15:45 03.05.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Сяргей Панамароў З кнігі "Будзіцелі"

ДАВЕДКА: Сяргей Панамароў прыехаў у Беларусь у 1989 годзе. Сябра Сойма БНФ і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Выдае бюлетэнь «Бойкі Клецк».

— Наколькі я ведаю, вы з Сібіры?

— Так. Туды як кулака выслалі майго дзеда. Ён быў крымскім татарынам. Тыва. Перадгор’е Саян. Вёска Байдак.

Перад маім нараджэннем дзед сябе падарваў. Не змог вынесці такое жыццё. У Сібір іх выслалі амаль голых. Поўдзень Краснаярскага краю. Скалы і чужы народ.

Потым мы прыехалі ў Абакан, там я і вырас. У 17 гадоў пачаў разумець: адбываецца нешта не тое. І, па сутнасці, пачаў «ваяваць» з савецкай уладай, чым займаюся па сённяшні дзень.

Адмовіўся ісці ў армію, за што тры гады правёў на «зоне». Потым паўтара года пражыў у Казахстане і пераехаў у Тальяці, дзе пачыналі будаваць «Аўтаваз». Працаваў там у прэс-цэнтры. Мабыць, па гэтай прычыне сёння і выдаю інфармацыйны бюлетэнь. Не журналістам, а мастаком.
 

Ажаніўся, нарадзіўся сын Косця. Потым зноў вярнуўся ў Абакан. Праз шэсць гадоў з жонкай мы разышліся. Працаваў у Мастацкім фондзе РСФСР, аднак у мяне не было спецыяльнай адукацыі. Амаль сілай прымусілі паступіць у Краснаярск у вышэйшае мастацкае вучылішча імя Сурыкава.

З 1975 года знаходжуся на прыцэле ў КДБ. Час ад часу мяне выклікалі і прасілі зрабіць справаздачу аб сваім жыцці, таму што за мастакамі заўсёды сачылі ўважліва. Тым больш што я займаўся нелегальным бізнесам: вырабляў іконы і прадаваў іх іншаземцам. Бывала, іду па вуліцы, падыходзяць два чалавекі і на «ломанай» рускай мове пытаюцца, як прайсці на нейкую вуліцу, а праз пяць крокаў мяне запіхваюць у машыну і дзве гадзіны задаюць пытанні. Так адбывалася пастаянна. Надакучыла, і я зноў вярнуўся ў Тальяці. Праз два месяцы знайшлі, і пачаўся больш жорсткі прэсінг. Хаця КДБ добра ведала, што іконы ў нашай дзяржаве тады не былі ў цане.

Калі пачаўся распад СССР, з’явілася надзея на стварэнне прыватнага бізнесу.

Я зноў усё кінуў і ў 1989 годзе пераехаў у Беларусь.

— Чаму выбар аказаўся менавіта такім?

— Я проста паехаў туды, дзе было цяплей, а Беларусь выбраў таму, што побач з намі жылі перасяленцы адтуль. Гэта была вялікая і дружная сям’я, добрыя і працавітыя людзі.
 

Усё было вырашана менавіта пад іх уплывам.

— Канешне, калі параўноўваць з Сібір’ю, у нас цёпла. Але тут не Крым...

— Справа не толькі ў градусах. Па-першае, тут растуць даволі смачныя яблыкі. А галоўнае — вялікія. У Сібіры такіх не было. Там толькі дзічкі, якія мы называлі «мордаварот». Па-другое, мне проста хацелася змяніць месца жыхарства і быць далей ад усяго старога, савецкага, і Беларусь мне падавалася менавіта такой цудоўнай краінай, дзе людзі гавораць на пявучай мове, дзе рассыпаны па палях акуратныя хаткі і кветнікі, дзе ўсюды пахне яблыкамі.

Я прыехаў у Верхнядзвінск: раённы квітнеючы гарадок, няспешна цячэ Дзвіна.

КДБ СССР ужо не было. У 38 пачынаў жыццё па-новаму. Каля года працаваў у КБА. Хутка высветлілася — кіраўніцтва прадпрыемстваў і чыноўнікі-бюракраты з савецкай «загартоўкай» засталіся. І погляды іх ні на ёту не змяніліся.
 

Знаёмыя параілі паехаць у Душанбэ. Экзотыка. Адразу ж уладкаваўся на Рэспубліканскую сувенірную фабрыку. Дзевяць месяцаў працаваў там мастаком-дызайнерам. Мне ўсё падабалася: добрыя, адметныя людзі. Кожны паасобку. Пачалося ўсё 11 лютага 1990 года. У першай «бучы» прынялі ўдзел каля васьмі тысяч. Большасць — абкураныя анашой, якую яны ўжываюць з дзяцінства. Натоўп пайшоў па горадзе і пачаў усё крышыць. Людзей білі незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Таджычак кідалі ў «Душанбінку», у адной забралі дзіця і — аб дрэва. Страшна. А пачалося ўсё з армян. Як вядома, у Арменіі быў вялікі землятрус. Тры самалёты з тымі, хто пацярпеў, прыляцелі ў Душанбэ. Усім далі кватэры ў новых дамах, якія павінны былі аддаць карэнным жыхарам. Гэта і стала каталізатарам. Спачатку прагучала «Армяне, вон!», а потым тое ж самае пачалі крычаць пра рускіх. Тыдзень жылі як у асадзе. А праз некалькі месяцаў я вярнуўся назад і зноў уладкаваўся ў КБА, дзе неўзабаве, са згоды дырэктара адкрыў майстэрню па рамонце мэблі.

У сакавіку 1991 года пазнаёміўся са Святланай, якая ў Клецку працавала загадчыцай юрыдычнай кансультацыі. А ў чэрвені прывёз яе з сынам Вадзімам, якому было 12 год, у Верхнядзвінск, атрымаў двухпакаёвую кватэру ў цэнтры. Распісаліся. Яна пачала працаваць па спецыяльнасці, а я за 45 хвілін атрымаў ліцэнзію на выраб сувенірных вырабаў.

— Можа, гутарка пра 45 дзён?

— Не — хвіліны. Нагадаю, што тады ішоў толькі 1991 год. І заплаціў я нейкія смешныя грошы.

Пра сваю майстэрню марыў яшчэ ў савецкі час. І ляплю з гліны, і раблю чаканкі, і выразаю па дрэве. У мяне былі дамовы з трыма дзяржаўнымі магазінамі. Паявілася магчымасць нармальна жыць.

Так працягвалася да 1994 года. Гэта, падкрэсліваю, было ў мяне, бо жыццё астатніх значна пагоршылася. З’явіліся талоны амаль на ўсе рэчы. Закрылі мяжу з Латвіяй, і наш гарадок пачаў чахнуць. Людзі не маглі сябе пракарміць. Што тады казаць пра жывёл? Іх сталі выкідваць. А я ўсіх (акрамя халаднакроўных) жывёл люблю. У нас было шэсць сабак і сем катоў. Гэта тыя, якіх мая жонка пастаянна падкормлівала, бо трымаць іх не было дзе. Жывёла, як вядома, сабе хату не пабудуе.

У 1994 годзе купіў першую машыну — патрыманы «Масквіч». Першы раз сеў за руль. Потым паявіўся «форд-фіеста».

Летам мы з жонкай пайшлі на першыя прэзідэнцкія выбары. Лукашэнка абяцаў даць больш свабоды прадпрымальнікам і змагацца са спекулянтамі, якіх тады было сапраўды шмат. Гэта мне спадабалася. А жонка прагаласавала за Пазьняка. Тады мы нават моцна пасварыліся.

Але ў 1996 годзе стала відавочна, што я (як і многія) памыліўся. Жонка здала экзамены на прыватнага адваката, а мяне сталі прымушаць хлусіць, што вельмі не хацелася. Увогуле, рабіць гэтага я не ўмеў. Вырашылі пераехаць у вёску, бо там было лягчэй пракарміцца.

Памянялі «форд-фіесту» на сядзібу ў вёсцы Нябышына, Далгінаўскі сельскі савет, Вілейскі раён. Восем гадоў у ёй ніхто не жыў. Вялікая хата, 45 сотак зямлі.

Узялі ў арэнду кінутую калгасную ферму, што стаяла побач, бычкоў для адкорму і пачалі працаваць.

Жонка працавала прыватным адвакатам. Я выкапаў паўкіламетровую траншэю, і да нас працягнулі тэлефон. Стала больш-менш нармальна, але, як вядома, чалавек заўжды жадае лепшага. Суседні калгас мяне «перацягнуў»: прапанаваў стаць у іх ляснічым, а наш на той час амаль абанкруціўся. Купіў мікрааўтобус і каня па мянушцы Лабус.
У пачатку мая 1997 года выйшаў прэзідэнцкі дэкрэт нумар 12, які забараняў дзейнасць прыватных адвакатаў, а ў жонкі была ўжо свая кліентура. Так яна стала, па сутнасці, беспрацоўнай. І зрабіла гэты крок дзяржава невыпадкова. Прыватныя адвакаты рабілі сваю работу якасна і добрасумленна, а ёй гэта было непажаданым. Жонка тады нават заплакала.

Вырашылі паехаць у Польшчу. Падрыхтавалі неабходныя дакументы, а там здарылася моцная паводка. І мы сталі чакаць да восені, падумалі, што ў палякаў і без нас хопіць праблем.

У гэты час мне папала на вочы газета «Из рук в руки» з аб’явай, што для фірмы, якая месціцца ў Раўбічах, для догляду коней, патрабуецца сям’я, якая не п’е гарэлкі і любіць жывёл. Прыехаў. Прыватная фірма Віктара Маркава. Гэтага маладога (гадоў 30) чалавека не забуду ніколі, бо менавіта ён стаў «штуршком» да палітыкі.

Пагутарылі. Фірма толькі-толькі стварылася, і нічога, акрамя стайні ды коней, у іх не было, а гэтую справу я ведаў і любіў з самага дзяцінства. У Абакане мы жылі побач з іпадромам.

Паабяцалі праз тры месяцы жыллё. Быў там адзін недабудаваны домік. Але ... банальна «кінулі». Нават зарплату не плацілі, не кажучы пра тое, што ўсе дамоўленасці Маркаў не выканаў. Больш за тое, мы «павіслі». З Нябышана выпісаліся, а на новым месцы засталіся без прапіскі. Высветлілася, што Маркаў толькі падстаўная асоба, а рэальна фірма належыць крымінальным структурам. Хацелі звярнуцца ў абласную пракуратуру, але не паспелі. Нечакана прыехала машына, з якой выйшлі бандыты. «Назіральнага» (так ён назваўся) звалі Юры Алагенавіч Такаеў. Ён паслухаў мяне, паклікаў Маркава і кажа: за работу трэба плаціць, а за «базар» адказваць, праз тыдзень усё выканаеш.

Але выйшла не так. Ніхто нічога рабіць не стаў. Праз два тыдні Маркаў прывёз міліцыянтаў. Тыя ва ўсім разабраліся і арыштоўваць мяне не сталі. Пасля гэтага я і вырашыў звярнуцца ў праваахоўныя органы. Як высветлілася пазней — дарэмна, бо аб гэтым адразу ж даведаліся бандыты. Ужо вечарам мне надзелі наручнікі. Сфальсіфікавалі крымінальную справу і на 16 дзён «сгубілі». Жонка шукала ўсюды, але безвынікова. І толькі пасля таго, як звярнулася да А. Алкаева, мяне з мясцовага РАУС прывезлі на «Валадарку». Мабыць, гэта і выратавала жыццё.

 13 месяцаў правёў у следчым ізалятары. Далі 4 гады: зона строгага рэжыму, потым «пасяленне» — Гезкалы. Гэта быў страшны час для маёй сям’і. Я нічым не мог дапамагчы і абараніць іх ад «узаконенага» дэспатызму чыноўнікаў і мафіі.

Пашанцавала. Вызваліўся па УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленне). Праз два гады і два месяцы.

Жонка памяняла мікрааўтобус на кватэру ў Клецку. У Клецку зноў пачаў працаваць у КБА. На гэты раз сталяром. Хацелася помсты, аднак з часам я супакоіўся, бо зразумеў, што ў маіх пакутах павінна цэлая сістэма. Стаў займацца палітыкай, што было выйсцем.

Адразу пасля вызвалення арганізаваў прыватную майстэрню, якая спецыялізавалася на сталярных справах і выпуску драўляных рэчаў. Каб дабіцца дазволу на гэтую дзейнасць, патраціў каля года. У 2001-ым кіраўніцтва горада пайшло насустрач, і я арандаваў кінутыя памяшканні, якія палякі пабудавалі яшчэ ў мінулым стагоддзі. Дамовіўся з мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркай аб іх канчатковым выкупе. Каб гэта зрабіць, пазычыў грошы і, як было дамоўлена, 14 красавіка 2003-га ўсё заплаціў. Але канчатковым уладальнікам не стаў па прычыне нейкіх бюракратычных рагатак. Каб перадаць памяшканні мне, камунгас павінен быў стаць уладальнікам, бо яны былі на балансе гарвыканкама. Іншымі словамі, каб прадаць, трэба было купіць. А грошай у дзяржструктуры, як заўжды, не было. Мне абяцалі многа раз, але пустымі абяцанкамі ўсё і закончылася. Прайшло амаль два гады. Я зрабіў сушылку, набыў неабходнае абсталяванне. Цэх пачаў вырабляць прадукцыю, там працавала 5 чалавек.

І тут мая жонка без дазволу мясцовай улады вырашыла стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. З гэтага пачалося. Дакладней, усё пачалося раней, калі ў маі 2004 года указам прэзідэнта клецкім «вертыкальшчыкам» стаў Анатоль Сцяпанавіч Бойка. Пасля парламенцкіх выбараў на пасяджэнні кіраўнікоў прадпрыемстваў прагучала: Панамаровых з раёна выдаліць, такія тут непатрэбны. Высветлілася, што зрабіць гэта не так проста. Жонка — добры юрыст, яе ведае ўся акруга, яна не раз перамагала на абласным узроўні. Тады ўсю ўвагу пераключылі на мяне. Летам 2005 года ўлады пачалі забіраць цэх, хаця праўда была за мной. І праз суд забралі. Нават не вярнулі маіх грошай, якія былі заплачаны ў якасці дзяржпошлін. Зрабілі так, што я яшчэ застаўся вінен — «арганізавалі» іск на 10 мільёнаў рублёў. «Пазазаконнае абагачэнне».
Зараз жыву як бомж. Хаваюся ад судовых выканаўцаў. Прыйшлося развесціся з жонкай і падзяліць маёмасць. Узяліся за Свету, сына. 12 верасня 2005-га мне афіцыйна забаранілі працаваць.

Я не павесіўся, не спіўся, не выехаў за мяжу. Як абяцаў, змагаюся з уладай і буду гэта рабіць, пакуль ёсць сілы. Для таго, каб забіць, я надта «драбяза», а турмы — не баюся. Там таксама жывуць людзі, там шмат невінаватых і ахвяр самавольства чыноўнікаў. Ім патрэбна дапамога.
Шэсць разоў распачыналі крымінальныя справы за выданне рэгіянальнага бюлетэня, але нічога ў іх не атрымалася. Бывала, па тры разы ў дзень затрымлівала міліцыя, канфіскоўвала «Бойкі Клецк» і іншыя незалежныя выданні. «Бойкі Клецк» для мяне больш чым уласнае выданне. Гэта магчымасць сказаць людзям праўду. А дзеля яе ёсць сэнс змагацца. Колькасць чытачоў стабільна павялічваецца. Бюлетэнь патрэбен людзям, а іх удзячнасць дае сілу і надзею на лепшыя часы.

АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ

Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома пра жыццёвы эпізод, якога няма ў артыкуле. Такое нельга назваць выпадковым.

Зразумела, Сяргей Панамароў не любіць аб гэтым успамінаць. За яго гэта зрабіла ўлада. «Кампрамат» аказаўся ў кожнай паштовай скрынцы ўсяго Клецкага раёна. І не толькі.

Атрымалася, як заўсёды, не вельмі прыгожа, бо ў кожнага з нас, як кажуць англічане, ёсць свой шкілет у шафе.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме