13:47 23.07.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Раманчук: Адзіная крыніца аптымізму Сідорскага — гэта моцная сьпёка. Перагрэліся…
Беларусь у 2011—2015 гадах мае намер павялічыць аб’ём прамых замежных інвэстыцый да $7 млрд. у год. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі 21 ліпеня. Паводле Сідорскага, паказьнік замежных інвэстыцыяў "пастаянна знаходзіцца на ўзроўні $1—1,5 млрд., што, на жаль, недастаткова для эфэктыўнага разьвіцьця эканомікі. Мы ўпершыню ўводзім паказчык прамых замежных інвэстыцый на чыстай аснове ў аб’ёме да $7 млрд. штогод".
Ці рэальна адразу ў некалькі разоў павялічыць аб’ём інвэстыцыяў? Чаму галоўным інвэстарам беларускай эканомікі можа стаць Кітай? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць эканаміст Леанід Злотнікаў і кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
Цыганкоў: "Пра намеры радыкальна павялічыць прамыя замежныя інвэстыцыі беларускае кіраўніцтва кажа даўно. Вялікія надзеі ўскладаліся на Лёнданскі інвэстыцыйны форум, які прайшоў у лістападзе 2008 году — але не прынёс істотных пазытыўных зьменаў. Ці ёсьць зараз нейкія падставы казаць, што пойдуць інвэстыцыі? Адкуль у Сяргея Сідорскага такі аптымізм?"
Раманчук: "Я думаю, адзінай крыніцай такога аптымізму ёсьць незвычайная сьпякота, што ўсталявалася ў Беларусі. Перагрэліся спадары ў сваіх кабінэтах. 7 мільярдаў даляраў — тая сума, якой акурат не хапае, каб заплаціць кароткатэрміновыя даўгі. Трэба ж перад 15 жніўня, калі можа адбыцца вялікі кадравы ператрус, выглядаць аптымістам.
Ніякіх рэальных падставаў, інвэстыцыйных плянаў, крэдытных лініяў няма. Сёмы месяц урад ня можа нарадзіць дырэктыву аб лібэралізацыі. А бяз гэтай дырэктывы, бязь зьмены стаўленьня да інвэстыцыяў ніякіх зьменаў ня будзе".
Цыганкоў: "Тым ня менш часта беларускае кіраўніцтва знаходзіць нечаканае выйсьце з самых складаных эканамічных сытуацыяў. Можа, такім выйсьцем зараз можа стаць кітайскі вэктар? Называюць фантастычныя лічбы — 15 мільярдаў ад Кітаю…"
Злотнікаў: "Варта ўдакладніць, што трэба весьці размову пра чыстыя прамыя замежныя інвэстыцыі. У мінулыя гады гэтая сума складала 1,5—2 мільярды даляраў. Але адкуль могуць узяцца 6—7 мільярдаў, невядома. Тым больш што з крызісам канкурэнтаздольнасьць беларускіх прадпрыемстваў панізілася.
Што тычыцца прамых кітайскіх інвэстыцыяў, то яны дагэтуль былі вельмі малыя — 20, 50 мільёнаў даляраў у год. Тое, што кажуць пра 17 мільярдаў, — гэта не інвэстыцыі, гэта крэдытная лінія. Павінны быць валютаакупныя праекты — тады кітайцы дадуць крэдыт пад гэтыя праекты".
Цыганкоў: "А ці можа быць такі варыянт, што дзеля статыстыкі некаторыя іншыя формы фінансавых уліваньняў будуць палічаныя як інвэстыцыі?"
Злотнікаў: "Так, у статыстыку прамых інвэстыцыяў ідуць і даходы ад прыватызацыі. Калі будзем штогод прадаваць на 3—4 мільярды дзяржаўную маёмасьць, то гэта таксама будзе ўлічвацца як інвэстыцыі. Але я мяркую, што больш чым мільярд у год няма з чаго атрымліваць".
Цыганкоў: "А "Беларуськалій"?"
Злотнікаў: "Тое, што прапанавалі за 5—6 мільярдаў прадаць пакет акцыяў, нават меншы за 25 працэнтаў, — то, я думаю, кітайцы ўмеюць лічыць грошы і ня пойдуць на гэта".
Цыганкоў: "Некаторыя асьцерагаюцца, што кітайцы даюць грошы пры ўмове, што на іх трэба купляць кітайскую прадукцыю і кітайскія тэхналёгіі — а гэта ўчорашні дзень заходніх тэхналёгіяў…"
Раманчук: "З пункту гледжаньня камэрцыйнай жылкі кітайцы яшчэ дадуць фору і літоўцам, і палякам, якія таксама жадаюць укладаць у Беларусь, але пакуль ня могуць знайсьці добрыя праекты. Тое, што адбылося ўжо з кітайскім іржавым абсталяваньнем, мае цікавы ракурс. Беларуская кампанія, якая павінна была сачыць за якасьцю, не адсачыла гэта добра. Таму кітайцы хочуць цяпер наняць французаў, каб яны гэта рабілі.
Нагадаю, што замежныя інвэстыцыі ў Беларусь ужо маюць даволі вялікі нэгатыўны шлейф. Была лінія нямецкая "Гермэс", была крэдытная лінія з Аўстрыі, быў чэскі крэдыт, на які куплялі збожжа — і большасьць гэтых праектаў скончылася камэрцыйным фіяска. Таму, я думаю, Кітай будзе насьцярожана да гэтага ставіцца і, акрамя некалькіх сотняў мільёнаў, больш нічога ня дасьць".
Цыганкоў: "Можа, кітайцаў тут прываблівае ня толькі эканамічны, але і палітычны чыньнік? Як пішуць праўладныя ідэолягі, Беларусь стане апірышчам Кітаю ў Эўропе…"
Раманчук: "Калі размова ідзе пра тое, каб працаваць у Эўропе, то кітайскага бізнэсу ўжо шмат па ўсёй Эўропе. Шукаць падмурак у Беларусі, якая не зьяўляецца сябрам WTO, якая ня мае статусу рынкавай эканомікі, якая ня мае дамовы пра зону вольнага гандлю з Эўропай — навошта? Каб працаваць толькі на беларускі рынак у 9 мільёнаў пакупнікоў? Гэта адзін кітайскі горад.
Кітайцы ня будуць укладаць грошы пад чыстую палітыку. Бо найперш іх цікавіць бізнэс — гэтак яны паводзяць сябе ў Афрыцы, у Паўднёвай Амэрыцы. І я ня думаю, што яны ў Эўропе будуць паводзіць сябе інакш".
Злотнікаў: "На самой справе Кітай зацікаўлены, каб мець стратэгічнае партнэрства хаця б з адной краінай у Эўропе. Бо ён хоча быць геастратэгічным гульцом. Як у свой час СССР быў зацікаўлены ў Кубе і карміў яе. Але кітайцы больш схільныя лічыць грошы.
Нагадаю, што была крэдытная лінія ад Кітаю на мільярд даляраў у мінулыя два гады. Але не наскрэблі праектаў, каб цалкам выбраць гэты мільярд. Тое, што беларускі ўрад прапануе рэалізоўваць інфраструктурныя праекты, дык гэта нерэальна. Бо такія праекты ня могуць быць рэалізаваныя ў настолькі хуткія тэрміны, каб стаць прывабнымі для крэдытаваньня".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме