22:02 12.07.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Подпісы за вуліцу Быкава перадалі ў Мінгарвыканкам
12 ліпеня актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» занеслі больш чым 100 тысяч подпісаў за наданне адной з вуліц сталіцы імя Васіля Быкава.
Сярод подпісаў толькі 5 тысяч былі арыгіналамі — рэшту склалі ксеракопіі. Актывісты кампаніі сцвярджаюць, што арыгіналы былі скрадзеныя з арандаванай кватэры.
Лідэр «Гавары праўду», Уладзімір Някляеў так адрэагаваў на каментары аб магчымай несумленнасці сваёй каманды: «Я нават не буду гэтае глупства каментаваць. Няўжо магчыма падрабіць сто тысяч подпісаў? Ідзіце і праверце іх».
Журналістам насамрэч прапанавалі спраўдзіць на ўласны выбар копіі падпісных лістоў. Яны выглядалі на сапраўдныя — надпісы на іх былі зробленыя розным почыркам, а самі подпісы выразна адрозніваліся адзін ад аднаго.
Усе подпісы ў Мінгарвыканкаме былі прынятыя намеснікам кіраўніка аддзела па прыёме заяваў і лістоў грамадзян Андрэем Шэрым. Што праўда, для гэтага А.Шэры досыць доўга кансультаваўся па тэлефоне са сваім начальствам.
«Збор подпісаў за вуліцу Быкава — не палітычная мэта, а маральная. Справядлівасць патрабуе, каб у Мінску існавала такая вуліца. Родныя пісьменніка мяне не папракаюць за тое, што выкарыстоўваю імя пісьменніка, папракаюць іншыя. Каго мне слухаць? А палітыка сёння прысутнічае ва ўсім», — заявіў Уладзімір Някляеў журналістам пасля наведвання Мінгарвыканкама.
Актывісты «Гавары праўду» таксама зазначылі, што не збіраюцца патрабаваць ад Мінгарвыканкама перанайменавання нейкай канкрэтнай вуліцы. Па іх словах, у цэнтры Мінска дастаткова годных вуліц і чыноўнікі змогуць самі выбраць, якая з іх будзе насіць імя Васіля Быкава.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме