18:33 09.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Паводле афіцыйных дадзеных, узровень захворвання на ВРВІ і грып у Мінску за выхадныя дні знізіўся
Узровень захворвання на ВРВІ і грып у Мінску за выхадныя дні знізіўся. Пра гэта сведчаць даныя, размешчаныя на сайце Санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінска.
Так, паводле даных санслужбы, калі 6 лістапада па дапамогу да медыкаў звярнулася 8.910 жыхароў сталіцы, то ўжо 7 лістапада — 4.288, а 8 лістапада — 5.368.
Дыягназ ВРВІ 6 лістапада пастаўлены 6.418 мінчанам, 7 лістапада — 3.084, 8 лістапада — 4.118. Грып 6 лістапада дыягнаставаны ў 2.492 чалавек, 7 лістапада — у 1.240, 8 лістапада — у 1.118.
Большасць захварэлых на грып 8 лістапада — дарослыя (986 чалавек) і дзеці ад 7 да 14 гадоў (122).
У нядзелю шпіталізаваныя 33 хворыя (днём раней —150), з іх з дыягназам ВРВІ — 21 (114), грып — 12 (36). Большасць шпіталізаваных — дзеці да двух гадоў (18 чалавек).
Як раней паведамляў БелаПАН, 6 лістапада ў Мінску ўведзены "дадатковыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы", па 11 лістапада ўключна падоўжаныя школьныя канікулы. Пры гэтым эпідэмія грыпу афіцыйна не абвешчана.
Згодна з афіцыйнымі данымі, з пачатку пад’ёму захворванняў 19 кастрычніка ад пнеўманіі ў Беларусі памерла 19 чалавек, у сямі з іх лабараторна пацверджана наяўнасць віруса грыпу А (H1N1).
Як паведаміла намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Валянціна Качан у эфіры Першага тэлеканала 8 лістапада, у апошнія дні колькасць зваротаў грамадзян у сувязі з захворваннем на грып і ВРВІ знізілася на 4—25% у залежнасці ад населеных пунктаў. "Разам з тым у асобных рэгіёнах сітуацыя застаецца пакуль напружанай", — адзначыла Качан. "На фоне ўсіх вірусаў, якія мы сёння лабараторна пацвярджаем у захварэлых, у 102 выпадках, гэта тры сотыя працэнта, назіраецца выдзяленне віруса грыпу А (H1N1)", — паведаміла намеснік міністра.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме