12:48 14.05.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека разгледзела сытуацыю ў Беларусі
У Жэнэве адбылося прадстаўленьне ўнівэрсальнага пэрыядычнага дакладу па Беларусі. Афіцыйную беларускую дэлегацыю, якая прадставіла свой даклад, узначальваў сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Міхаіл Хвастоў.
Паралельна некалькі няўрадавых арганізацый Беларусі ("Вясна", "Асамблея НДА", БХК, БАЖ) падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад, у якім вылучылі каля 50 рэкамэндацыяў паляпшэньня становішча з правамі чалавека ў Беларусі.
Паводле лідэра праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, асноўнае пытаньне, на якім спыніліся дэлегаты практычна ўсіх краінаў - адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Краіны патрабавалі неадкладнага ўвядзеньня мараторыя, а пасьля і адмены сьмяротнага пакараньня.
Вялікую ўвагу прыцягнула таксама і пытаньне адмены пункта 193.1 "Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі". Краіны патрабавалі большай свабоды сходаў, мітынгаў, права на асацыяцыю, на ўтварэньне няўрадавых арганізацый.
"У адказ на гэта беларуская дэлегацыя часта адмоўчвалася. Напрыклад, зусім нічога не было сказана наконт зьніклых, хаця некалькі краінаў нагадвалі, што беларускія ўлады павінны расьсьледаваць гэтую праблему ў Беларусі", - адзначыў Алесь Бяляцкі.
Таксама не было адказу на заўвагу аб зьменах у крымінальным кодэксе, што датычацца артыкула 193.1.
А што да сьмяротнага пакараньня, то Міхаіл Хвастоў адказаў, што быў рэфэрэндум, з вынікамі якога мы павінны лічыцца і нічога большага пакуль зрабіць немагчыма, апроч таго, што распачаліся кансультацыі з людзьмі і створана адмысловая камісія", - сказаў Алесь Бяляцкі.
"Нягледзячы на тое, што працэдура мела шмат у чым фармальны характар, тым не менш упершыню так востра прагучалі тыя пытаньні, пра якія мы бясконца гаворым на такой шырокай міжнароднай арэне", - адзначыў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна».
Няўрадавыя праваабарончыя арганізацыі таксама правялі брыфінг, прысьвечаны артыкулу 193.1.
"Мы распавялі як працуе гэта артыкул у нас. У некаторых замежных дэлегатаў гэта выклікала проста шок, бо такі артыкул – гэта вялікая рэдкасьць. Нават на былой постсавецкай прасторы ён існуе толькі ў Туркмэністане".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме