18:30 20.01.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Падпісанне кантракту па будаўніцтве АЭС перанесена
Раней падпісаць кантракт абяцалі да канца 2009 года. І пры гэтым казалі, што тэрміны падціскаюць
Яшчэ як мінімум на паўгода перанеслі падпісанне кантракту па будаўніцтве АЭС, бо ён пакуль не гатовы.
“Кантракт яшчэ рыхтуецца, ён у распрацоўцы”, — паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар расійскай кампаніі, якая пабудуе для нас АЭС, Вольга Цылёва. У “Атамбудэкспарце” спадзяюцца, што да канца першага квартала 2010 года кантракт падрыхтуюць. Але гэта — палітычнае рашэнне, і таму ўсё залежыць ад высокага кіраўніцтва.
Вольга Цылёва: “Магчыма, тэрміны з’ехалі, у дадзенай сітуацыі гэта не ад нас залежыць. Мы проста кампанія, якая займаецца будаўніцтвам, а гэта — палітычныя рашэнні. Гэта залежыць ад высокага кіраўніцтва, як там усё гэта будзе. Мы пакуль чакаем, што ў першым квартале 2010 года, але як гэта ўсё рэальна будзе, пакуль вельмі цяжка сказаць”.
Паводле слоў прэс-сакратара “Атамбудэкспарта”, пра магчымыя кошты будучага кантракту па-ранейшаму нічога не вядома.
Але, як падлічвала раней Еўрарадыё, з выдаткамі на інфраструктуру, замену энергетычных сетак, будаўніцтва горада-спадарожніка для працаўнікоў АЭС, а таксама з улікам атамнай інфляцыі, АЭС нам будзе каштаваць мінімум 9 мільярдаў долараў.
Галоўны інжынер Дырэкцыі будаўніцтва беларускай АЭС Анатоль Бондар кажа, што кіраўніцтвам прынятыя наступныя тэрміны: кантрактнае пагадненне плануюць падпісаць да канца першага квартала 2010 года, а генеральны кантракт — да 30 чэрвеня 2010 года. Толькі пасля гэтага распачнуцца актыўныя працы:
“Калі следам за кантрактным пагадненнем (да сярэдзіны года) будзе падпісаны і цалкам кантракт, тады дарога будзе адкрытая, зялёная вуліца. Будуць падпісаныя вышэй названыя дакументы — тады будзе ажыўленне. Вось ведаеце, мы — як на старце, і як толькі будзе адмашка, адразу стартуюць бегуны”.
Пакуль адмашку не далі, на месцы будучай АЭС вядуцца падрыхтоўчыя працы. Ужо пабудавалі першы дом:
Анатоль Бондар: “Мы вытрымліваем пытанні працэдурнага плана — гатоўнасць абаснавання інвестыцый, моманты, звязаныя з МАГАТЭ, з грамадскімі канвенцыямі… Ужо не сакрэт, што пабудаваны першы жылы дом. Ніжнія паверхі будуць пад офісы арганізацый: Дырэкцыі атамнай станцыі, БелНІПІэнергапрам, “Белэнергабуд” і г.д.”
Нагадаем, што раней падрыхтаваць кантракт планавалася яшчэ да канца 2009 года, таму што тэрміны падціскалі. Пра гэта расказвала Вольга Цылёва:
“Цяпер рыхтуецца кантракт. А наступным крокам будзе падпісанне кантракту. Але мы плануем, што гэты кантракт будзе, прынамсі, падрыхтаваны да канца гэтага (2009 г. — аўт.) года. Калі зыходзіць з таго, што ў 2016-м годзе трэба здаць першы блок, то першы бетон павінны заліць у 2010 годзе. Таму тэрміны ў нас вельмі сціснутыя”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме