13:02 10.01.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Сасноў: «Такія прафсаюзы памруць, і ніхто помніка не паставіць»
Якой павінна быць роля прафсаюзаў у пераходных эканоміках, такой, як беларуская? Чаму большасьць беларусаў успрымае сёньня прафсаюзы не як грамадзкае аб’яднаньне, а як дзяржаўную структуры? Ці могуць прафсаюзы стаць перашкодай на шляху рынкавых рэформаў?
На гэтыя пытаньні адказвае незалежны сацыёляг, былы міністар працы Аляксандар Сасноў
Цыганкоў: У сацыяльна арыентаваных эўрапейскіх краінах роля прафсаюзаў — гэта адстойваць правы працоўных, сачыць за выкананьнем працоўнага заканадаўства і нават быць палітычнай падпоркай левым сілам. Наколькі роля прафсаюзаў у сёньняшняй Беларусі хоць неяк адпавядае гэтым задачам?
Сасноў: Па-першае, варта нагадаць, што сёньняшняя вага эўрапейскіх прафсаюзаў — гэта здабытак шматгадовай барацьбы працоўных за свае працы.
Што тычыцца беларускіх савецкіх прафсаюзаў, то яны не былі ўласна прафсаюзамі. Гэта была такая дзяржаўная структура, інстытуцыя, якая была ўбудаваная ў дзяржаўны мэханізм і выконвала адпаведную ролю. Памятаеце, усе паперы падпісвалі дырэктар, прафсаюз і парткам.
Цыганкоў: А чаму вы ўзгадалі савецкія прафсаюзы? Вы маеце на ўвазе, што сёньняшняя Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі недалёка адышла ад сваіх савецкіх папярэднікаў?
Сасноў: Менавіта гэта я і меў на ўвазе. Сёньня ФПБ — гэта мэханізм, які працуе як дзяржаўная інстытуцыя. Нават паводле сацыялягічных апытаньнях, людзі не разумеюць, што прафсаюзы — гэта грамадзкае аб’яднаньне. Бо сёньня Фэдэрацыя прафсаюзаў выконвае тое, што ім загадае «адзіны палітык краіны»
Цыганкоў: У краінах, якія зьведаюць эканамічныя трансфармацыі, маюць патрэбу ў рэзкіх эканамічных рэформах, традыцыйная, эўрапейская роля прафсаюзаў можа стаць пэўным тормазам. Натуральна, што падчас рэформаў працы працоўных могуць уціскацца. Калі б беларускае кіраўніцтва вымушанае было пачаць больш радыкальныя эканамічныя пераўтварэньні, ці маглі б цяперашнія прафсаюзы стаць тормазам?
Сасноў: Прафсаюзы для гэтага і існуюць, каб не даваць так, каб, можа быць, нейкі зацяты рэфарматар хацеў бы. Гэта нармальна, і гэта трэба ўлічваць. Але ж для гэтага прафсаюзы мусяць быць самастойнымі, а не выконваць тое, што ім загадвае ўлада.
Натуральна, у Беларусі ёсьць незалежныя прафсаюзы, свабодныя, якія дзейнічаюць самастойна і рэальна абараняюць правы працоўных. Але за тое іх і ціснуць, ім не даюць працаваць. Таму яны нязначныя па колькасьці і сваіх магчымасьцях.
Цыганкоў: Нават калі ў у Беларусі адбыліся нейкія істотныя палітычныя перамены — ці гатова беларускае грамадзтва хутка адаптавацца да той ролі, якую мусяць выконваць прафсаюзы? Ці яно яшчэ доўга будзе ўспрымаць іх як дадатак да адміністрацыі?
Сасноў: Гэта залежыць ад саміх прафсаюзаў. Калі яны будуць выконваць тую ролю, якую ім сёньня адводзіць дзяржава — дык памруць, і ніхто помнік не паставіць.
Калі ж яны стануць прафсаюзамі эўрапейскага ўзору, гэта іншая справа. Так, яны замінаюць, але на тое і існуюць трохбаковыя рады з дзяржавы, прафсаюзаў і прадпрымальнікаў. У Беларусі таксама існуе такая рада, але там дамінуе дзяржава, гэтая рада толькі для праформы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме