16:45 12.11.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Партыя БНФ вызначае кола прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду
Партыя БНФ вызначае кола прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Мяркуецца, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах адзінага кандыдата ад дэмсіл ня будзе.
Як стала вядома “Салідарнасці”, недзе праз тыдзень прэтэндэнты пачнуць сваю выбарчую кампанію. Праўда, пакуль што толькі ў рэгіянальных і мясцовых структурах сваёй партыі. У выніку будзе абраны адзіны прэтэндэнт ад партыі, які потым працягне барацьбу за прэзідэнцкае крэсла.
— У сакавіку з’езд назаве, хто будзе галоўным кандыдатам ад БНФ, а хто яго дублёрам, — паведаміў “Салідарнасці” старшыня партыі Лявон Баршчэўскі. — Вядуцца таксама і перамовы ўнутры АДС. Думаю, гэтым разам ад дэмсілаў будуць вылучаныя два кандыдаты: адзін больш пранацыянальны, другі - менш (ці, можа, па нейкім іншым крытэрыі).
Спіс сённяшніх прэтэндэнтаў ад партыі, па словах Лявона Баршчэўскага, не канчатковы і можа ўдакладняцца: пакуль невядомыя вынікі сходаў у некаторых рэгіянальных арганізацыях. Да таго ж кандыдаты могуць у любы час адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў кампаніі.
На сёння ў ліку прэтэндэнтаў значацца: Сяргей Антусевіч (сябра сойма партыі, Гродна), Ігар Лялькоў (Мінск), Аляксандр Мех (Кобрын), Іван Шэга (сябра сойма партыі, Слонім), Сяргей Мальчык (кіраўнік Гродзенскай абласной арганізацыі), Рыгор Кастусёў (сябра сойма партыі, кіраўнік Магілёўскай арганізацыі), Зміцер Салаўёў (сябра сойма партыі, Магілёў). Сярод кандыдатаў ёсць таксама адна жанчына — гэта сябра Сойму партыі, паэтэса Лера Сом.
У спіс увайшоў і былы старшыня партыі, а зараз першы намеснік Вінцук Вячорка. Аднак некаторыя пагаворваюць, што, нягледзячы на станоўчы імідж у партыі, Вячорка збіраецца зняць сваю кандыдатуру на карысць сённяшняга старшыні Лявона Баршчэўскага, які таксама значыцца ў спісе прэтэндэнтаў.
Магчыма пэўная ракіроўка і ў бок … Ігара Лялькова (у шэрагах партыі сцвярджаюць, што менавіта ён быў абраны найбольшай колькасцю рэгіянальных сходаў). Па інфармацыі “Салідарнасці”, некалькі прэтэндэнтаў таксама маюць намер зняць пад яго свае кандыдатуры.
— Зараз я не магу дакладна сказаць, каго вылучыла большая колькасць сходаў, - адзначае Лявон Баршчэўскі. — Усё роўна гэта не значыць, што той, каго больш назвалі, і стане галоўным кандыдатам. Адно магу сказаць, што мы маем стаўку на моладзь: на тых, хто добра зарэкамендаваў сябе падчас парламенцкіх выбараў. Так, напрыклад, як Іван Шэга, Аляксандр Мех. Што да маёй каныдатуры, то я пайду толькі ў тым выпадку, калі знайду пэўныя рэсурсы. У кампанію не ідуць проста так, размахваючы рукамі.
Адзначым, што ў спісе БНФ не значыцца кандыдатура былога намесніка партыі Алеся Міхалевіча, які ў чэрвені быў выключаны з партыі за парушэнне ўнутрыпартыйнай этыкі, але дагэтуль застаецца намеснікам старшыні грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне”. Вядома, што яшчэ раней ён таксама заяўляў пра жаданне вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме