00:15 22.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Пробашч Чырвонага касьцёлу стаў паэтам
У рыма-каталіцкай парафіі сьвятых Сымона і Алены ў Менску выйшла кніга “Так хацеў Бог!”, прысьвечаная фундатару Чырвонага касьцёлу Эдварду Вайніловічу.
Адметнасьць выданьня ў тым, што ягоны аўтар — ксёндз-магістар і пробашч гэтага касьцёлу Ўладыслаў Завальнюк дэбютаваў як паэт. Кніга напісана ў жанры паэмы-казані, у якой услаўляецца духоўны подзьвіг Эдварда Вайніловіча і распавядаецца аб гістарычнай спадчыне Беларусі.
На амаль трохстах старонках кнігі — вершаваная гісторыя Чырвонага касьцёлу ад першага каменя, закладзенага 25 верасьня 1906 году, і да нашых дзён. Яна густа замешаная на малітве і духоўным роздуме пра імгненнасьць зямнога гасьцяваньня і вечнасьць душы, якая імкнецца да Бога.
Рэдактарка і аўтарка прадмовы да кнігі кандыдатка філялягічных навук Ала Сакалоўская кажа, што казані ксяндза Ўладыслава Завальнюка пад час набажэнстваў заўсёды вылучаліся асаблівай шчырасьцю, блізкай да паэзіі. Многія памятаюць яго прамыя эфіры ў праграме “Голас душы”, якая шмат гадоў гучала з Чырвонага касьцёлу. Так што паэтычны дэбют айца Ўладыслава ня стаў для спадарыні Сакалоўскай нечаканым.
“Гэтая паэма вельмі павучальная. Яна напісаная ў такой вельмі арыгінальнай форме — так як ліліся ў яго думкі, думкі ад душы, ад сэрца. Дзе там ёсьць рыфма, а дзе там белы верш. І я думаю, што гэта і вельмі добра, і вельмі арыгінальна”.
Выданьне дапоўненае дакумэнтамі, зьвязанымі з гісторыяй Чырвонага касьцёлу і нядаўнім пераносам у яго праху Эдварда Вайніловіча, а таксама архіўнымі фотаздымкамі. Кнігу можна лічыць першай цаглінкай у вялікай праграме, задуманай айцом Уладыславам да стагодзьдзя з часу асьвячэньня Чырвонага касьцёлу, якое будзе адзначацца налета. Спадарыня Сакалоўская працягвае:
“Мы ўсе ведаем, што айцец Уладыслаў шчыруе ня толькі на сьвятарскай ніве, але шчыруе і на ніве беларушчыны і гэтая кніга — таксама пэўны ўнёсак у скарбонку беларушчыны”.
Літаратурны дэбют айца Ўладыслава высока ацаніў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, якому аўтар даверыў свой рукапіс на рэцэнзаваньне.
“Я лічу, што гэтая паэма-казань якраз адпавядае характару, такому неспакойнаму, айца Ўладыслава. Казань, зробленая ў паэтычнай форме, дужа кладзецца на сэрца кожнаму верніку і кожнаму, хто любіць паэзію, хто любіць беларускае слова”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
11 января 2025
« | Январь 2025 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | ||
6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 |
13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 |
20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 |
27 | 28 | 29 | 30 | 31 |