12:31 07.12.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Праляскоўскі — міністр інфармацыі, Мальцаў — на Радзе бяспекі
Прызначэнне Алега Праляскоўскага на пасаду міністра інфармацыі можа азначаць падрыхтоўку атакі на незалежныя СМІ. А сілавікоў проста памянялі месцамі. 4 снежня Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў.
Перастаноўкі тычыліся Рады бяспекі, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў.
Непатапляльны Праляскоўскі
Уладзіміра Русакевіча на пасадзе міністра інфармацыі замяніў непатапляльны Алег Праляскоўскі. У свой час ён працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, быў галоўным ідэолагам краіны, а пасля быў здэградаваны ў дырэктары Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі.
З пасады кіраўніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Алег Праляскоўскі сыходзіў хоць і не гучна, але са скандалам.
За хабарніцтва ў турме аказаўся непасрэдны падначалены і намеснік Праляскоўскага Уладзімір Холад. Хадзіла шмат размоваў, што следам можа адправіцца і ягоны начальнік.
Не: Праляскоўскага адправілі ўдзельнічаць у стварэнні «Белай Русі». Напэўна, добра сябе зарэкамендаваў: яго зноў заўважылі наверсе.
Нічога добрага незалежным СМІ чакаць ад прызначэння Праляскоўскага не выпадае. Нагадаем толькі, што ў кастрычніку 2007 году гэты чалавек засудзіў «Народную волю» і яе журналістку Марыну Коктыш на 27 мільёнаў рублёў.
Для беларускай культуры Праляскоўскі таксама чалавек чужы. Менавіта з ягонай лёгкай рукі з падручнікаў па беларускай літаратуры былі выкінутыя творы Быкава, Арлова, Барадуліна, Гілевіча, «Тутэйшыя» Купалы.
«Мінімізаваць выкарыстанне твораў апазіцыйна настроеных пісьменнікаў», — прапаноўваў Праляскоўскі.
Мальцава — на Жадобіна, Жадобіна — на Мальцава
Нечаканай выглядае ракіроўка Юрыя Жадобіна і Леаніда Мальцава. Першы стаў новым міністрам абароны замест Мальцава, а другі — старшынём Рады бяспекі замест Жадобіна. Лукашэнка не першы раз так тасуе чыноўнікаў. Колькі гадоў назад вось так пасадамі памяняліся генпракурор Міклашэвіч і старшыня Канстытуцыйнага суду Васілевіч.
Жадобін пратрымаўся на пасадзе кіраўніка Рады бяспекі толькі паўтара года. Яго прызначылі пасля скандальнай адстаўкі Віктара Шэймана ў ліпені 2008 году. Да гэтага ўраджэнец Днепрапятроўска Жадобін узначальваў службу аховы Лукашэнкі, а пасля год пакіраваў КДБ.
На гэтай няпрофільнай для сябе пасадзе Жадобін запомніўся заявамі пра 1767 дэструктыўных элементаў, «чэкісты» за ягоным кіраваннем працавалі на вербоўку апазіцыйнай моладзі.
Імя Жадобіна называлі сярод людзей з каманды Уладзіміра Макея і Віктара Лукашэнкі. Тым не менш, яшчэ летам Лукашэнка-старэйшы пачаў выказваць незадаволенасць працай кіраўніка Рады бяспекі. «Вы жорстка прайграяце папярэднім дзяржсакратарам. Я ўжо даўно за гэтым назіраю», — сказаў кіраўнік Беларусі Жадобіну на адной з нарад у чэрвені.
Для танкіста Жадобіна праца міністра абароны не павінна быць складанай, усё ж па спецыяльнасці. Але гэта ўсё адно відавочнае паніжэнне.
Леанід Мальцаў найбольш з усіх міністраў знаходзіўся на пасадзе — аж з сакавіка 2001 году. Мальцаў зарэкамендаваў сябе як чалавек, які не ўмешваецца ў «разборкі» групавак ва ўладзе. Ён заўсёды заставаўся падкрэслена нейтральным.
За Мальцавым беларускае войска пачало пазбаўляцца савецкай спадчыны. Больш строгай стала адказнасць за «дзедаўшчыну», палепшыліся ўмовы праходжання службы.
Тым не менш, пенсійны ўзрост Мальцава можа сведчыць пра тое, што ягоная фігура на пасадзе кіраўніка Рады бяспекі будзе часовай.
Корбут ды не той
Мікалай Корбут стаў новым кіраўніком справаў прэзідэнта, ён замяніў Уладзіміра Дамашкевіча. Гэта не той Корбут, які доўгі час працаваў міністрам фінансаў, пакуль яго не разбіў інсульт. Той быў Мікалай Пятровіч, а гэты Мікалай Мікалаевіч.
У Корбута досыць цікавая палітычная біяграфія. У вышэйшых эшалонах улады ён ад 1994 году, але за гэты час займаў толькі дзве пасады — з 1994 па 2001 гады быў начальнікам управы па абслугоўванню дыпламатычнага корпуса і афіцыйных дэлегацый «Дыпсервіс» упраўлення справамі прэзідэнта. А з 2001 году стаў намеснікам кіраўніка справаў прэзідэнта. Чалавек правераны.
Звяртае ўвагу, што раней сваімі «заўхозамі» Лукашэнка прызначаў чыноўнікаў, якім пара на пенсію ці блізка да яе. Так было з Кулічковым, Дамашкевічам. Асцерагаўся прызначаць маладых і энергічных пасля мадам Жураўковай.
Малады міністр эканомікі
Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка, напэўна, таксама цяпер сыдзе на заслужаную пенсію. На сваёй пасадзе ён верай і праўдай адслужыў шэсць гадоў.
Пераемнікам Зайчанкі стаў Мікалай Снапкоў — адзін з наймаладзейшых у атачэнні Лукашэнкі (40 гадоў). Снапкова ў Мінску заўважылі пасля мінулых парламенцкіх выбараў. Калі намесніка Магілёўскага аблвыканкаму ўзялі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Фантастычны кар’ерны ўзлёт для 39-гадовага чыноўніка.
У Снапкова ідэальная біяграфія сярэдняга беларускага ўрадоўца. Ён скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў у Хоцімскім, Горацкім, Мсціслаўскім, Дрыбінскім раёнах. Потым яго павысілі да Магілёва, яшчэ пазней да Мінска.
Ва ўрадзе мусіць быць жанчына
Нарэшце запоўнілася вакантнае месца міністра працы і сацыяльнай абароны, якое пуставала ад чэрвеня, калі на павышэнне ў віцэ-прэм’еры пайшоў Уладзімір Патупчык. Новым міністрам стала Марыяна Шчоткіна.
Яна доўгі час працавала намеснікам міністра, а яшчэ раней была дырэктаркай адной з мінскіх школ, а таксама кіраўніцай аддзелу адукацыі Фрунзенскага раёну сталіцы.
Напэўна, так трэба, каб ва ўрадзе была стабільна адна жанчына-міністр. Вось з’явілася спадарыня Шчоткіна, затое пасады пазбавілася міністарка па падатках і зборах Ганна Дзейка.
Нараканняў да працы Дзейкі не было, але ў беларускіх рэаліях не прынята, каб чалавек займаў сваю пасаду вельмі доўга. Адпрацавала Дзейка пяць гадоў — саступі месца свайму намесніку Уладзіміру Палуяну.
Зняты з пасады дуаен Мікалай Азаматаў. 71-гадовы чыноўнік больш не старшыня Ваенна-прамысловага камітэту. Ягонае месца заняў вайсковец Сяргей Гурулёў.
Войска, такім чынам, заахвоцілі некалькімі значнымі пасадамі. Першы раз за доўгі час.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме