23:15 01.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Памёр журналіст Альгерд Невяроўскі

1 кастрычніка 2009 году ў Беластоцкім шпіталі ў выніку затрымання акцыі сэрца  пасля ранейшага інфаркту ва ўзросце сарака гадоў памёр наш рэдакцыйны калега і сябра — Альгерд Невяроўскі.

 Альгерд нарадзіўся 19 жніўня 1969 году ў Менску.  У 1995 годзе закончыў гістарычнае аддзяленне каталіцкага Універсітэту імя Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве са званнем магістра. З таго часу працаваў у асноўным журналістам. Два гады ў газеце «Наша слова», затым у газеце «Свабода». Супрацоўнічаў у якасці карэспандэнта з расейскай газетай «Камерсант». Цягам сямі гадоў, да 2005 году, быў карэспандэнтам польскай рэдакцыі радыё Бі-Бі-Сі. Працяглы час, з 1996-га па 2007 год, быў карэспандэнтам радыё "Свабода" ў Менску, на якім гучалі яго каментары, нарысы і паведамленні са сферы палітычнага, рэлігійнага і грамадскага жыцця. З 2007 году працаваў журналістам радыё "Рацыя" ў Беластоку.

Калектыў радыё "Рацыя" не забудзе выключнай дружалюбнасці, бесканфліктнасці, акуратнасці і працавітасці Альгерда. Ён шмат часу праводзіў на працоўным месцы, шукаючы тэмаў, абмяркоўваў новыя задумы, клапаціўся  аб якасці праграмы радыё "Рацыя", з якім быў моцна эмацыйна звязаны.

Спыненне працы сэрца ва ўзросце 40 гадоў у выпадку жыццярадаснага чалавека была шокам для сваякоў і сяброў па працы. Альгерд асіраціў дваіх дзяцей: 14-гадовую дачку Івону і 13-гадовага сына Чэслава.

Вечная яму памяць!

 

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме