19:30 25.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Нумар «ARCHE» прызналі «экстрэмісцкім»
Суд Маскоўскага раёна прызнаў № 7–8 часопіса «ARCHE-Пачатак» «экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню», тым самым задаволіўшы заяву УКДБ Брэсцкай вобласці «Аб устанаўленні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне». Слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме і доўжыліся ўсяго гадзіну — з 9.30 да 10.30, а ў 11.45 суддзя ўжо абвясціла рашэнне.
Справу разглядала суддзя Таццяна Міранюк (намесніца старшыні суда Маскоўскага раёна Брэста). Яшчэ перад пачаткам паседжання яна абвясціла, што працэс будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. У сувязі з гэтым у судовым паседжанні бралі ўдзел толькі прадстаўнік КДБ і адвакат Павел Сапелка, які прадстаўляў інтарэсы адказчыка. У залу суда не дапусцілі нават заснавальніка «ARCHE» Андрэя Дынько.
Павел Сапелка лічыць, што рашэнне «незаконнае, неабгрунтаванае і падлягае адмене». Пасля атрымання матывавальнай часткі яго абскардзяць у Брэсцкі абласны суд. «Пакуль рашэнне не ўступіла ў законную сілу, усё застаецца на сваіх месцах. Пасля ўступлення яго ў сілу могуць быць усе наступствы, прадугледжаныя законам „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“ — то бок усе асобнікі накладу будуць лічыцца экстрэмісцкімі і будуць падлягаць вынятку пры выяўленні», — патлумачыў сп. Сапелка ў гутарцы з прэс-службай БАЖ.
Галоўны рэдактар «ARCHE» Валерый Булгакаў таксама ўпэўнены, што абвінавачанні часопіса ў парушэнні закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» абсалютна беспадстаўныя. «Цяжка знайсці словы, каб пракаментаваць гэтае рашэнне. У часопісе не было ніводнага закліку да гвалтоўных дзеянняў альбо да падрыву дзяржаўнага ладу. Нумар часопіса займаў 1 100 старонак, гэта каля 3 млн. знакаў. З гэтага вялізнага аб’ёму тэкстаў зыскоўцы вырвалі 4 фразы, якія ўяўляюць сабою, хутчэй, філасофскія разважанні… Сітуацыя абсурдная. КДБ фактычна пераследуе іншадумства, як у часы СССР».
Нагадаем: 24 кастрычніка 2008 года на беларуска-польскай мяжы ў Брэсце ў аўтара выдання Алеся Пашкевіча, які ехаў цягніком у Польшчу, падчас мытнага дагляду багажу адабралі 10 асобнікаў № 7–8 «ARCHE».
Супрацоўніца мытні Рэната Нядбаева палічыла, што звесткі, якія ўтрымліваюцца ў часопісе, «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Знойдзеныя асобнікі забралі «на экспертызу».
30 снежня 2008 годаУКДБ па Брэсцкай вобласці накіравала ў суд зыск, у якім сцвярджала: «…Праведзеным аналізам устаноўлена, што ў часопісах утрымліваюцца звесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і праўлення Рэспублікі Беларусь, узмацняюць сацыяльна-палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць здзяйсненне дзеянняў, накіраваных на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь», — сцвярджалася ў зыску за подпісам начальніка УКДБ па Брэсцкай вобласці палкоўніка Леаніда Дзядкова.
Такія звесткі, паводле зыску, утрымліваюцца ў чатырох публікацыях № 7–8 «ARCHE». А менавіта:
— у артыкуле В. Сіліцкага«Парлямэнцкія выбары: беларуская нуда, эўрапейская інтрыга?»,
— у матэрыяле «Выбух і шмон: беларускі міні-Асьвенцім», падрыхтаваным па выніках «круглага стала» ў рэдакцыі часопіса,
— у артыкуле «Менскія манэўры. Лукашэнка выкарыстоўвае вырабы, каб здабыць рычагі ў перамовах з ЭЗ» (аўтары Б. Ярабік і А. Рабальяці),
— у публікацыі «Памяць ахвяраў і памяць катаў» (рэцэнзія А. Расінскага на фільм Анджэя Вайды «Катынь»).
Нагадаем, што напярэдадні слуханняў Міжнародная федэрацыя журналістаўдаслала ліст на імя прэзідэнта Беларусі, генеральнага пракурора і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. «Практыка, якую ўжывае КДБ, — гэта выкарыстанне судовай сістэмы для блакавання і ўціску незалежнай журналістыкі ў краіне, бо матэрыялы, абвешчаныя „экстрэмісцкімі“, падлягаюць знішчэнню. Насамрэч, артыкулы, пра якія ідзе гаворка, тычацца пытанняў, цікавых для грамадства, — асабліва зараз, калі ў Беларусі набліжаюцца выбары і працягваюцца перамовы з Еўрапейскім звязам — абедзве гэтыя тэмы былі закранутыя ў канфіскаваных нумарах часопіса», — гаварылася ў лісце.
Гісторыя беларускага «экстрэмізму»
Суд над часопісам «ARCHE» - гэта першы выпадак, калі КДБ звінаваціў у экстрэмізме зарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку перыядычнае друкаванае выданне. Раней аналагічныя спробы рабіліся ў дачыненні да кніг, запісаў фільмаў і канцэртаў, незарэгістраваных газет і г.д. у Гродзенскай вобласці.
Гэтак,УКДБ па Гродзенскай вобласці ініцыявала некалькі працэсаў аб прызнанні экстрэмісцкімі аднаго з нумароў незарэгістраванай газеты «Свабода», асобніка газеты беларускіх палякаў «Glos znad Niemna na uchodzstwie», выдання “Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе”, аўдыёзапісу праграм польскага радыё, “Асноваў стратэгіі АДС”, “Праекту рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сіл”, бюлетэню “Свабодная думка”, кніг Паўла Севярынца “Лісты з лесу” і Святланы Калінкінай і Паўла Шарамета“Выпадковы прэзідэнт”, а таксама некаторых іншых матэрыялаў.
У верасні суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 3 дыскі з запісам варшаўскага канцэрта 2006 года “Салідарныя з Беларуссю”,6 дыскаў з запісам польскага дакументальнага фільма “Lekcja Bialoruskiego” (“Урок беларускай мовы”) і 7 дыскаў з фотаздымкамі з Кастрычніцкай плошчы 2006 г. у Мінску. Рашэнне ўступіла ў сілу 16 верасня.
9 вераснясуд Іўеўскагараёна прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі нумар незарэгістраванай газеты “Свабода” (№127 за 14-27.08.2008). Прэтэнзіі УКДБ выклікаў інфармацыйны матэрыял “Вайна ў Грузіі”. У лістападзе гэтае рашэнне было адменена калегіяй Гродзенскага абласнога суда на той падставе, што суд першай інстанцыі разгледзеў справу без паведамлення ўсім зацікаўленым асобам. 12 снежнясуд Іўеўскага раёна падчас паўторных слуханняў па справе пакінуў заяву Гродзенскага УКДБ без разгляду – суд выказаў сумнеў, што асоба, подпіс якой стаяў пад заявай, была ўпаўнаважаная яе падпісваць.
У канцы кастрычнікасуд Кастрычніцкага раёна г. Гродна па працэсуальных пытаннях пакінуў без разгляду заявы Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі асобніка газеты «Glos znad Niemna na uchodzstwie» і некаторых іншых інфармацыйных матэрыялаў.
Нагадаем, што ў сярэдзіне кастрычнікаБАЖ выступіў з заявай, у якой выказаў трывогу з нагоды ўзбуджэння па ініцыятыве КДБ шэрагу спраў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Гэта, на думку БАЖ, «з’яўляецца прыкладам скрайне абмежавальнага і нават абсурднага стаўлення да свабоды слова». «Рашэнні судоў аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі, вынесеныя без папярэдняй экспертызы, з’яўляюцца надзвычай небяспечнымі ў сувязі з магчымасцю далейшага крымінальнага пераследу грамадзян на падставе закона „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“», — гаварылася ў заяве.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме