12:16 09.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сёння ў Кішынёве пройдзе саміт СНД
Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД пройдзе сёння ў Кішынёве. У яго працы возьме ўдзел прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Паводле інфармацыі Выканкама СНД, на парадку дня саміта — каля 20 праектаў дакументаў. Кіраўнікі дзяржаў, у прыватнасці, абмяркуюць пытанні пераадолення наступстваў сусветнага фінансавага крызісу, паглыблення інтэграцыйных працэсаў у гуманітарнай сферы і ў галіне арганізацыі бяспекі.
У ліку найбольш важных тэм абмеркавання — праект Рашэння аб сумесных мерах па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, унесены па ініцыятыве Беларусі.
Дакумент рэкамендуе ўрадам устрымацца ад увядзення новых пратэкцыянісцкіх мер для ўласных таваравытворцаў, якія прывядуць да далейшага абмежавання доступу на іх унутраныя рынкі тавараў з іншых краін СНД. Праект таксама змяшчае даручэнне Савету кіраўнікоў урадаў на чарговым пасяджэнні разгледзець пытанне аб эфектыўнасці прынятых мер па пераадоленні наступстваў крызісу.
У сферы міжнароднай бяспекі ўдзельнікі саміта плануюць разгледзець праект Рашэння аб мерах па ўмацаванні пагранічнай бяспекі ў рамках рэалізацыі Канцэпцыі ўзгодненай пагранічнай палітыкі дзяржаў СНД, праект Пагаднення аб утварэнні Савета кіраўнікоў органаў дзяржаў — удзельніц СНД па кантролі за абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, а таксама барацьбе з іх незаконным абаротам, паведамляе Выканкам СНД.
Палітолагі адзначаюць, што цяперашні саміт праходзіць у няпростых умовах.
Напрыклад, кіраўнік праграм Расіі і СНД Германскага савета па знешняй палітыцы Аляксандр Рар звяртае ўвагу на тое, што ў Кішынёў не прыедуць кіраўнікі Туркменістана, Таджыкістана, Казахстана і Узбекістана.
"Калі на саміт СНД не прыязджаюць члены АДКБ — самыя дзеяздольныя партнёры Расіі, то можна гаварыць аб пахаванні Садружнасці", — цытуе палітолага расійскі " КоммерсантЪ". "Казахаў пакрыўдзіла, калі Расія ў аднабаковым парадку заявіла, што хоча ўвайсці ў СГА разам з Беларуссю і Казахстанам. Таджыкістан чакаў ад Расіі большай дапамогі і цяпер шукае яе на іншых паралелях. Туркменістан не даруе Маскве, што тая падвяла Ашхабад пры куплі туркменскага газу. Узбекскі прэзідэнт Карымаў тым часам дачакаўся, калі яму даруюць падзеі ў Андыжане, і пачаткаў разварот у бок Захаду. Прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў прыедзе ў Кішынёў, але толькі таму, што 9 кастрычніка ў яго запланавана двухбаковая сустрэча з Дзмітрыем Мядзведзевым. Адначасова Масква падсапсавала адносіны з Мінскам. Беларусі адмовілі ў расійскім крэдыце", — піша "КоммерсантЪ".
"Независимая газета" нагадвае, што "ў свой час СНД задумвалася як форма разводу". "Усе гэтыя гады Садружнасць трымалася на ўзаемазвязанай эканоміцы, і гэтыя сувязі можна было б выкарыстаць для стварэння эфектыўных рэгіянальных структур, але ўсе спробы былі безвыніковымі. Адзіная эканамічная прастора аказалася мыльнай бурбалкай, арганізацыя ЕўрАзЭС таксама засталася толькі на словах. Не выключана, што чарговай казкай для народаў стане Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана", — лічыць "НГ".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме