02:00 11.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Праца-дураГлыбіню «яміны» для саміх сабе апазіцыйныя палітыкі зьменшылі напалову
Падчас учорашняга «круглага стала» палітыки разам з аналітыкамі абмеркавалі працадуру правядзеньня папярэдніх выбараў. Увага засяродзілася на двух пытаньнях: на планцы ў 100 000 выбаршчыкаў (калі яе не здолеюць дасягнуць, дык «праймэрыз» палічаць неадбыўшыміся) і на тым, якім чынам вызначаць пераможцу, калі ніводны з прэтэндэнтаў не дасьць рады набраць больш за палову галасоў.
Наконт першага на адрас палітыкаў гучалі, гэтак мовіць, папярэднія папярэджаньні: не варта самім сабе рыць яміну! Аднак на «круглым стале» мэтазгоднасьць нейкага парогу абгрунтоўвалася тым, што, маўляў, трэба імкнуцца да гэтай колькасьці. Імкнуцца насамрэч трэба і да большай – з гэтым ніхто не спрачаецца. Але ж навошта гэтае імкненьне прапісваць у Палажэньні як перашкоду для саміх сябе?! На жаль, апазіцыйныя палітыкі лічаць, што, калі не запісаць нейкі тэзіс у бюракратычную цыдулку, дык і ўся праца спыніцца. Хоць, калі гэта так на самой справе, дык грош цана гэткай працы.
На гэтым, дарэчы, настойвалі не ўсе палітыкі – Мечаслаў Грыб, напрыклад, не лічыць гэтую праблему істотнай: «Парог яўкі можна ўстанаўліваць, можна не ўстанаўліваць». Пакуль вырашылі зьнізіць парог і сыйшліся на лічбе ў 50 000 выбаршчыкаў. Такім чынам, яміну самім сабе ўсё адно рыюць, але яе глыбіню зьмяншаюць напалову.
Што, зрэшты, яшчэ не факт: зараз праект Палажэньня аб парадку вылучэньня адзінага кандыдата перадаецца на абмеркаваньне палітычных сілаў паасобку. Пасьля гэтага пройдзе, як выказаўся кіраўнік Працоўнай групы Леў Марголін, «шырокае фінальнае мерапрыемства», фармат якога пакуль канчаткова не вызначаны.
Другое пытаньне, якое выклікала гарачую дыскусію – гэта вызначэньне пераможцы ў выпадку, калі ніхто з прэтэндэнтаў не набярэ 50%+1 голас. Праектам Палажэньня прадугледжвалася, што ў такім выпадку аднаго з двух абярэ Кангрэс дэмакратычных сілаў, склад удзельнікаў якога «фармуецца прэтэндэнтамі прапарцыйна колькасьці галасоў, набраных імі ў ходзе галасаваньня».
Рэзка супраць гэтага – па зразумелых, вядома, прычынах, але тут на гэтым спыняцца не будзем – выступіў першы сакратар ЦК Партыі камуністаў Сяргей Калякін: ён прапанаваў альбо праводзіць другі тур папярэдніх выбараў (што было б няблага, але ў існых варунках нерэальна), альбо абвясціць пераможцам прэтэндэнта па адноснай большасьці (навад калі той набраў, прыкладам, 15% супраць 14% у таго, хто заняў другое месца). На «круглым стале» папярэдне вырашылі, што планка мусіць быць на ўзроўні траціны ад ліку прагаласаваўшых на «праймэрыз»: калі першы набраў не менш за гэтую колькасьць, ён робіцца пераможцам.
Самое ж па сабе працадурнае пытаньне (не кажу пра вырашэньне) выглядае, праўду кажучы, зусім не як «праца-дурное». Леў Марголін слушна зазначыў: «Калі мы скасуем працадуру “праймэрыз” – мы атрымаем апладысменты, бо тады ўсе гэтыя соймікі, кангрэсікі ды з’езьдзікі зробяцца надта важнымі». На з’ездзе БНФ, калі Аляксандр Мілінкевіч выступіў супраць прарасейскай пазіцыі Сяргея Калякіна, Леў Фёдаравіч не стрымаўся: «Наколькі слабымі вы павінны сябе адчуваць, калі баіцеся не толькі паспаборнічаць з Калякіным, але баіцеся нават стаць з ім на стадыён на бегавыя дарожкі! Гэта сьмешна!»
Сяргей Калякін, які спаборнічаць з такімі палітыкамі не баіцца, падкрэсьліў: «Растлумачыць, чаму яны не ўдзельнічаюць у працадуры папярэдніх выбараў, будзе вельмі цяжка».
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў: «Рэальная альтэрнатыва Лукашэнку не можа выйсьці з кулуарнай працадуры. Тыя, хто на гэтым настойвае, скіраваныя на вырашэньне фінансавых пытаньняў, умацаваньне структураў, падрыхтоўку да кампаніі 2020 года і г.д. Наша задача – праз працадуру папярэдніх выбараў паспрабаваць абудзіць грамадства».
Канчатковае рашэньне, па якой працадуры праводзіць «праймэрыз», плануецца прыняць нейдзе праз месяц, у першай палове кастрычніка.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме