21:45 25.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Правы чалавека ў Беларусі: адметнасці тыдня
На гэтым тыдні Вярхоўны суд падтрымаў рашэнне Мінюста не рэгістраваць праваабарончую арганізацыю, моладзевага актывіста пасадзілі на суткі за перформанс, а "палітычны прызыўнік" атрымае магчымасць здаць іспыты ў Варшаве.
Днямі Вярхоўны суд Беларусі прыняў бок Міністэрства юстыцыі, якое вырашыла не рэгістраваць грамадскае праваабарончае аб’яднанне "Наша вясна". За перформанс ля помніка Леніну ў Брэсце маладафронтаўца пасадзілі на 10 сутак. Апазіцыйны дэпутат раённага савета не быў адноўлены на працы пасля ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Суткі за перформанс
22 красавіка суд Ленінскага раёна Брэста прыгаварыў да дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту актывіста "Маладога фронту" Міхася Ільіна. Напярэдадні маладзён ля помніка Леніну ў абласным цэнтры разам з паплечнікамі правёў перформанс, прымеркаваны да 193-х угодкаў ад дня нараджэння "правадыра сусветнага пралетарыята". Актывіста звінавацілі ў дробным хуліганстве, і наступныя дзесяць сутак, згодна рашэння суда, Міхась Ільін правядзе ў вязніцы.
Польшча дапаможа актывісту
Актывіст "Маладога фронту" з Салігорску Іван Шыла, які за сваю дзейнасць быў выключаны са школы і тэрмінова прызваны ў войска, зможа скончыць сярэднюю адукацыю ў Польшчы. Міністр адукацыі гэтае краіны Катажына Халь падтрымала зварот Івана Шылы, які прасіў даць давол здаць іспыт па англійскай мове ў гэтай краіне, каб атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі.
Летась, перад апошнім іспытам, юнака выключылі са школы, не даўшы яму магчымасць закончыць адукацыю, а ў лютым, як сцвярджаюць правабаронцы, "з парушэннем усіх юрыдычных працэдур і норм, гвалтоўным і незаконным чынам" забралі ў армію.
Звольнены дэпутат
Гарадзенскі абласны суд адмовіў дэпутату Мастоўскага раённага савета Зміцеру Кухлею ў аднаўленні на працы на прадпрыемстве "Мастыдрэў". Летась Кухлея звольнілі пасля яго ўдзелу ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Паводле дзейнага заканадаўства, кіраўніцтва прадпрыемства магло звольніць Кухлея толькі са згоды райсавета, дэпутатам якога ён з’яўляецца, аднак такой згоды не было. Суд прызнаў парушэнні з боку кіраўніцтва "Мастыдрэў", але на працы маладога чалавека не аднавіў. Зміцер Кухлей мае намер падаць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі, і ў выпадку, калі яму і там адмовяць, накіруе скаргу ў Камісію ААН па правах чалавека.
"Наша вясна" застаецца незарэгістраванай
22 красавіка Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі праваабарончага грамадскага аб’яднання "Наша вясна". Сябра Рады "Нашай вясны" Валянцін Стэфановіч кажа, што ў аснове рашэння Вярхоўнага суда адзначаны шэраг недахопаў у рэгістрацыйных дакументах.
Прадстаўнікі "Нашай вясны" лічаць, што Міністэрства юстыцыі павінна было прадаставіць адтэрміноўку для выпраўлення недахопаў, а не адмаўляць у рэгістрацыі. Па словах Валянціна Стэфановіча, рашэнне Вярхоўнага суда будзе абскарджана, але найбліжэйшым часам у Міністэрства юстыцыі зноў будуць пададзены дакументы на рэгістрацыю аб’яднання.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме