20:01 21.03.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Рэспубліка бэтоннай пліткі “Беларусам складана даказаць суседзям свае правы”

Ад рэдакцыі. Адразу падкрэсьлім, што рэальную магчымасьць зруйнаваньня крыжа Кастусю Каліноўскаму за рэканструкцыяй Лукішскага пляцу, якая прадугледжваецца гарадзкімі ўладамі Вільні, мы рэзка асуджаем і лічым несяброўскім учынкам да беларусаў ды непавагаю да агульнай гістарычна-культурнай спадчыны. Аднак падаем погляд на гэтую справу з боку. (ucpb.org)

Сваімі ўражаньнямі наконт таго, чаго варты беларускі пратэст супраць зносу ў Вільні крыжа ў гонар Кастуся Каліноўскага, дзеліцца польскі журналіст Цэзары Галіньскі.

– Ужо пэўны час уважліва адсочваю інфармацыю наконт спробаў захаваньня крыжа ў памяць Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Знак у гонар кіраўніка нацыянальнага паўстаньня ня ўпісваецца ў архітэктурныя пляны гарадской мэрыі, датычныя Лукіскага пляцу, дзе 22 сакавіка 1864 году быў павешаны “Яська, гаспадар з-пад Вільні”.

Нічога ня скажаш, рашэньне ўладаў літоўскай сталіцы скандальнае. Але ўсё ж такі пэўную лёгіку можна ў ім адсачыць. Прадстаўнікі адной з трох нацыяў, якія ў гістарычным і культурным кантэксьце прэтэндуюць на Вільню, цяпер там законныя гаспадары. І трэба сказаць – добрыя гаспадары.

Я памятаю свае першыя сустрэчы зь Вільняй, яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Прыкладна тады я пачынаў знаёміцца таксама зь беларускай Горадняй. І шчыра кажучы – акрамя большай колькасьці захаваных помнікаў архітэктуры, вялікай розьніцы паміж гэтымі гарадамі ня бачыў. Тыя самыя цёмныя вуліцы, тая самая аблезлая фарба на фасадах – што ў завулках каля Дыджоі, што ў падворках каля Савецкай.

За 20 гадоў ўсё стала іншым. Літоўцы як сапраўдныя гаспадары адрадзілі свой горад, які дарэчы ў гэтым годзе стаў культурнай сталіцай Эўропы. А што адрадзілі яго як СВОЙ горад?.. Ну, што ж – іхнае права.

А я ўзгадваю мае гарачыя спрэчкі зь менскімі адраджэнцамі пачатку 90-х, якія пераконвалі мяне, што Вільня – не літоўская і ня польская, але беларуская. Калі слухаць гэта было ўжо немагчыма, я біў ніжэй пояса. “І дзякуй Богу, што Вільня засталася за літоўцамі, – казаў я тады. – Пайшла б мяжа далей на поўнач, не было б зараз ні Вострай Брамы, ні Катэдры, ні мясьцінаў, зьвязаных зь Міцкевічам...” Канешне, мае менскія сябры тут жа пачыналі дуцца і абзываць мяне антыбеларускім шавіністам.

Але лепш такі шавінізм, чым інтэлектуальныя мроі аб старажытных ліцьвінах і спадчыне Вялікага Княства – на фоне грамадзкай (дый грамадзянскай) абыякавасьці да фізычнага разбурэньня матэрыяльнай спадчыны вялікай гісторыі ва ўласнай краіне. Нясьвіскі замак – без пачварнай цыбуліны на вежы і з сапраўднымі мурамі – ужо не вярнуць.

Літоўцы нават без крыжа на Лукішках неяк выжывуць. Помнікаў гісторыі там хапае, і яны пад надзейнай аховай. Kostas Kalinauskas там таксама не адзіны герой. Таму раптоўная актыўнасьць з нагоды абароны лукіскага крыжа з боку беларусаў выглядае амаль крывадушнай.

Што, у самой Беларусі няма чаго абараняць? Хто клаўся на гарадзенскім бруку, хто днём і ноччу абараняе ад г.зв. “рэстаўратараў” сьвятыя муры Каложы? Дзе былі ланцугі неабыякавых людзей на вуліцах Замкавай і Гандлёвай у Менску? Не было. І вуліцаў таксама ўжо няма. Зноў узгадваецца адзінокі Пазьняк і бульдозэры на Нямізе...

Літоўцу і паляку гэтага не зразумець. А беларусам складана будзе даказаць суседзям свае правы на спадчыну Вялікага Княства, Каліноўскага і Касьцюшкі.

Канешне, пакуль можна ўсё валіць на калгасны рэжым Лукашэнкі. Але жыць у гэтай краіне прыйдзецца і пасьля яго. Няўжо да таго часу гэта будзе краіна муляжоў і “сярэднявечных” шклопакетаў? «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг можна вярнуць хоць заўтра, але пабудаваць на бэтоннай плітцы нацыянальную сьвядомасьць і гонар за Радзіму будзе значна цяжэй.

***
Цэзары Галіньскі. Сёлета ў верасьні яму 40 гадоў.

Зь іх амаль траціну аддаў працы карэспандэнтам “Газэты выборчай” ў Беларусі а таксама супрацоўнікам польскай службы Бі-Бі-Сі і Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода.

Перадаваць свае матэрыялы ў заходні друк Цэзар пачаў ад 1991 году. Спадар Галіньскі супрацоўнічаў тады і зь незалежнымі беларускімі СМІ — газэтай “Свабода”, гродзенскай “Біржай інфармацыі”. Цяпер жыве ў Беластоку, а працуе там і ў Варшаве, на тэлеканале “Белсат”. Таму добра ведае, што адбываецца ў Менску, Горадні, Магілёве…

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме