17:28 19.03.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сэанс магіі на “Віцебскдрэве”
У шчыраваньняx Аляксандра Лукашэнкі, якія ён абрынуў на апазыцыю пры наведваньні “Віцебскдрэву”, загадкавай выглядае перш за ўсё іх несувымернасьць.
Бывалі часы, калі апазыцыя ўсур’ёз пагражала ўладзе Лукашэнкі ці прынамсі кідала ёй моцныя выклікі: галадоўка дэпутатаў у 1995 годзе, каскад сапраўды масавых акцыяў увесну 1996 году, пагроза імпічмэнту ўвосень 1996 году, грамадзянскі чын Плошчы тры гады таму.
Але ніколі тады з вуснаў кіраўніка дзяржавы ня ліўся такі канцэнтраваны паток бруднай лаянкі: “...у іх ці то па п’яні, ці ад нейкай дурноты ўсё гэта палезла праз вушы, празь іншыя месцы, праз усе дзіркі”, “ажно верашчаць у адкрытую, што трэба патрабаваць ад уладаў”, “вось гэта пазыцыя нашай вашывай апазыцыі. Ніякая яна не апазыцыя, гэта пятая калёна. Гэта ворагі беларускага народу”.
А зь якой нагоды ўсё гэта гаварылася? З нагоды дыпляматычнага посьпеху афіцыйнага Менску, з нагоды таго, што эўрапейскія палітыкі, ветліва выслухаўшы аргумэнты Аляксандра Казуліна і Анатоля Лябедзькі, зрабілі насуперак іх рэкамэндацыям і парадам – 16 сакавіка міністры замежных справаў краінаў ЭЗ яшчэ на 9 месяцаў прыпынілі візавыя санкцыі адносна кіраўніка Беларусі і яшчэ 35 вышэйшых беларускіх урадоўцаў. На нешта большае Лукашэнку спадзявацца проста не выпадала.
Зь іншага боку сёньняшняя Беларусь – зусім ня сёньняшні Мадагаскар, масавых забурэньняў не назіраецца, войска на бок апазыцыі не пераходзіць, прэзыдэнцкі палац не захоплівае.
Дык з чаго ж гэткая дзікая вэрбальная агрэсія?
Магчымыя розныя тлумачэньні, у тым ліку і псыхіятрычныя. “І яны хочуць у гэтай краіне прыйсьці да ўлады? Відаць, ужо ня хочуць і не разьлічваюць, а проста зарабляюць грошы на чым папала”, і праз словы — “яны гатовыя прадацца любому, каб толькі скруціць галаву Лукашэнку, ускочыць у крэсла самім і разбамбіць краіну”.
Дык калі маюць намер “ускочыць у крэсла” прэзыдэнта, то, відаць, прыйсьці да ўлады ўсё ж хочуць. Ці ня хочуць? Глыбокая дыялектыка.
Але калі размова ідзе пра палітыка, які трымаецца ва ўладзе ўжо 15-ты год, псыхіятрычныя тлумачэньні лепш адкінуць. І прыгадаць пра яшчэ аднаго, насамрэч сур’ёзнага і небясьпечнага ворага беларускай улады – пра крызіс. Зьнешняя запазычанасьць працягвае расьці, экспарт разам зь беларускім рублём і занятасьцю падае, цэны адпаведна растуць.
Ранейшая мантра “у нас крызісу няма” ужо не працуе, яе магія блякне з кожным днём. І таму з кішэні дастаецца іншая, таксама магічная практыка – мантра пра злога чараўніка, які навёў сурокі. І ў межах гэтай практыкі рэальны ўплыў апазыцыі, рэальная пагроза, якая зыходзіць ад яе для ўлады, ня мае ніякага значэньня. Паехалі ў трыдзявятае царства брусэльскае, нашапталі слова чорнае, страшнае – вось ад таго і бядуе беларус. Гэта казка, варажба. Якой лёгікі можна патрабаваць ад шаманскіх заклінаньняў? А выснова зразумелая – трэба да апошняга трымацца за добрага чараўніка, які адзін можа змагацца з чорнай магіяй злых чараўнікоў.
Не спрацуе? Хто ведае. Калі на грамадзтва насоўваецца нейкая бяда, прычыны якой ніхто, па сутнасьці, не разумее, калі людзі ў роспачы, калі іх сьвет, што здаваўся ўчора такім устойлівым, раптоўна абрынаецца, у сьвядомасьці падымаюцца на паверхню старажытныя, першабытныя пласты. Ratio зьнікае, у свае правы ўступае жахлівая казка. І Лукашэнка гатовы яе распавесьці.
Не, ёсьць і іншае, менш экзатычнае тлумачэньне: мэта – дабіць апазыцыю, якая атрымала чарговую палітычную паразу. А дзеля чаго? Каб паўтарыць трук, разыграны на мінулым тыдні зь візытам эўракамісара Фэрэры-Вальднэр, каб яшчэ раз прынізіць эўрапейцаў і паказаць ім, што ім зь іх уласных абставінаў давядзецца палюбіць Лукашэнку ня проста “чорненькім”, а “вельмі чорненькім”? Дык можна ж і дадэманстравацца, Беларусь – не Азэрбайджан і не Туркмэністан зь іх нафтай і газам. Ці тут перасьцярога, што народ калі ня зараз, то праз пэўны час, усё ж ня вытрымае і вываліць на вуліцы пад сьцягамі апазыцыі? А яна вялікая – менавіта такая пагроза? І аб’ектыўна, і з пункту гледжаньня Лукашэнкі.
Але такое тлумачэньне мае права на існаваньне. Больш таго – тут той выпадак, калі справядлівасьць гіпотэзаў можна будзе праверыць. Калі выступ на “Віцебскдрэве” стане сыгналам да новай маштабнай хвалі рэпрэсіяў, адпаведнай ужываньню тэрміналёгіі часоў сталінскага тэрору – тады справядліва тлумачэньне, паводле якога мэта – дабіць апазыцыю.
Калі ж не, калі і пасьля віцебскіх шчыраваньняў рэпрэсіі будуць ісьці ранейшым роўным фонам, то гэта пацьвердзіць, што на “Віцебскдрэве” адбыўся сэанс палітычнай магіі і што ўладу палохае пэрспэктыва выхаду народу на вуліцу не пад сьцягамі апазыцыі, а пад зусім іншымі сьцягамі ці – што асабліва небясьпечна – зусім безь сьцягоў. Каб гэта перадухіліць, і была расказаная казка пра злых чараўнікоў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме