выпіць гэтыя трыццаць грамаў. Трыццаць – ня боль і ня менш. Такім чынам людзі гадзіну-другую ціхенька стаялі на каленях вакол магілкі апошняга пахаванага чалавека з радзіны, успаміналі добрымі словамі тых, хто некалі жыў на гэтай зямлі. Чарка рухалася па коле і сымбалічна паядноўвала, зьнітоўвала радзіну. Вось у чым быў сакральны сэнс гэтай чаркі і трызны".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме