20:45 06.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Штучная датаЗахад хай не фанабэрыцца, а дае грошы!
Ад святочнай рыторыкі гэтым разам назіральнікі ўсё ж чакалі нечага новага. Як-ніяк, апошні год — пасля мікраэпохі балотна-сытай стагнацыі — быў круты, феерычны і парадаксальны.
З аднаго боку — дзеўбануў крызіс, наехала Расія, з іншага — прарвана ізаляцыя і Захад дае грошы. То Лукашэнка ў пантыфіка ды Берлусконі гасцюе, то да яго завітваюць еўракамісары ды заакіянскія сенатары. «Сябры здалёк», як ён сказаў. Амаль што братанне на Эльбе.
Але прамова 2 ліпеня на сходзе ў Палацы Рэспублікі лішні раз засведчыла: па вялікім рахунку нічога не змянілася. «Броня крепка». У гонар афіцыйнага свята незалежнасці Лукашэнка прамаўляў па-расійску. Пры гэтым назваў распад СССР геапалітычнай трагедыяй і параіў Захаду адкінуць фанабэрыю.
Паводле афіцыйнага кіраўніка, падчас крызісу варта абапірацца на ўласныя сілы. Спічрайтэры, мусіць, не ўлічылі, што тэза надта ж асацыюецца з ідэяй чучхэ. Але болей пікантным ёсць тое, што менавіта зараз Мінск хапае крэдыты дзе толькі можна. Прычым многім падаецца, што ўлада не надта пераймаецца, як усё гэта потым аддаваць з працэнтамі. Нам бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца.
Цікава таксама, што год таму ў аналагічнай прамове Лукашэнка абяцаў зладзіць дэмакратычныя выбары, казаў пра пашырэнне правоў партый і ўсё такое. Цяпер, мусіць, вырашана, што саступак і так аж занадта.
Цяпер кіраўнік заявіў, што «заходні свет не мусіць фанабэрыста ставіцца да іншых дзяржаў і лічыць, што толькі ўніфікаваны еўрапейскі шлях развіцця правільны, а астатнія непаўнацэнныя». З яго слоў, «відавочным становіцца, што Беларусь не павінна цалкам капіяваць заходнюю палітычную сістэму».
Во як, капіявалі-капіявалі, нібы старанныя вучні — і раптам схамянуліся: нешта не тое, блін гарэлы!
Лукашэнка патлумачыў, што «перапалкі наконт таго, чый парламент лепшы, дзе болей дэмакратыі і правоў чалавека, — гэта шлях у нікуды».
Дадамо, што і так зразумела: беларускі парламент — самы круты. Вось упёрся рогам у пытанні Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй — і ніхто яму рады не даў.
З высокай трыбуны таксама былі скрытыкаваны заганы глабалізацыі (хто не ў курсе пытання — паслухайце песню «Крамбамбулі» пра «панаехала гасцей»). Выкрыта фальш сусветных антыкрызісных форумаў.
Зрэшты, трэба ўлічваць, на якую аўдыторыю працуе кіраўнік дзяржавы падчас такіх імпрэз. У зале Палаца Рэспублікі і назаўтра каля стэлы было багата ветэранаў. Ды і паспаліты люд ля тэлевізараў мусіць найперш убачыць, што правадыр па-ранейшаму моцны і не зазірае ў рот заходнікам.
А новыя акцэнты ўсё ж заўважаны. Назіральнікі ў Маскве адразу раўніва адзначылі, што не было згадкі пра саюзную дзяржаву. Ды і ўвогуле, маўляў, ужо ні слова пра супольнае з расійскімі братамі змаганне. Нібыта толькі Беларусь і перамагла фашызм.
Ну дык а чаго ж вы, панове, хацелі, калі кружэлка «сумеснага гніення ў акопах» ужо не дае зніжак на газ?
Намёк на саюзную дзяржаву, зрэшты, быў, але надта своеасаблівы. У кантэксце тэмы беларуска-расійскіх дачыненняў прагучала: «Мы мусім выразна ўсведамляць, што не штучныя ўтварэнні здолеюць зблізіць нашы братнія народы і забяспечыць іх дабрабыт — да гэтай высакароднай мэты прывядуць канкрэтныя крокі ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай ды іншых сферах». Карацей, хочаце хаўрусу — купляйце нашы трактары і давайце блакітнае паліва па смаленскіх цэнах!
А паколькі райскіх умоў ад Масквы чакаць ужо не выпадае, то гэтыя пасажы можна разглядаць як ціхі рэквіем па саюзным праекце.
3 ліпеня нас чакалі танкі і салют. Экспарт зваліўся напалову, малая адкрытая эканоміка сінявокай рэспублікі калапсуе — але глядзі, народ, як мы можам даць па зубах любому агрэсару!
Хаця тыя, каго тут традыцыйна залічвалі ў агрэсары, здаецца, ужо здаліся без бою і спраўна шлюць нам мяхі з траншамі.
Штучнасць даты, выбранай для афіцыйнага дня незалежнасці, падсвядома муляе нават складальнікам святочных тэкстаў.
У выступ Вярхоўнага галоўнакамандуючага на парадзе 3 ліпеня заклалі дзіўнаваты бязадрасна-палемічны пасаж-апраўданне: «Вызначыўшы гэту дату галоўным дзяржаўным святам, беларускі народ чарговы раз давёў сваю мудрасць. Бо крыніцай нашага суверэнітэту ёсць не папяровыя дэкларацыі (камень у гарод колішняга Вярхоўнага Савета? — А.К.). Не заявы так званых нацыянальных лідэраў (Трэцяя Устаўная грамата БНР і, адпаведна, Дзень Волі? — А.К.). А воля народа, яго павага да сваёй гераічнай гісторыі...».
Сама ж імпрэза 3 ліпеня, калі казаць коратка, была вытрымана цалкам у духу «лініі Сталіна». Прагрукатала вайсковая тэхніка пераважна састарэлых савецкіх марак. Потым рушылі грэйдэры і бетонамяшалкі.
А Мядзведзеў на свята так і не прыляцеў. Адгукаецца малочная вайна, падчас якой давялося кідаць на ўсходнюю мяжу не танкі, а нашых доблесных мытнікаў. Дзеля справядлівасці трэ’ было б і іх калону на парад...
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме