16:30 19.03.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Працягваецца суд над Аўтуховічам і Асіпенкам
У Вярхоўным судзе на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэракту працягвае даваць паказаньні Аляксандр Ларын, які нібыта мусіў быць выканаўцам замахаў на высокапастаўленых чыноўнікаў.
Аляксандар Ларын сёньня расказваў пра фінальны момант падрыхтоўкі да замаху на экс-старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку 31 кастрычніка 2005 году. Па словах Ларына, усё адбывалася ў двары ліцэя, непадалёку ад дому, дзе месьцілася кватэра губэрнатара. Ларын прынёс у пакунку гранатамёт і выбуховае прыстасаваньне, пералез праз плот і заняў пазыцыю на кутнім баку будынка ліцэю. Яшчэ да таго, як страляць, ён прыладзіў непадалёку выбуховае прыстасаваньне – маўляў, калі б нехта на яго напаў, ён ўзарваў бы выбухоўку і пачаў “пад шумок” адыходзіць.
Ларын казаў, што было прыкладна 5 гадзінаў раніцы, ад ліцэю праглядаўся дом губэрнатара. Было яшчэ досыць цёмна. Да дому губэрнатара, паводле Ларына, было мэтраў 200. Але ён бачыў, як ля дому ўжо стаяла машына з ахоўнікамі. Адзін з ахоўнікаў з аўто выйшаў і стаяў побач, іншы пайшоў у абыход па двары. Ларын сьцьвярджае, што ў той момант спужаўся: страляць было бессэнсоўна, бо стала хутка сьвітаць, пачалі хадзіць па вуліцы людзі. Тады ён паклаў гранатамёт, скінуў спартовую форму, якую апрануў зьверху, і сышоў. Па яго словах, на той момант было каля 8 гадзінаў раніцы і, магчыма, у ліцэі пачаліся заняткі. Праўда, літаральна праз некалькі хвілін сказаў, што ў ліцэі не было нікога, і ўвогуле пачаў блытацца ў паказаньнях.
Пры гэтым пракурор Эльдар Сафараў пытаньнямі арыентаваў Ларына, што яму казаць, у выніку чаго адвакат Тамара Сідарэнка зрабіла заўвагу і судзьдзя Аляксандар Цяцюхін з гэтым пагадзіўся, папрасіўшы пракурора задаваць пытаньні ў такой форме, каб у пытаньні не гучала інфармацыя, якую суд яшчэ не дасьледаваў.
Скончыў свой выступ Ларын тым, што вырашыў ні ў каго не страляць і не рабіць замаху. Ён сустрэўся з Асіпенкам і сказаў, што выходзіць з гульні і рабіце вы самі, што хочаце. Так, маўляў, сарваўся замах на Ўладзімера Саўчанку.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме