20:15 24.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Праўда не ведае межаў
Заўтра, 25 лютага, стартуе грамадзянская кампанія ГАВАРЫ ПРАЎДУ!
"Мэта кампаніі - усведамленне беларускім грамадствам рэальнага становішча ў краіне, дзе мала месца праўдзе і шмат - мане. Ілгуць чыноўнікі, прыхарошваючы статыстыку росту заробкаў і рэтушуючы карціну беспрацоўя. Ілгуць дактары, замоўчваючы маштабы эпідэмій і сапраўдныя дыягназы. Ілгуць міліцыянеры, фабрыкуючы фальшывыя вінавачанні, а суддзі бяруць за аснову прысудаў ілжывыя паказанні. І гэтак далей… І ўся гэтая хлусня - легітымная", - гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі.
"Наша кампанія - грамадзянская. Чалавекам, які мае ўласную грамадзянскую пазіцыю, складана маніпуляваць. Каб вызначыцца з пазіцыяй, чалавек павінен ведаць, што адбываецца.
Наша мэта - дакладная інфармацыя аб сітуацыі ў краіне, яе абнародванне. З дапамогай грамадства мы будзем шукаць праўду там, дзе яе хаваюць, недагаворваюць і рэтушуюць. Разам з грамадствам будзем дамагацца дзейснасці праўды - канструктыўных рашэнняў.
У рамках кампаніі плануецца актыўнае ўзаемадзеянне з валанцёрамі па ўсёй краіне, якія будуць маніторыць інфармацыйную прастору. Запрацуе сайт zapraudu.info, дзе станем фіксаваць знойдзеныя факты маны, дзе будзем пісаць не толькі аб праблемах сталіцы і вялікіх гарадоў, але найперш рэгіёнаў, якія звычайна застаюцца “па-за фасадам” нібыта дабрабыту".
Першай акцыяй кампаніі сталі паштоўкі ГАВАРЫ ПРАЎДУ! з прапановай да грамадзянаў напісаць пра мясцовыя праблемы ў Адміністрацыю прэзідэнта. "Мы давядзем грамадзе, што турбуе людзей і як зрэагуе вертыкаль на іх запыты", - запэўніваюць стваральнікі кампаніі.
На колькі разлічана кампанія? На гэта пытанне яе лідэры (Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Грушавы, Радзім Гарэцкі, Жанна Літвіна, Віктар Купрэйчык, Таццяна Процька) начале з Уладзімірам Някляевым адказваюць так:
"Праўда не ведае межаў ні ў часе, ні ў прасторы. Яна патрэбная пры любым грамадскім укладзе і любой уладзе, якая так ці інакш маніць заўсёды і паўсюль - і стан грамадства залежыць ад канцэнтрацыі маны. У нас канцэнтрацыя атрутная - і высілкі па яе змяншэнні не могуць вымярацца годам ці двума.
На бліжэйшы год у нас ёсць план дакладных дзеянняў. Поспех будзе залежыць ад таго, наколькі актыўна нас падтрымаюць людзі. Ад таго, як нас падтрымаюць СМІ. Ад таго, колькі мы знойдзем аднадумцаў і прыхільнікаў".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме