09:30 27.05.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Сітуацыя патрабуе ад дэмакратычных сіл Беларусі кансалідацыі

26 траўня адбылося пасяджэнне круглага стала па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі.

Удзел у пасяджэнні прынялі каардынатар Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, сустаршыня аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі, сябра Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. 

Па выніках абмеркавання лідэрамі апазіцыі прыняты дакумент, які мы прыводзім цалкам.

УМОВЫ ПРАВЯДЗЕННЯ ПРЭЗІДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ Ў БЕЛАРУСІ 2010/11 ГОДА

Прагнозная ацэнка дзеянняў рэжыму

З улікам досведу мінулых прэзідэнцкіх выбарчых кампаній, парламенцкіх выбарчых кампаній 2004 і 2008 гадоў, толькі што завершанай кампаніі па выбарах мясцовых Саветаў і апошнімі тэндэнцыямі ўнутрыпалітычнага развіцця ў нашай краіне, мы робім наступныя высновы.

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія пройдзе ва ўмовах рэпрэсій і спробаў запалохаць незалежнае грамадства. Кіроўны рэжым будзе падаўляць дэмакратычныя СМІ, праводзіць рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў – сябраў каманд апазіцыйных кандыдатаў, у тым ліку іх масавыя прэвентыўныя арышты напярэдадні галасавання па сфабрыкаваных абвінавачаннях. У першую чаргу будуць ізаляваныя патэнцыйныя лідэры масавых пратэстаў. Актывізуецца антыдэмакратычная дзейнасць спецслужбаў. Дзяржаўныя СМІ, найперш тэлебачанне, разгорнуць шырокую паклёпніцкую кампанію супраць апазіцыі. Да ўдзелу ў выбарчай кампаніі рэжымам будзе прыцягнуты тэхнічны кандыдат (ці кандыдаты), каб стварыць ілюзію спаборніцтва на выпадак байкоту выбараў дэмакратычнымі сіламі. Будуць спробы падкупіць частку дэмакратычнай апазіцыі для легімітызацыі Лукашэнкі ўзамен на дэпутацкія месцы ў Нацыянальным сходзе.

Улада будзе імкнуцца не дапусціць рэзкага падзення жыццёвага ўзроўню да завяршэння выбараў, нават коштам эканамічнага абвалу ў будучым. Пачнецца некантралюемы грамадствам працэс “прыхватызацыі” і распродажу стратэгічных суб’ектаў гаспадарання.  Рэжымам будуць рабіцца спробы атрымаць падтрымку Масквы шляхам кароткатэрміновых саступак насуперак нацыянальным інтарэсам Беларусі. Асноўныя намаганні ў стасунках з Захадам будуць рабіцца, каб не дапусціць рэальнай падтрымкі беларускай апазіцыі і зменшыць пратэсты супраць рэпрэсій і фальсіфікацый.

Падчас выбараў будзе шырока выкарыстоўвацца адміністрацыйны рэсурс. Дэмакратычны кандыдат будзе пазбаўлены неабходных ўмоў для правядзення перадвыбарчай кампаніі. Улады будуць шырока ўжываць прымушэнне да датэрміновага галасавання па месцах працы і вучобы, у выніку якога больш трэці ад агульнай колькасці выбаршчыкаў прагаласуе датэрмінова. Бюлетэні ў скрынях датэрміновага галасавання будуць падмяняцца чыноўнікамі прэзідэнцкай “вертыкалі”. Апазіцыю не будуць уключаць у склад участковых выбарчых камісій, назіральнікі не атрымаюць права назіраць за падлікам бюлетэняў. Рэальная яўка выбаршчыкаў на выбары будзе завышана цалкам падкантрольнымі рэжыму выбарчымі камісіямі на 20-30%. Аб’яўлены ЦВК афіцыйны вынік выбараў (85-90% за дзейнага кіраўніка рэжыму) не будзе ніякім чынам звязаны з рэальным волевыяўленнем беларускага народу.

Названыя прагнозныя ўмовы патрабуюць ад дэмакратычных сіл Беларусі кансалідацыі і распрацоўкі адпаведнай стратэгіі, скіраванай на тое, каб вышэйвыкладзеныя прагнозы не спраўдзіліся.

Яны таксама накладваюць пэўную адказнасць на міжнародную супольнасць, перад якой у ацэнцы вынікаў прэзідэнцкай кампаніі паўстане выбар паміж каштоўнасцямі і прагматычнымі інтарэсамі.

Прынята 26.05.2010 г. на пасяджэнні “Круглага стала па вылучэнню адзінага кандыдата”.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме