12:15 05.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сяргей Чалы: Сёння вырашаецца лёс усёй беларускай эканамічнай мадэлі
У нас ёсць адзіны шанец — стаць самастойным гульцом на транзітным полі. Пакуль транзіт газу праз Беларусь гарантуе Расія, Еўропа не мае на нашу краіну ніякага ўплыву. Напужаць няма чым, прапанаваць няма чаго — вось ён, тупік дыялога Беларусь — Еўропа, кажа вядомы эканаміст
290 мільёнаў еўрапейскага крэдыту мы праядзім за паўтара месяца
Вырашыць “беларускую праблему” Еўропе не дапамагаюць ні санкцыі, ні пернікі ў выглядзе перспектывы танных візаў і ўдзелу ва “Ўсходнім партнёрстве”
Сяргей Чалы: “Справа ў тым, што і Беларусь ад Еўропы не залежыць. Чым яны могуць на нас уплываць? Першае, што відавочна, — узнаўленне санкцыяў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Але гэта закране 20 чалавек і ніяк не адаб’ецца на нашым агульным дабрабыце.
Па грошах — мусіў быць крэдыт у 290 мільёнаў долараў, але ён адтэрміноўваецца, але не таму, што Еўропа нам пагражае, а таму, што рашэнне па ім павінен прыняць новы склад Еўрапарламента. Ды і што такое 290 мільёнаў? Пры нашым стане плацежнага балансу мы праядзім іх за паўтара месяца”.
Паўтара месяца — гэта шмат ці не вельмі? Крыху больш засталося да выбараў у мясцовыя саветы, і шэсць разоў па паўтара месяца — да прэзідэнцкіх выбараў...
Сяргей Чалы: “А хто сказаў, што зараз гаворка ідзе пра тое, каб прастаяць дзень ды ноч пратрымацца? Сітуацыя нашмат глыбей: зараз вырашаецца лёс усёй эканамічнай мадэлі, якая была пабудаваная ў Беларусі ў мінулыя гады".
Усё, што нам трэба ад Еўропы, гэта... транзіт!
Сяргей Чалы: “Усё, што нам ад Еўропы было трэба, — гэта продаж праз Англію ды Галандыю нафтапрадуктаў, якія мы выраблялі з расійскай нафты. І на розніцы, калі мы атрымлівалі нафту па коштах міждзяржаўных дамоўленасцяў, а прадавалі па сусветных коштах, усё і трымалася”.
Цікава, што расійскія медыі час ад часу выказваліся наконт таго, што Беларусь спекулюе расійскай нафтай. Але, калі прыгледзецца, дык самі гэтыя выказванні падобныя да спекуляцыяў!
Сяргей Чалы: “Якое “расійскай”? Мы гэтую нафту набылі і з яе зрабілі нешта. Гэта нашыя нафтапрадукты. Гэта права ўласнасці: калі нехта заплаціў грошы, ён робіцца ўласнікам. І са сваёй нафты робіць свае нафтапрадукты. Калі ў вас ёсць праблемы з нечым, што вы нам прадаеце, — можаце не прадаваць”.
“У Еўропы няма знешняй палітыкі ў дачыненні да Беларусі”
Дэмакратызаваць Беларусь доларам (а дакладней, еўра) у Еўропы не атрымаецца. Праўда, праблема нашмат глыбей: у Еўропы зараз увогуле няма знешняй палітыкі ў дачыненні да Беларусі.
Сяргей Чалы: “Калі раней Еўрасаюз яшчэ мог дыктаваць краінам пэўныя ўмовы — бо вісела моркаўка перад носам, уступленне ў Еўрасаюз, — дык зараз ужо прынялі ў ЕС больш, чым могуць пераварыць, і нават гэтага стымулу няма.
А самае галоўнае — яшчэ раз падкрэсліваю — няма ў Еўрапейскага саюза пэўнай палітыкі ў дачыненні да краінаў, якія не належаць ні Еўрасаюзу, ні Расіі. Ну не належаць яны еўрапейскай прасторы. Ні эканамічна, ні палітычна, ні культурна...
А што яшчэ яны могуць прапанаваць нам? Ёсць якая-небудзь станоўчая праграма? “Усходняе партнёрства”... Прыдумалі, каб, з аднаго боку, што-небудзь прапанаваць, а з іншага — трымаць на адлегласці. Але на адлегласці дасяжнай.
Але гэта не настолькі сур’ёзны стымул для нашых уладаў, каб неяк стрымліваць сябе. І тым больш не з’яўляюцца такім стымулам санкцыі. Хіба ў першы раз?”
Мяркуючы па заявах еўрапейскіх чыноўнікаў, Еўропа добра ўяўляе, што ні ціснуць, ні патрабаваць чаго-небудзь ад Беларусі не можа. З іншага боку, праблема Беларусі цягнецца каторае дзесяцігоддзе, і ніводнае пакаленне еўрапейскіх дыпламатаў ніяк не можа яе вырашыць. Не дапамагаюць ані санкцыі, ані прапановы. Чаму?
Сяргей Чалы: “У Еўрасаюза не толькі ў дачыненні да нас... У яго ўвогуле няма ўласнай палітыкі. Памятаеце, быў некалі выпадак на прэс-канферэнцыі, калі ў Дональда Рамсфілда запыталіся, што ён думае наконт пазіцыі адзінай Еўропы наконт Ірака. А ён папрасіў даць яму тэлефон, па якім ён можа даведацца пазіцыю адзінай Еўропы. Але самае важнае тут — не гэта.
Зойдзем здалёк. Галоўнае, што цікавіць Еўропу, — гэта гарантыі бесперабойнага транзіту газу і нафты. Але кантракты Еўропа заключае толькі з Расіяй. Атрымліваецца, што Еўропа купляе газ у Расіі, але пастаўляцца ён павінен на мяжу, напрыклад, Украіны і, напрыклад, Польшчы. Гэта азначае, што, як толькі ўзнікае пытанне транзіту — Еўропа прад’яўляе прэтэнзіі Расіі!
У такой сітуацыі ўвогуле ўласнай палітыкі да транзітных краінаў быць не можа! Еўропа аўтаматам аддае іх у зону ўплыву Расіі. Маўляў, разбірайцеся з імі самі, а нас гэта не турбуе”.
“Галоўнае, што цікавіць Еўропу, — гэта гарантыі бесперабойнага транзіту газу і нафты”
Вярнуць сабе ўплыў на транзітныя краіны Еўрапейскі саюз мог бы, калі б Расія ратыфікавала Энергетычную хартыю ЕС, што дзейнічае з 1991 года. Аднак яшчэ 6 жніўня 2009 года Крэмль канчаткова адмовіўся ратыфікаваць ЭХ з прычынаў, якія тычацца менавіта транзіту газу. Беларусь таксама не ратыфікавала ні Энергетычную хартыю, ні Дамову аб ёй.
Сяргей Чалы: “Дык вось, адзінае, дзе можа праявіцца міжнародная палітыка Еўрасаюза, — калі ў якасці гарантаў транзіту (і, адпаведна, суб’ектаў усіх перамоваў і дамоваў па нафце і газе) будуць выступаць транзітныя дзяржавы: Беларусь і Ўкраіна. Здаецца, што спроба “намацаць” гэты напрамак ужо ёсць. Але не з боку ЕС.
Што сказаў Януковіч, яшчэ калі не быў прэзідэнтам? Трэба аднавіць ідэю газатранспартнага кансорцыума, у якім будзе доля Расіі, доля ЕС — але асноўным удзельнікам будзе Ўкраіна. Зараз ідзе спроба ўключыць усе тры бакі ў перамовы па газавым транзіце. Калі атрымаецца — гэтую ж напрацаваную схему мы зможам выкарыстоўваць па нафце”.
У транзітным полі і адзін — ваяр!
Сяргей Чалы: “Самае цікавае, што рана ці позна логіка транзітных краінаў усё роўна пераважыць. Бо мы зараз вырашаем не толькі праблему эканамічнага выжывання. Зараз перад намі нібыта стаіць пытанне: каму прадацца? Ці направа, ці налева. А самі што? Самі нічога не можам, нічога не маем?”
Для таго ж, каб прадацца, трэба, каб было каму набываць. А каму мы такія патрэбныя?
Сяргей Чалы: “Па-першае, як цяпер ужо зразумела, за выключэннем невялікай колькасці прадпрыемстваў мы Расіі не патрэбныя. Больш за тое, паводзіны Крамля паказваюць, што саюзнікаў у сучаснай Расіі быць не можа. Могуць быць толькі васалы. Усе гэтыя прэтэнзіі наконт прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі... А чаго яны вырашылі, што гэтае прызнанне павінна адбыцца аўтаматычна?
Дакладна гэтак жа сама мы не патрэбныя і Еўрасаюзу. Усё, што ім патрэбна, — гэта павесіць сабе медаль: нарэшце неяк там беларускае пытанне вырашанае! Усё, што іх цікавіць, — гэта гарантыі транзіту. Але гэтым пытаннем займаецца Расія! І пакуль гэта так, калі Еўропа хоча паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, яна мусіць дамаўляцца з Расіяй. Няхай яна займаецца дэмакратызацыяй нашай краіны. Але не будзе ж Расія гэтым займацца!”
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме