19:15 23.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Пукач прызнаўся ў забойстве Гангадзэ

На фота: Калаж. Зьлева направа: генэрал-забойца А.Пукач, забіты журналіст Г.Гангадзэ, тагачасны прэзідэнт Л.Кучма.

Затрыманы праваахоўнымі органамі Аляксей Пукач прызнаўся ў тым, што ўдзельнічаў у забойстве журналіста Георгія Гангадзэ.

Колішняга кіраўніка крымінальнай выведкі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксея Пукача шукалі 6 гадоў, і 21 ліпеня затрымалі ў адной з вёсак ў Жытомірскай вобласьці. Яго паказаньні сталі тым ланцугом, якога не хапала для завяршэньня расьсьледаваньня забойства Гангадзэ, лічаць у Генэральнай пракуратуры Ўкраіны.

Пукач прызнаўся ў тым, што асабіста забіў Гангадзэ, паведаміў прадстаўнік службы бясьпекі Ўкраіны.

Паведамляецца, што неўзабаве адбудзецца вочная стаўка Пукача з ягонымі былымі падначаленымі, выканаўцамі забойства Міколам Пратасавым, Валерам Кастэнкам і Аляксандрам Паповічам, якая дасьць магчымасьць аднавіць падрабязнасьці злачынства.

Украіна стала сьведкай завяршэньня найпрынцыповай крымінальнай справы, заявіў пасьля затрыманьня Пукача прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка.

”І прынцыповасьць ня толькі ў тым, што перамагае справядлівасьць, а ў тым, што яна перамагае нават у дачыненьні да найвышэйшых асобаў у дзяржаве.

Я ўчора даў даручэньні, каб ані валасінка не ўпала з галавы Пукача, каб ён знаходзіўся на тэрыторыі, якую штосэкунду кантралююць на прадмет бясьпекі ягонага жыцьця”, — адзначыў Юшчанка.

Прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка сказала, што затрыманьне Пукача не дае болей магчымасьці зацягваць сьледзтва. “Гэтым разам будуць прыцягнутыя да адказнасьці ня толькі выканаўцы, але і замоўнікі забойства, якія цяпер працягваюць раскошна жыць”.

Георгі Гангадзэ быў скрадзены 16 верасьня 2000 года. Праз два месяцы ягоны абезгалоўлены труп быў знойдзены ў лесе пад Кіевам.


***
У тым жа годзе 7 ліпеня ў Беларусі быў скрадзены апэратар расейскай тэлекампаніі ОРТ Дзьмітры Завадзкі. Роўна за год да выкраданьня Гангадзэ 16 верасьня 1999 году ў Беларусі былі скрадзеныя вядомы беларускі палітык Віктар Ганчар і ягоны сябра – бізнэсовец Анатоль Красоўскі. 7 траўня 1999 года быў скрадзены былы міністар унутраных справаў Беларусі Юры Захаранка. Справы аб зьнікненьні Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі не былі даведзеныя да суду. У сакавіку 2002 году быў вынесены прысуд былым супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьня МУС, прызнаным вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага. Цела журналіста знойдзена не было.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме