12:00 18.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ну паваюйце з намі, палякі!
Афіцыйны Мінск ізноў пайшоў на абвастрэнне адносінаў з Варшавай. У цэнтры ўвагі зноў сітуацыя з Саюзам палякаў.
Гэтая гісторыя пачалася яшчэ пяць гадоў назад. 13 сакавіка 2005 года на з’ездзе Саюза новым старшынём была абраная маладая настаўніца Анжаліка Борыс. Яе абралі на месца Тадэвуша Кручкоўскага. Некалі Кручкоўскі праславіўся тым, што ацаніў колькасць палякаў у Беларусі на паўтара мільёна жыхароў. Значыць, запісаў у палякі ўсіх каталікоў. А таксама актыўна ўжываў фразы аб «знешнім ворагу», маючы на ўвазе беларускі адраджэнскі рух. Тым не менш, дзейнасць старшыні з такімі фундаментальнымі поглядамі ўлады цалкам задавальняла.
Асабліва пасля першага старшыні Тадэвуша Гавіна, які актыўна ішоў на супрацоўніцтва з апазіцыйнымі арганізацыямі. Шмат гадоў пры Кручкоўскім ніхто не замінаў будаваць па ўсёй Беларусі шыкоўныя Польскія дамы.
Каманда ж Анжалікі Борыс была ўжо зусім іншай фармацыі. Іхнія погляды ў значнай ступені сфарміраваліся пад уплывам шматгадовага рэдактара парыжскай «Культуры» Ежы Гедройця.
Гедройць не марыў пра вяртанне Гродна ці Львова Польшчы. Польшча, лічыў ён, зацікаўленая, каб гэтыя гарады належалі моцным сяброўскім дзяржавам. Натуральна, што не чужымі для новага кіраўніцтва СПБ былі і ідэі дэмакратыі і лібералізму.
Улады прынялі рашэнне не прызнаваць той з’езд, дзе перамагла Борыс, а пакінуць старшынём адыёзнага Кручкоўскага. Той момант і можна лічыць расколам у арганізацыі.
Паслядоўна і мэтанакіравана ўлада выкідала прадстаўнікоў апальнага Саюзу з іхніх памяшканняў, пазбаўляла права на выданне газеты «Glos z-nad Niemna», рабіла іх невыязнымі. Іх вінавацілі ў падрыхтоўцы да правядзення рэвалюцыі, параўноўвалі з косаўскімі албанцамі, якія хочуць аддзялення ад краіны.
А Борыс, Пачобут, Пісальнік, Яскевіч, Банцар, Кеўляк, Лісоўскі і іншыя не здаваліся. Усё кіраўніцтва Саюзу палякаў прайшло крымінальныя справы. Некага абвінавачвалі ў запалохваннях, перавозе наркотыкаў, збіцці чалавека. Але ніводную з іх да канца так і не давялі.
Нікога не зламалі.
Польскія палітыкі ў тым канфлікце займалі досыць адназначную пазіцыю. Яны не гаварылі пра змаганне паміж палякамі і беларусамі. Большасць гаварыла пра тое, што гэта канфлікт дэмакратычнай Еўропы і апошняй еўрапейскай дыктатуры. Польшча была за крок ад разрыву дыпламатычных адносінаў з Беларуссю.
Пакінуць на пасадзе цалкам скампраметаванага Кручкоўскага не наважыліся. Новым старшынём праўладнага Саюзу стаў пенсіянер Юзаф Лучнік, які стараўся трымацца далей ад розных разборак.
Ці не кульмінацыйным момантам супрацьстаяння ў 2005 годзе быў штурм АМАПам Дома польскага ў Гродна. У лютым 2010 сітуацыя паўтарылася амаль цалкам, калі міліцыя сілай заняла Дом польскі ў Івянцы, адзін з апошніх аплотаў бунтоўнага Саюзу. Што цікава, і першы накат, і другі адбыліся акурат напярэдадні прэзідэнцкіх кампаній.
Але на гэты раз геапалітычная сітуацыя крыху змянілася. Польшча — адна з тых краін, што была найбольш зацікаўленая ў паляпшэнні беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі стаў адным з першых еўрапейскіх чыноўнікаў, што наведалі Беларусь.
Цэлы 2009 год польскія дыпламаты ў Мінску старанна засцерагалі актывістаў Саюза палякаў ад найменшых рэзкіх крокаў.
Ад усяго, што магло б паставіць пад пагрозу паляпшэнне беларуска-еўрапейскіх адносінаў. І нават пасля захопу Дому польскага ў Івянцы міністр Сікорскі толькі паабяцаў жорсткую «мужчынскую размову» з беларускім калегам Сяргеем Мартынавым, калі ён 12 лютага наведваў Варшаву. Аднак візіт нават не адклалі.
Мартынаў пачаў запэўніваць, што аб’яднанні палякаў павінны дамовіцца самі, а дзяржавы не павінны ў гэта ўмешвацца.
Па вяртанні Мартынава дадому ўціск на палякаў толькі павялічыўся. 15 лютага ў Валожыне затрымалі некалькі дзесяткаў чалавек, што прыехалі падтрымаць Тарэсу Собаль. На сутках апынуліся Пачобут, Яскевіч і Банцар. 17 лютага затрыманні паўтарыліся, а Валожынскі суд загадаў Собаль вызваліць памяшканне Дома польскага.
Унутрыпалітычная традыцыя ў Польшчы такая, што не рэагаваць на такія знявагі «радакаў-палякаў» урад не можа. Апазіцыя патрабуе жорсткіх дзеянняў. Грамадская думка ў Польшчы — надзвычай уплывовая.
Варшава ўсё яшчэ не спяшаецца ісці на абвастрэнне. На нарадзе ў МЗС Польшчы было прынятае рашэнне, што «калі рэпрэсіі не спыняцца, мы будзем рабіць крокі ў кірунку замарожвання адносінаў між Еўрасаюзам і Беларуссю». Але ніякіх канкрэтных крокаў яшчэ не прымаецца.
Куды больш жорстка выступіла Gazeta Wyborcza: «Радаслаў Сікорскі ўклаў нямала палітычнага капіталу, каб адкрыць дзверы Еўропы для Беларусі. Гэтыя высілкі не былі марнымі, бо палітыкі ў многіх краінах Еўрасаюза прызналі неабходнасць прыцягнення ўсходніх суседзяў у зону стабільнасці і дэмакратыі, якая існуе ў ЕС. Гульня з Лукашэнкам нялёгкая, бо ён не прызнае ніякіх правілаў. Акрамя таго, у Беларусі ў межах рэжыму сутыкаюцца розныя сілы і частка з іх дакладна зацікаўленая ў спыненні «пацяплення» адносінаў з Варшавай і Бруселем. Аднак ні адна еўрапейская краіна не можа трываць спланаваны і усё больш вычварны пераслед сваіх суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой», — піша выданне.
16 лютага спікер польскага Сейма Браніслаў Камароўскі заявіў журналістам, што «ва ўмовах парушэння правоў чалавека і грамадзян Беларусі ў Польшчы ёсць падставы сур’ёзна разгледзець магчымасць вяртання да палітыкі санкцый». Польшча сапраўды здольная замарозіць пазіцыю ЕС у адносінах да Беларусі.
Прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі, хоць і ўсе апошнія гады займаў даволі крытычную пазіцыю да спробаў «еўрапеізаваць» Аляксандра Лукашэнку, 16 лютага накіраваў яму ліст, у якім выказаў «сваю заклапочанасць і рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў Беларусі». Пра гэта кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы Уладзіслаў Стасяк паведаміў польскаму інфармагенцтву ПАП. «Прэзідэнт указаў на неабходнасць павагі правоў чалавека, якія з’яўляюцца асновай сучаснага еўрапейскага грамадства», — заявіў Стасяк.
На думку Качынскага, асабістае ўмяшанне прэзідэнта Беларусі стала б доказам, што ён «хоча захаваць добрыя адносіны паміж дзвюма краінамі». У сваім лісце польскі прэзідэнт нагадаў пра міжнародныя абавязацельствы Беларусі і двухбаковы дагавор аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве.
Такім чынам, Качынскі даў Лукашэнку магчымасць захаваць твар. Маўляў, рэпрэсіі былі перагібамі на месцах, а прэзідэнт аднавіў справядлівасць.
Канфлікт з Польшчай можа паставіць крыж на паўпавартым удзеле Беларусі ў важных праектах Еўрасаюза, кшталту «Еўрапейскага партнёрства».
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
8 ноября 2024
« | Ноябрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | ||||
4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 |
11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 |
18 | 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 |
25 | 26 | 27 | 28 | 29 | 30 |