22:31 16.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Праўда пра зьніклых можа ўсплыць, калі пачнуць зьліваць Лукашэнку”
Як адлюстроўваецца ў грамадзкай думцы тэма зьніклых апазыцыйных палітыкаў? Ці ўдалося ўладам выпрацаваць нейкі прымальны мэханізм адказу на гэтыя нязручныя пытаньні? Ці магчымае раскрыцьцё праўды аб зьніклых пры сёньняшняй беларускай уладзе? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Вадзім Казначэеў.
Цыганкоў: За 10 гадоў пасьля зьнікненьняў у Беларусі шэрагу вядомых людзей апазыцыя неаднаразова спрабавала прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай тэмы. Ці замацавалася гэтая тэма ў грамадзкай сьвядомасьці, ці застаецца яна ў палітычным полі Беларусі?
Казначэеў: Сам факт, што гэта не забываецца, што да гэтага прыцягваецца ўвага — гэта, безумоўна, слушна. Людзі пра гэта ведаюць і ставяцца, безумоўна, нэгатыўна. Тое, што гэта ўздымаецца ў палітычным пляне — гэта таксама правільна. Вось мы бачым, як гэтыя мулкія, нязручныя пытаньні літоўскія журналісты задавалі Лукашэнку. І да гэтага трэба ўвесь час прыцягваць увагу, бо гэта — чорная пляма на ўладзе.
Цыганкоў: Ці здолела ўлада выпрацаваць нейкі мэханізм адказу на гэтыя пытаньні? Звычайна Лукашэнка кажа — у нас тысячы людзей зьнікаюць, чаму вы ўзгадваеце толькі пра гэтых чатырох? Як выглядае такі адказ?
Казначэеў: Ясна, што гэта вельмі нязграбная спроба. Акрамя гэтага тэзісу, што зьнікаюць тысячы людзей (што таксама гонару ня робіць, дарэчы) — паглядзіце, які яшчэ спэктар варыянтаў. Ня так даўно Лукашэнка “тлумачыў” зьнікненьне нейкімі камэрцыйнымі прычынамі. Сёньня ён дагаварыўся да таго, што назваў Віктара Ганчара сваім сябрам. Таму зразумела, што тэма гэтая вельмі няёмкая для ўладаў, таму і ідзе такая мітусьня. Проста трэба неяк “адмазацца”, але не атрымліваецца — ды і як гэта можа атрымацца? Таму трэба прыцягваць увагу да гэтай тэмы.
Цыганкоў: Ці можа праўда пра зьніклых быць адкрытая пры цяперашнім прэзыдэнце Беларусі? Можа быць, утворыцца такая сытуацыя, калі яму будзе палітычна выгадна адкрыць праўду і абвінаваціць асобаў, якія ў гэтым непасрэдна вінаватыя.. Ці гэта можа адбыцца толькі пасьля зьмены ўлады?
Казначэеў: Хутчэй за ўсё, гэта можа адбыцца толькі пасьля зьмены ўлады. Я ня бачу такой сытуацыі, калі гэта будзе выгадна Аляксандру Лукашэнку. Таму наўрад ці гэта магчыма пры цяперашняй уладзе. Хіба што калі ўзьнікнуць нейкія форсмажорныя абставіны, калі будуць зьліваць самога Лукашэнку.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме