23:33 16.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
С.Алексіевіч: “Сёньня грамадзтва разумнейшае за ўладу"
У выставачным павільёне “Белэкспа”, дзе гэтымі днямі праходзіць ХVІ Міжнародная Менская кніжная выстава, адбылася сустрэча зь беларускай пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч, якая цяпер жыве і працуе ў Бэрліне.
Сьвятлана Алексіевіч — найчасьцей выдаваны сучасны аўтар у Японіі, нядаўна яна атрымала Нацыянальную прэмію крытыкаў ЗША. Але ў роднай Беларусі кнігі Сьвятланы Алексіевіч не выдаюць.
У маскоўскім выдавецтве “Время” толькі што выйшаў чатырохтомнік твораў Сьвятланы Алексіевіч. У невялічкім закутку каля стэнду гэтага расейскага выдавецтва і адбылася сустрэча пісьменьніцы зь землякамі.
Ахвотных трапіць на сустрэчу зь пісьменьніцай было вельмі шмат. Многія прыйшлі з кветкамі. Маленькі закуток ня мог зьмясьціць усіх. Сотні людзей стаялі ў чарзе па аўтографы да аўтаркі. Сама Сьвятлана была вельмі ўражаная такім прыёмам і ўсхваляваная:
“Я вельмі радая, што праз 10 альбо 15 гадоў урэшце я дома і магу гаварыць са сваімі чытачамі на радзіме. Я вельмі засумавала бяз вас…”
За 30 гадоў творчага жыцьця Сьвятлана Алексіевіч напісала 5 кніг. Яны выйшлі мільённымі накладамі ў ста выдавецтвах сьвету. Цяпер яна працуе яшчэ над трыма творамі. Пісьменьніца прызнаецца:
“Я ўсе кнігі пішу па 10 гадоў, вось «Чарнобыльскую малітву» — 11 гадоў. Калі чытаеш — здаецца, гэта ня так цяжка. А насамрэч сабраць гэты трагічны матэрыял вельмі складана. Але яшчэ складаней — знайсьці новы погляд, новы ракурс, укласьці гэта ў нейкую новую філязофію, каб гэта сапраўды было адкрыцьцём… Мы сёньня ўжо дастаткова культурныя, дастаткова разумныя. Сёньня грамадзтва разумнейшае за ўладу, разумнейшае нават за мастацтва і літаратуру. Таму вельмі сур’ёзна трэба думаць, з чым можна выйсьці да вас і што вам сказаць”.
У маскоўскім выдавецтве “Время”, якому пісьменьніца перадала правы на выданьне яе кніг на расейскай мове, выйшлі чатыры тамы з заплянаванага сямітомніка твораў (“У вайны не жаночы твар”, “Апошнія сьведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”). Цяпер яна піша новую кнігу “Сэканд Хэнд. Канец чырвонага чалавека”. Гэта кніга пра апошнія 20 гадоў нашага жыцьця, якія былі вельмі складаныя для самой Сьвятланы, складаныя для ўсіх беларусаў:
“Складаныя гады не таму, што канфлікт з уладай, канфлікт, часам, і з маімі героямі, якія таксама ва ўладзе свайго часу, ва ўладзе нейкіх маніпуляцый… Мы ўсе безабаронныя перад сваім часам, перад краінай. Я думаю, кожны з нас у адзіноце прайшоў гэты шлях. Таму што ніколі не было яшчэ такога шляху — ад сацыялізму да капіталізму. Я асабіста была да гэтага не гатовая. А ў Беларусі, у параўнаньні з той жа Расеяй, іншымі краінамі, як бы запаволеныя гэтыя працэсы пераходу ў капіталізм, у рынак. У нас такі “аўтарытарны сацыялізм”, калі ёсьць такая разнавіднасьць”.
Новая кніга Сьвятланы Алексіевіч складаецца зь некалькіх частак: пра што гаварылі на кухнях у 1987—1997 гадах — 10 гісторый у чырвоным інтэр’еры; хоры з вулічнага шуму 1997—2007 гадоў — 10 гісторый без інтэр’еру. Яна сама ў роспачы:
“Я вяду цягам ужо 30 гадоў вось гэтую «хроніку чырвонай цывілізацыі» — пішу пра тое нашае жыцьцё, якое называлася сацыялізмам. Але мы, нягледзячы на тое, што езьдзім на іншых аўтамабілях, носім імпартныя, кітайскія і італьянскія, шмоткі, пакуль яшчэ застаёмся савецкімі. Мы пакуль яшчэ з зусім іншага часу, які не супадае зь цяперашнім часам. І кожнаму з нас трэба прайсьці яшчэ гэты нялёгкі шлях”.
У плянах пісьменьніцы — дапісаць кнігу пра каханьне, завершыць працу над кнігай “Канец чырвонага чалавека”. А сёмая кніга будзе пра старасьць. Яна верыць ў лепшае:
“Улада будзе такой, якой будзем мы. Улада — наша адлюстраваньне. Уладу трэба нікому не аддаваць. Яе трэба браць цывільным шляхам. Яе трэба адстойваць кожнаму з вас. Трэба змагацца на прасторы сваёй асобы, сябе трэба мяняць. І гэта адзіны шлях: мы будзем новыя, і жыцьцё будзе новае. Вось пра гэта я і пішу”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме