00:31 10.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Самазнішчэнне

Днямі давялося паспрачацца з маладзейшым калегам. У прысутнасці іншых журналістаў я выказаў меркаванне, што незалежныя СМІ ў Беларусі недастаткова асвятляюць справу Мікалая Аўтуховіча і яго галадоўку.

У пераважнай большасці публікацыяў усё зводзіцца да канстатацыі факту: 50-ы дзён галадоўкі, 75-ы, 85-ы... Зразумець, у чым сутнасць крымінальнай справы, якая вымусіла прадпрымальніка з Ваўкавыска пайсці на скрайнія, адчайныя захады, вельмі цяжка.

Падпалы... гранатамёт... зацягванне следства, замена адных абвінавачанняў на іншыя, галадоўка пратэсту — вось, бадай, і ўсё, што застаецца ў памяці звычайнага чытача або гледача. І хоць каментароў на гэтую тэму, у тым ліку, з боку юрыстаў і палітыкаў, хапае, цяжка пазбавіцца ўражання, што лёс чалавека, які павольна забівае сябе, жывучы на кропельніцы, адступае на задні план перад палітычнымі ці яшчэ нейкімі акалічнасцямі. Але ж чалавека трэба ратаваць...

У адказ калега абвінаваціў мяне ў тым, што я, як журналіст «старой фармацыі», заклікаю прэсу выступіць у абарону апазіцыянера, у той час, калі гэтым павінны займацца праваабарончыя арганізацыі. А медыі, маўляў, павінны займацца сваёй справай. На яго думку, чым часцей яны будуць пісаць і гаварыць пра Мікалая Аўтуховіча, тым хутчэй згасне цікавасць шырокай публікі да яго справы. Трэба найперш улічваць інтарэсы чытача і яго псіхалогію.

Магчыма, калега мае рацыю. Сапраўды, масавую аўдыторыю ў апошнія дні куды больш цікавілі абставіны смерці Майкла Джэксана і яго пахаванне ў Лос-Анджэлесе, чым галадоўка айчыннага прадпрымальніка ў турме. І я цалкам згодны з тым, што заклікаць людзей на барыкады — не функцыя СМІ. Нават у палітыцы такія заклікі страцілі сэнс.

Але ж, калі мы апрыёры ўпэўнены, што беларускага чытача абсалютна не цікавіць лёс чалавека — прытым, досыць вядомага, — дык гэта даволі сумная канстатацыя.

Сітуацыя нядобрая з усіх бакоў. Улады са свайго боку ўсімі праўдамі і няпраўдамі перакрываюць доступ прэсы да інфармацыі. Напрыклад, адвакату Аўтуховіча забаронена выказвацца па сутнасці яго справы, а следства не ідзе ні на якія кантакты з недзяржаўнай прэсай. Адзіная афіцыйная крыніца інфармацыі — турэмны лекар. У выніку, ацэнка падзеяў гучыць толькі з вуснаў праваабаронцаў і палітычных дзеячаў. І хоць няма падставаў ім не давяраць, усё адно атрымліваецца аднабаковае асвятленне справы.

З іншага боку, чытач не хоча ведаць нічога пра галадоўкі і пра ўсё, што можа сапсаваць яму настрой, альбо вывесці са стану ілюзорнай раўнавагі.

Ён пазбягае гэтай тэмы, як, напрыклад, і тэмы смяротнага пакарання. Як вядома, пасля прыняцця рэзалюцыі ПАРЕ, у якой уладам Беларусі настойліва рэкамендуецца (калі яна хоча атрымаць статус назіральніка) адмяніць пакаранне смерцю, адзін з асуджаных ужо быў расстраляны, а яшчэ аднаму нядаўна вынесены смяротны прысуд. І гэта не выклікала заўважнага рэзанансу ў прэсе, як і ў грамадстве ў цэлым.

Праўда, на канале АНТ у эфір нядаўна выйшла перадача, прысвечаная тэме смяротнага пакарання ў Беларусі. Падчас яе мы зноў змаглі пераканацца ў існаванні галоўнай праблемы — адсутнасці інфармацыі. Запрошаны на перадачу старшыня БХК Алег Гулак, напрыклад, адмовіўся даваць каментар наконт умоваў, у якіх утрымліваюць у месцах зняволення асуджаных на смерць. Адмовіўся з той простай прычыны, што афіцыйных звестак няма, а праваабаронцаў (ды нават і блізкіх сваякоў) да асуджаных не дапускаюць. Прадстаўнікі ж пенітэнцыярнай сістэмы, натуральна, заяўлялі, што ўсё робіцца згодна з законам, а значыць — ўсё ў поўным парадку.

Якое дачыненне мае згаданая тэма да справы Аўтуховіча? А гэта проста другі бок аднаго медаля. Беларускае грамадства не гатова задавацца складанымі маральнымі пытаннямі і нават не надта імі цікавіцца (а навошта, калі ў краіне ёсць галоўны чалавек, які за ўсё адказвае — хай ён і вырашае).

Але гэта не значыць, што на тэмы смерці і маральнай адказнасці не трэба пісаць. Адзін артыкул ці нават цэлая серыя артыкулаў не здольныя змяніць грамадскую думку. Аднак, варта нагадаць, што, напрыклад, у Францыі гільятына была прыведзена ў дзеянне апошні раз не так даўно — у 1977 годзе (у той час яна перасоўвалася па розных гарадах гэтай краіны), пры жыцці цяперашняга дарослага пакалення. Смяротнае пакаранне ў Францыі было скасавана, нягледзячы на тое, што грамадская думка цалкам яго падтрымлівала. Сёння ў ЕС за вяртанне пакарання смерцю выступаюць толькі маргінальныя палітыкі.

Было б недаравальнай памылкай лічыць, што чыя б то ні было смерць, нават прынесеная ў ахвяру нейкім ідэалам і прынцыпам, можа палепшыць сітуацыю ў якой бы то ні было галіне жыцця. Самазнішчэнне чалавека проста лягло б на грамадства і на нас усіх яшчэ адной чорнай плямай.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме