17:46 11.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Перадвыбарчыя мітынгі могуць дазволіць і на плошчы Незалежнасці
"Хто лезе ў палітыку, павінен быць гатовы да ўсяго. І заўсёды. Таму — дзейнічайце", — Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю Еўрарадыё спаслалася на мінулыя прэзідэнцкія выбары, калі кандыдаты праводзілі мітынгі паўсюль і без наступстваў для сябе
— Што раней, што зараз выбарчыя камісіі фармавалі мясцовыя выканкамы. У чым змены ў гэтым пытанні?
— У склады выбарчых камісій не будуць мець права вылучаць сваіх прадстаўнікоў органы, якія іх ствараюць — выканкамы і мясцовыя саветы. Не можа быць старшынёй камісіі асоба, якая знаходзіцца ў непасрэдным падначаленні альбо з’яўляецца сваяком кандыдата ў дэпутаты. Суддзі і пракуроры не могуць у склад выбарчай камісіі ўваходзіць. І чыноўнікаў, і дзяржслужачых у складзе камісіі не можа быць больш за адну траціну. Як рэкамендацыя будзе пазначана, што не менш за адну траціну мусіць быць прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.
— І гэта будуць выключна сябры БРСМ альбо “Белай Русі”…
— Не можа закон вырашаць пытанні да такой ступені суб’ектыўныя. Не магчыма ў законе вызначыць прэферэнцыі для тых, хто называе сябе апазіцыйнымі. Гэта суб’ектыўны крытэр. Таму закон не можа прапісаць, на чыю карысць гэта можа вагацца. Гэта будзе вызначацца зыходзячы з таго, каго вылучаць у склад выбарчай камісіі. Але калі ёсць пажаданне ў тых, хто вылучыў кандыдатаў у склад выбарчых камісій, то яны могуць прысутнічаць на паседжаннях, дзе ідзе абмеркаванне, каго ўводзіць у склад камісій, — і даведацца, чаму іх прадстаўнікоў не ўключылі ў камісію. І яны могуць абскардзіць рашэнне выканкама ў судзе.
— Кандыдатам ў прэзідэнты дазволяць ствараць персанальныя фонды. Але памер іх абмежаваны. Чаму так зрабілі?
— Выбарчае заканадаўства памяняць у сэнсе лічбаў вельмі лёгка. Што значыць "недастатковы памер фонда"? Хай кандыдаты хоць такую суму знойдуць, спонсараў, якія згодныя ім і гэтую суму пералічыць! Прычым спонсараў адкрытых, каб мы паглядзелі. Калі першы вопыт пакажа, што такіх будзе зашмат, то потым можна будзе і памяняць. Сума ў 2300 базавых велічынь будзе дана бюджэтная кандыдатам у прэзідэнты. Ім будзе бясплатна дадзены эфірны час на тэлебачанні і радыё. Застаецца магчымасць надрукаваць свае перадвыбарныя праграмы ва ўсіх газетах рэспубліканскіх, у якіх яны пажадаюць. Пра што размова? У іх вялізныя бясплатныя прэферэнцыі!
— Можа столькі спонсараў і не знойдзецца. Асабліва з улікам таго, што кожным такім чалавекам адразу пачынае цікавіцца падаткавая інспекцыя…
— Любы, хто спансіруе, хто лезе ў палітыку, павінен быць гатовы да ўсяго. І заўсёды. Таму — дзейнічайце. Цэнтрвыбаркам будзе абараняць тых, чыё выбарчае права будзе парушацца, але звязаць праверкі з пералічэннем сродкаў вельмі цяжка.
— А што азначае “жорсткі кантроль”, які будзе весціся за расходам сродкаў з асабістых фондаў?
— Падчас выбараў прэзідэнта "Беларусбанк", дзе будуць адкрытыя рахункі, будзе прадстаўляць Цэнтрвыбаркаму раздрукоўку пра тое, якія сродкі на рахункі паступаюць, ад каго і куды яны трацяцца. Калі будуць нейкія парушэнні, то кандыдат будзе несці адказнасць за гэта.
— Чаму месца, дзе будуць знаходзіцца назіральнікі, вызначае старшыня камісіі?
— Прапанаваная фармулёўка сапраўды з’яўляецца досыць суб’ектыўнай. Але сам факт таго, што сама магчымасць назіраць, якую дае закон, — гэта, з аднаго боку, не звязвае камісію па руках і нагах. А з другога боку — дае магчымасць прысутнічаць і назіраць за выбарамі.
— І што рабіць назіральніку, калі яго пасадзяць там, адкуль ён нічога не ўбачыць?
— А ён гэта можа сказаць у любым выпадку. Ніводны закон не прапіша метры, бо мы не ведаем, дзе будзе выбарчая камісія. Яна можа знаходзіцца ў памяшканні на 5 квадратных метраў. А можа — з дваццаці. Прапісаць гэта немагчыма ў метражы. Гэта — узаемаадносіны паміж назіральнікамі і старшынямі. Калі што, назіральнік можа абскардзіць рашэнне старшыні.
— Пад розныя мітынгі выканкамы яшчэ раней вызначылі месцы на ўскрайку горада. Які сэнс у такіх мітынгах? Каму захочацца ісці ў нязручнае месца?
— Што тычыцца перадвыбарных мітынгаў, то яны будуць праводзіцца паводле заяўнічага прынцыпу, але гэта будзе месца не адно. Іх будзе дастаткова адведзена хаця б таму, што мы будзем кантраляваць гэтае пытанне. Але плошчу Незалежнасці ў Мінску альбо плошчу Леніна ў Бабруйску адназначна не дадуць для правядзення мітынга. Хаця, можа, і дадуць. У нас кандыдаты ў прэзідэнты праводзілі мітынгі паўсюль, дзе хацелі. Нават парушаючы закон. І без усялякіх наступстваў для сябе.
— Падчас размовы з прэзідэнтам вы не адзначылі, які ў яго настрой датычна свайго удзелу ў выбарах?
— Кіраўнік краіны нічога пра гэта не казаў. Таму я нічога не магу абмяркоўваць.
— Як вы самі ацэньваеце ўзровень зменаў выбарчага заканадаўства?
— У нас кансерватыўны закон, ён змяняецца вельмі асцярожна. Тут можна казаць пра значныя змены. Нават аб змене пэўных прынцыпаў правядзення выбараў.
— Ці ўскладніць гэта працу Цэнтрвыбаркама?
— Значна. Асабліва з улікам таго, што ў нас вельмі маленькі калектыў — у нас працуе 10 чалавек разам са мной. Асабліва мяне хвалюе ажыццяўленне кантролю за расходаваннем фінансавых сродкаў. Гэта ж не толькі выбары прэзідэнта — на будучыню гэта выбары дэпутатаў, дзе кандыдатаў значна больш. Асноўны кантроль будуць ажыццяўляць мясцовыя органы, але ўсё давядзецца патраніраваць нам.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме