17:00 08.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Расея забараняе беларускую тэхніку
Сёньня ў Менску пройдуць беларуска-расейскія перамовы ў пытаньні ўзаемных паставак сельгастэхнікі.
Расейскі бок будзе прадстаўляць дэлегацыя расейскага Саюзу вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталяваньня для АПК (“Союзагромаш”) на чале з кіраўніком саюзу Яўгенам Карчавым.
Зь беларускага боку ў перамовах возьмуць удзел прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія вырабляюць сельгастэхніку, паведамляе БелаПАН.
Нагадаем, 26 чэрвеня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, адзначыў наяўнасьць захадаў, скіраваных на забарону рэалізацыі беларускай тэхнікі ў Расеі. “Расея пакуль не пагаджаецца на субсыдыяваньне на парытэтнай аснове закупаў беларускай тэхнікі. І сёньня можна канстатаваць, што ідзе забарона на рэалізацыю беларускай тэхнікі”, — сказаў ён.
Паводле спадара Сямашкі, Расея зьняла 15-адсоткавую прэфэрэнцыйную надбаўку на карысьць сваіх вытворцаў. “Але калі ўзяць статыстыку, то 85—90% аўтатрактарнай прадукцыі і сельгастэхнікі набываецца ў Расеі асобнымі спажыўцамі з улікам прэфэрэнцыяў, субсыдыяў з фэдэральнага бюджэту праз “Россельхозбанк”. З гэтага вынікае, што купляецца толькі расейская тэхніка”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Ён зазначыў, што Беларусь настойвае на парытэтных умовах субсыдыяваньня закупаў. “Прычым глыбіня нашых субсыдый значна большая: у Расеі субсыдыі складаюць дзьве траціны працэнтнай стаўкі па банкаўскім крэдыце, у Беларусі ж дарагая тэхніка субсыдыюецца ў памеры 50% намінальнага кошту і поўнай працэнтнай стаўкі па банкаўскім крэдыце. Мы гатовыя ісьці на такія выдаткі”, — дадаў ён.
6 ліпеня на нарадзе ў Растове-на-Доне гендырэктар “Ростсельмаша” ВалерыйМальцаў заявіў аб “прыхаваным” імпарце беларускай сельгастэхнікі ў Расею. Паводле яго слоў, беларускі “Гомсельмаш” пастаўляе тэхніку ў Бранск, дзе на машынах “мяняюцца этыкеткі, афармляюцца дакумэнты як на вырабленыя ў Расіі, і потым на іх распаўсюджваюцца расейскія льготы”.
Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў гэтыя зьвесткі праверыць і падкрэсьліў, што даступнасьць рынкаў Расеі і Беларусі павінна быць раўназначная.
Прадстаўніца “Ростсельмаша” Тацяна Закаблукава паведаміла журналістам, што Беларусь кожны год пастаўляе на расейскі рынак больш як 1100 камбайнаў. Пры гэтым “Ростсельмаш” фактычна пазбаўлены такой магчымасьці, бо “беларускі бок не выконвае кантрактныя абавязаньні па закупцы расейскай тэхнікі”. У прыватнасьці, паводле апошняй дамовы Беларусь павінна была закупіць 200 камбайнаў, але закупіла ўсяго 30.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме