13:15 06.05.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сёння Мікалаю Аўтуховічу і Уладзіміру Асіпенку будзе вынесены прысуд
Сёння Вярхоўны суд Беларусі павінен вынесці прысуд па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі. Вынясенне прысуду запланавана на 14.30.
Акрамя Аўтуховіча і Асіпенкі абвінавачанымі па гэтай крымінальнай справе праходзяць былы работнік фірмы Аўтуховіча Аляксандр Ларын і падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў.
Аўтуховіча, Асіпенку і Ларына абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіча і Асіпенку таксама абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома экс-начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе. Казлоў, былы кіраўнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэракта, але не спрабаваў яго прадухіліць.
16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, Асіпенку і Ларына — да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Казлова ён запытаў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.
Юрыст Алег Волчак, які прадстаўляе на працэсе інтарэсы сям’і Аўтуховіча, мяркуе, што суд можа зняць некаторыя эпізоды, па якіх абвінавачваюцца прадпрымальнікі. "У прыватнасці, — прагназуе ён, — могуць быць зняты абвінавачанні ў захоўванні і перавозцы боепрыпасаў, абвінавачанне ў падпалах. Але асноўнае абвінавачанне — у падрыхтоўцы тэракта — застанецца".
Волчак мяркуе, што пазіцыя пракурора ўзгоднена з вышэйшымі інстанцыямі. "Падчас працэсу было бачна, што пракурор сумняваўся ў тым, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракт. Хутчэй за ўсё, пазіцыя суда будзе такой жа ўзгодненай", — лічыць юрыст.
Пры гэтым ён "усё-такі спадзяецца, што суд прыме ўзважанае рашэнне". "У Крымінальным кодэксе ёсць артыкул за заведама неправасудны прыгавор, а з судовага следства можна зрабіць толькі адну выснову: усіх, магчыма за выключэннем Ларына, трэба адпускаць", — заявіў Волчак.
Юрыст адзначыў, што запытанае пракурорам пакаранне ў дачыненні да Аўтуховіча выклікала ў шэрагах воінаў — ветэранаў вайны ў Афганістане "шок і абурэнне": "Многія расцэньваюць гэта як плявок у бок усіх "афганцаў" (Аўтуховіч — ветэран вайны ў Афганістане. — БелаПАН.). І зараз, напярэдадні выбараў, я не бяруся прадказаць, як будуць паводзіць сябе "афганцы", раней спакойныя падчас выбараў".
Праваабаронцы лічаць гэтую крымінальную справу "замоўленай і палітычнай матываванай". Лідэр арганізацыі "Праваабарончы альянс" (Літва) Людміла Гразнова на прэс-канферэнцыі 29 красавіка нагадала, што ўсе непрыемнасці ў ваўкавыскіх прадпрымальнікаў пачаліся пасля таго, як Аўтуховіч напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку аб канкрэтных фактах карупцыі ў Гродзенскай вобласці.
Гразнова нагадала, што пасля першага суда над Аўтуховічам у 2006 годзе міжнародная супольнасць прызнала яго вязнем сумлення. "Аднак Аўтуховіч нават пасля выхаду з турмы не спыніў сваю дзейнасць па расследаванні карупцыі. Таму яму "зляпілі" яшчэ адну крымінальную справу", — заявіла праваабаронца.
Яна перакананая, што гэтую крымінальную справу трэба таксама расцэньваць як "папярэджанне прадпрымальнікам — каб яны сядзелі ціха, апасаючыся за лёс свайго бізнесу, і не лезлі ў палітыку".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме