21:15 26.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сэнсацыя, якой не было?
Паводле агенцтва Reuters, Хавіер Саляна нібыта паведаміў Аляксандру Лукашэнку, што адной з умоваў яго запрашэньня ў Прагу на саміт Усходняга партнэрства зьяўляецца непрызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Tакое паведамленьне зьявілася на стужцы навінаў агенцтва ўчора ўвечары. Сэнсацыя?! Але ці на самой справе такая ўмова была вылучаная?
Дакладна паведамленьне Reuters гучыць наступным чынам:
“...Хавіер Саляна падчас візыту ў Менск] запрапанаваў пэрспэктыву збліжэньня зь Беларусьсю, але засьцярог Менск ад прызнаньня двух падтрымваных Расеяй сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі”.
І далей:
“Адзін з чыноўнікаў Эўрапейскай Камісіі заявіў агенцтву Ройтэрз, што Саляна засьцярог Лукашэнку ад прызнаньня грузінскіх сэпаратысцкіх рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, якія сталіся ў жніўні прычынай вайны паміж Расеяй і Грузіяй.
Згаданы чыноўнік сказаў, што гэта была адна з умоваў, якую мусіць выканаць Лукашэнка, перш чым ён будзе запрошаны на саміт Эўразьвязу ў траўні.
Беларусь знаходзіцца пад ціскам з боку Масквы, якая патрабуе ад Менску прызнаць гэтыя рэгіёны незалежнымі дзяржавамі, і беларускі парлямэнт неўзабаве мае прагаласаваць у гэтым пытаньні”.
Гэтая навіна зьявілася літаральна праз; некалькі гадзінаў пасьля завяршэньня візыту Х. Саляны ў Менск.
Карэспандэнт нашага радыё пры кіруючых арганах Эўразьвязу Ахта Лоб’якас кажа, што гутаркі на гэты конт – наконт таго, што непрызнаньне грузінскіх аўтаноміяў ёсьць умовай запрашэньня Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства”, ён чуў ад многіх у Брусэлі. Ад каго канкрэтна? А як бы ні ад кога і ад усіх – гэта такі палітычны фальклёр.
З другога боку, брытанскі экспэрт Чарлз Грант у нядаўнім інтэрвію БелаПАНу выказаў меркаваньне, што магчымае прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі – "не такая вялікая праблема для беларуска-эўрапейскіх адносінаў”.
Іншымі словамі, у брусэльскіх калідорах лунаюць розныя думкі.
Але пытаньне ў тым, ці казаў Саляна Лукашэнку падчас сустрэчы тэт-а-тэт менавіта тое, пра што паведаміў Reuters? Дык вось у гэтым ёсьць вялікія сумневы.
Цалкам зразумела, што Эўразьвяз і спадар Саляна ў прынцыпе зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь не прызнавала сэпаратысцкія грузінскія аўтаноміі. Але калі б вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і вёў з Лукашэнкам размову пра настолькі далікатны сюжэт, як сувязь гэтага непрызнаньня зь сяброўствам Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве”, то ён касьцьмі б лёг, каб гэтая гутарка засталася канфідэнцыйнай. Чаму? Ды таму што абнародаваньне гэтай інфармацыі выдае Лукашэнку Маскве з галавой.
Абнародаваньне такой гутаркі надае запрашэньню Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” відавочна антырасейскі характар, яно робіцца “30 срэбранікамі”, якія Лукашэнка атрымае за “здраду Расеі”.
Зараз развагі Беларусі над тым – прызнаваць ці не – абгрунтоўваюцца узважваньнем нацыянальных інтарэсаў. Годная пазыцыя сувэрэннай дзяржавы. Але калі непрызнаньне публічна ператвараецца ў непрыстойны гандаль – гэта дыскрэдытацыя Беларусі, яна спараджае ў Расеі маральнае права дамагацца ад такога непрыстойнага саюзьніка выкананьня ім сваіх абавязкаў даволі суворымі сродкамі.
А зараз падумайце, хто зацікаўлены ў такой зьмене фармату сытуацыі? Хавіер Саляна? Ні ў якім разе. Бо абнародаваньне такой інфармацыі робіць пэрспэктыву прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ня менш, а больш імавернай.
А хто ж зацікаўлены? Той, хто зацікаўлены менавіта ў такім разьвіцьці падзеяў. Я далёкі ад тэорыяў змоваў і баек пра ўсепранікальную “руку Масквы”. Але сюды-туды яна такі пранікае, да таго ж важная вэрсія калегі Лоб’якаса: нехта, удала схаваўшыся за ананімнасьцю, мог у гутарцы з журналістам агенцтва крыху “паправіць” балбатню ў брусэльскіх калідорах, укласьці яе ў вусны Саляну ў гутарцы з Лукашэнкам. Прычым – незалежна ад таго, гаварыў пра гэта Саляна беларускаму прэзыдэнту ці не.
Ну а журналісты – што зь іх возьмеш, што ім кажуць, тое яны і перадаюць. І часам міжволі робяцца праваднікамі чыёйсьці хітрай палітычнай камбінацыі.
Сэнсацыя ёсьць, але палягае яна зусім ня ў зьмесьце паведамленьня Reuters, а ў самім факце яго зьяўленьня. Яна ў тым, што нехта пачаў успрымаць нармалізацыю адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем усур’ёз. І дзейнічаць супраць яе даволі тонкімі мэтадамі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме