19:45 09.08.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сербскі амбасадар раскрыў тайну Белавежскіх пагадненняў
Срэчка Джукіч напісаў кнігу пра адзін дзень у Віскулях. У інтэрв’ю Еўрарадыё дыпламат распавёў, як дача ў Белавежскай пушчы звязаная з былой Югаславіяй, чым яго твор адрозніваецца ад астатніх і чаму пра Віскулі неабходна зняць фільм і паставіць спектакль.
— Што вас падштурхнула да таго, каб напісаць пра падзеі, якія адбываліся ў 1991 годзе ў Белавежскай пушчы?
— Шмат кніг напісана пра развал Савецкага Саюза. Толькі ў маёй бібліятэцы такіх 60 ці 70. Аўтары іх — былыя грамадзяне СССР альбо замежныя дыпламаты, навукоўцы, палітыкі і гэтак далей. Але сярод гэтых кніг няма ніводнай, якая спыняецца толькі на 8 снежні 1991 года, калі дэ-факта быў ліквідаваны Савецкі Саюз. Яшчэ ў той дзень, калі я працаваў дыпламатам у Сафіі і мне паведамілі, што ў Віскулях сабралася каманда, якія ліквідавала Савецкі Саюз, у мяне з’явілася цікаўнасць да таго, як гэта ў той дзень усё адбывалася. І я як дыпламат, які шмат дзесяцігоддзяў займаецца Савецкім Саюзам, захацеў спыніцца на гэтым дні. І кніга прысвечаная гэтай даце — 8 снежня 1991 года.
— Уся кніга — падзеі аднаго дня?
— Кніга так і называецца: “Тайны Белавежскай пушчы. Віскулі — апошні дзень у жыцці СССР”. Яна складаецца з трох частак. Пралог — як драматычны расповед, потым дзеянне і, безумоўна, эпілог. І каб патлумачыць, што адбывалася 8 снежня, што там адбывалася і якія адносіны былі паміж Ельцыным, Краўчуком, Шушкевічам і іх камандамі, трэба было спыніцца на падзеях усяго 1991 года. Пачынаючы з рэферэндуму па Савецкім Саюзе, на Новаагароўскім працэсе, на дакументах па трансфармацыі Савецкага Саюза, на жнівеньскім путчы, каб потым акцэнтаваць кнігу на падзеях 8 снежня.
— Як вы збіралі матэрыял? Ездзілі ў Віскулі, каб пранікнуцца духам гэтага месца? Сустракаліся з Ельцыным, Краўчуком, Шушкевічам і іх камандамі?
— Віскулі я наведаў у 2004 ці 2005 годзе і менавіта тады канчаткова вырашыў, што напішу кнігу пра 8 снежня. Гэтую кнігу я пісаў як дыпламат. Я адразу сказаў, што я не гісторык і таму не буду падыходзіць да напісання кнігі, як навуковец. А дыпламат мусіць аперыраваць дакладнымі катэгорыямі. Я не магу карыстацца не пацверджанымі звесткамі. Матэрыялы для сваёй кнігі я браў з таго, што ўжо апублікавана ў кнігах, інтэрв’ю і, натуральна, у размовах з тымі, хто браў удзел у сустрэчы ў Віскулях. Мэта маёй кнігі — каб яна ўзбудзіла цікаўнасць да гэтай даты ў гісторыкаў, навукоўцаў і яны надалі ёй больш увагі.
— Вы лічыце, што, нягледзячы на вялікую колькасць напісаных пра развал СССР кніг, падзеям у Віскулях не нададзена належнай увагі?
— Пра тое, што адбывалася ў Віскулях, пра канкрэтна 8 снежня паўсюль напісана фрагментарна. Мая кніга — першая і адзіная, якая прысвечана менавіта гэтай даце. Але менавіта тады ўсё знаходзілася на мяжы правалу альбо поспеху. Менавіта 8 снежня стала момантам, калі ўсе падзеі пайшлі ў іншым накірунку.
— Дарэчы, падчас адной з маіх размоў з Шушкевічам пра падзеі 8 снежня ён сказаў, што незалежнасць Беларусі і Ўкраіны была больш патрэбная ў той момант Ельцыну, чым самім Беларусі і Ўкраіне. А вы як ацэньваеце вынік рашэнняў таго дня?
— Праз 10 год пасля тых падзей могуць быць выказаныя высновы, якія не нарадзіліся праз 5 гадоў пасля Віскулёў. Гэта нармальная гістарычная эвалюцыя поглядаў. А што казаць, калі прайшло 20 гадоў? Сабраліся новыя факты, і людзі на ўсё глядзяць па-іншаму. Зразумела, што там ішла вялікая гульня паміж, перш за ўсё, Расіяй і Украінай, Ельцыным і Краўчуком. А Шушкевіч адыграў важную балансуючую ролю паміж гэтымі дзяржавамі і паміж гэтымі, я б нават сказаў, сапернікамі — Ельцыным і Краўчуком. Пры тым, што ў Ельцына была больш складаная сітуацыя — у яго за плячыма быў Гарбачоў і Савецкі Саюз.
— Вы сказалі, што пісалі кнігу як дыпламат. Але ці робіце вы там нейкія высновы? Як гэты дзень, да прыкладу, паўплываў на сусветную дыпламатыю, на Югаславію?
— Не. Такія высновы былі зробленыя раней, у шматлікіх іншых кнігах. Таму ў мяне высноваў няма. Дарэчы, я размаўляў пра сваю кнігу з сербскімі калегамі-дыпламатамі, з пісьменнікамі, драматургамі. У мяне ёсць ідэя, каб у нас у Сербіі напісалі драму, спектакль паводле падзеяў таго дня ў Віскулях. Я лічу, што тады адбываўся вялікі тэатральны спектакль. Тое, што адбылося ў Віскулях практычна цягам сутак, заслугоўвае таго, каб паводле тых падзеяў знялі фільм і каб быў напісаны драматычны твор, і каб спектакль паказвалі ў тэатрах.
— А сцэнар да спектакля альбо фільма вы напішыце?
— Я гэтым не буду займацца. Думаю, што ў Сербіі знойдуцца драматургі, якія паводле гэтай кнігі могуць стварыць выдатны тэатральны твор. І ў нас знойдуцца выдатныя акцёры, якія змогуць паказаць галоўных герояў таго дня і тых падзей. Ніхто не ведае, што такое Віскулі. Пра Белавежскую пушчу ў Еўропе ведаюць, але ніхто не ведае, што гэта за Віскулі. А гэтая дача цікавая яшчэ тым, што яе пабудавалі пасля таго, як Хрушчоў вярнуўся з Югаславіі, дзе сустракаўся з Ціта. Тады ён пабачыў такія дачы ў лясах Югаславіі і даў каманду пабудаваць такую ж. Але дачу ў Віскулях пабудавалі не такую, як у Ціта, і таму Хрушчоў пабываў там толькі раз. Вось такая сувязь Віскулёў і Югаславіі. Да таго ж, паралельна ў Югаславіі адбывалася тое ж, што ў той жа час адбывалася з Савецкім Саюзам. Прыйшоў час, я лічу, паказаць гэтую гісторыю ў тэатрах!
— Кніга выйшла ў Сербіі. А ці ёсць планы перакласці і выдаць яе ў Беларусі, Украіне, Расіі?
— Калі шчыра, я не думаў пра гэта. Але калі выдавец захоча гэта зрабіць і выдаць кнігу на беларускай, рускай, украінскай мовах — я гатовы. Калі ад мяне нешта будзе патрэбна, я гатовы супрацоўнічаць.
— Кніга выйшла, калі вы знаходзіліся ў Мінску. Вы яе бачылі?
— Так. І вельмі задаволены. Да таго ж, мне паведамілі, што ў самай папулярнай сербскай газеце “Палітыка” ў хуткім часе будуць друкавацца ўрыўкі з маёй кнігі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
28 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |