12:45 02.07.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Прывід Балта-Чарнаморскага саюзу страшыць Маскву
Ані году без вайны, ані году без міру. Газавыя канфлікты з Расіяй, здаецца, робяцца паўсядзённасцю для нашых грамадзянаў і адначасова адзінай відавочнай дэкларацыяй нашай незалежнасці (прынамсі дзяржаўнай). Сёлетнія “баявыя дзеянні” насуперак традыцыі адбываюцца не напярэдадні ўлюбёных народам зімовых святаў, а падчас летняга сезону.
Эксперты з самага пачатку прапаноўвалі дзве версіі прычын канфлікту. Першая – змушэнне беларускіх уладаў да ратыфікацыі пагадненняў Мытнага саюзу. Аднак матэрыялізацыя прэтэнзіяў у выглядзе 200 млн даляраў нешта не пераконваюць у слушнасці такой версіі. Да таго ж у Беларусі хутка знайшліся контрдовады ў выглядзе нявыплачанай расейскай запазычанасці, сума якой кампенсуе тыя неспадзяваныя выдаткі. Дык ці вартыя кароткачасовыя страты памылак у стратэгіі пазіцыянавання краіны на постсавецкай эканамічнай прасторы?
Другая версія, не менш папулярная ў экспертным асяроддзі, – чарговая спроба дамагчыся ад беларускага кіраўніцтва саступак у прыватызацыі буйных прамысловых аб’ектаў, у прыватнасці, прымусіць да продажу кантрольнага пакету "Белтрансгазу". З пачатку “газавых войнаў” у 2002 годзе расейскі бізнес сапраўды імкнуўся атрымаць максімум карысці з супрацьстаяння саюзнікаў, балазе, умовы і аб’екты для прыватызацыі вызначаліся выключна кіраўніком дзяржавы. Аднак любому паліттэхнолагу ў Крамлі вядома, што вымушаць Лукашэнку аддаць кантроль над "трубой" напярэдадні выбараў – марная пацеха, вынік прадказальны нават не на 100, а на 200 %.
Ці не ведала расійскае кіраўніцтва, якою будзе рэакцыя беларускага боку і асабіста Аляксандра Лукашэнкі на чарговы ўльтыматум? Здаецца, ведала. Досвед усіх “газавых войнаў” сведчыць, што ў газавых канфліктах Лукашэнка змагаецца за кожны даляр і заўсёды публічна пераводзіць спрэчку ў палітычнае поле. Чарговае пацвярджэнне гэтаму – інтэрв’ю тэлеканалу "Euronews". Таму нядаўнія мантры масквацэнтрычнага ліберала Леаніда Злотнікава на канале "Белсат" пра тое, што наскрозь ліберальны "Газпром" толькі чарговы раз хацеў надаць адносінам з Беларуссю прагматычны рынкавы характар, не вытрымліваюць крытыкі. І Беларусь, і Расія з аніводным значным гандлёвым партнёрам не сябравалі "чыста эканамічна": палітычны фактар як фірмовая прыправа заўсёды дадаваўся да асноўнай стравы.
Дык чаму ж тады "Газпром" наважыўся на такі абсалютна безнадзейны крок, не зважаючы, як сцвярджаюць адмыслоўцы, на пагаршэнне свайго іміджу на еўрапейскім рынку? Нашыя эксперты чамусьці не звярнулі ўвагі на інфармацыю пра тое, што "Газпром" пасля пачатку вайны з Беларуссю паслаў ва Украіну заяўку на павелічэнне дзённага транзіту газу ў Еўропу на 55–67 млн кубаметраў, якія зніклі з беларускай трубы . А ўжо 22 чэрвеня ўкраінскі прэм’ер-міністр Мікалай Азараў заявіў, што Украіна можа пампаваць у Еўропу дадаткова ад 15 да 30 млрд кубаметраў штогод.
Яшчэ адно супадзенне – адначасова з запланаваным візітам прадстаўнікоў "Газпрому" ў Мінск у Маскву накіраваўся прэм’ер Украіны Азараў, каб абмеркаваць умовы газавага транзіту і магчымае зліццё "Нафтагазу" з "Газпромам" у стылі joint venture. І можа, зусім не выпадкова перамовы ў Мінску наконт транзітных ставак адклалі, а вось з Азаравым перамоваў ніхто не адмяняў. Відавочна, што ў Маскве спачатку хочуць абмеркаваць украінскія прапановы, у тым ліку наконт транзіту, а ўжо потым выстаўляць умовы Мінску.
Аднак для таго, каб зладзіць такі транзіт, Украіне трэба мадэрнізаваць газатранспартную сістэму, на чым даўно настойвае як Масква, так і Брусель. "Газпром" яшчэ за часамі Цімашэнкі прагнуў "з’есці" "Нафтагаз" і ўкласці грошы ў такога кшталту мадэрнізацыю. Дык, можа, асноўнай мэтай Расіі быў зусім не "сінявокі" саюзнік? Чарговая бесперспектыўная газавая "вайнушка" магла стаць выдатным фонам для перамоваў Кіева з Масквою. Украінская труба вой як патрэбная Расіі, бо прывід балтыйска-чарнаморскага саюзу апошнім часам усё часцей кружыць над гэтай часткай былога СССР.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме