12:45 26.02.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сяргей Каваленка будзе абскарджваць прысуд
Адвакат і жонка асуджанага віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі выказалі намер падаць касацыйную скаргу на прысуд Алены Жук.
24 лютага суддзя Першамайскага райсуду Алена Жук пакарала віцебскага сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку зняволеннем у калёніі агульнага рэжыму. Агульны тэрмін пакарання — 2 гады 1 месяц.
З улікам часу, адбытага ў віцебскім СІЗА, пакуль вялося следзтва і рыхтаваўся судовы працэс, актывісту належыць адбыць у зняволенні 1 год і 11 месяцаў.
Жонка актывіста Алена Каваленка кажа, што прысуд для яе быў шокам, паведамляе «Радыё Свабода». Нягледзячы на тое, што працэс праводзіўся практычна ў закрытым рэжыме, што на яго не пусцілі ні сваякоў, ні сяброў, ні журналістаў, родныя ўсё адно спадзяваліся на лепшае.
Адвакат лічыць, што ёсць сэнс абскарджваць гэты прысуд, пра гэта ён адразу сказаў сваякам Сяргея Каваленкі:
— Напішам скаргу. Гэта не канчаткова. Ёсць сур’ёзныя аргумэнты ў нас. Я баяўся, што суд увогуле дасць тры гады — па «вышэйшай планцы». У нас дастаткова трывалая пазыцыя.
Жонка асуджанага актывіста таксама лічыць неабходным абскарджваць прысуд. Аднак вялікую занепакоенасць родных выклікае стан здароўя Сяргея. 19 снежня мінулага году ён абвясціў галадоўку. І на судзе, які ішоў ў Першамайскім райсудзе з 21-га па 24-га лютага, казаў, што гатовы яе працягваць, хаця адчуваў сябе кепска, скардзіўся на галаўны боль, пагаршэнне слыху і зроку.
Галадоўку Сяргей Каваленка распачаў на знак пратэсту супраць крымінальнага пераследу: супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспэкцыі ініцыявалі супраць яго справу за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакаранне, прысуджанага за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы ў 2010 годзе.
Паколькі родных не пусцілі нават на абвяшчэнне прысуду, нічога не вядома і пра тое, ці будзе Сяргей Каваленка працягваць галадоўку. Да яго неаднаразова звярталіся з просьбамі спыніць галадаванне, але яно было настолькі працяглае, што цяпер яму патрабуецца неадкладная мэдычная дапамога, каб бяз шкоды для здароўя выйсці з гэтага стану — так мяркуюць і сваякі, і ўсе, каму ўдалося ўбачыць Сяргея гэтымі апошнімі днямі.
Супрацоўнікі міліцыі зрабілі ўсё, каб актывіст ня меў аніякіх кантактаў з тымі, хто прыйшоў яго падтрымаць. У калідоры, на адлегласці 30-ці мэтраў ад судовай залі, стаяла міліцэйская заслона. Калі асуджанага выводзілі, яго захіналі спінамі з паўтара дзясятка асобаў у цывільным... Намеснік начальніка аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцебскага аблвыканкаму Андрэй Іваноў заявіў, што праца суду праходзіла нармальна, бо была пад надзейнай аховай.
У Першамайскім райсудзе будзе доўга адгукацца рэха скандальнага працэсу. Сваякі Сяргея Каваленкі, яго аднадумцы, журналісты і праваабаронцы запоўнілі скаргамі ўсю кнігу «Скаргаў і прапановаў», так што там не засталося ніводнага чыстага аркуша. Скаргі былі напісаныя і ў абласной управе ўнутраных справаў. Адпаведным службам давядзецца даць больш як паўсотні пісьмовых адказаў, чаму супрацоўнікі міліцыі чынілі гвалт у будынку суду, парушаючы законныя правы беларускіх грамадзянаў.
Салідарнасць
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |