03:16 13.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Наста Палажанка З кнігі “Будзіцелі”

ДАВЕДКА: Наста Палажанка нарадзілася ў Мінску 2-га жніўня 1990 года. Адна з самых выбітных актывістак незарэгістраванага «Маладога фронту», у які прыйшла ў 2004 годзе.

 — Паколькі пражыла сваіх гадоў я яшчэ не шмат, аповед пра біяграфію не будзе доўгім. Усё жыццё правяла ў беларускай сталіцы. Мае бацькі нарадзіліся ў Кіраўску, а сюды прыехалі па вельмі празаічнай прычыне: даць добрую перспектыву на жыццё сабе і дзецям, знаходзячыся ў Менску, нашмат больш рэальна, чым у Кіраўску.

У 1997 годзе пайшла ў сярэднюю школу. Мой брат Сяргей старэйшы за мяне на дзевяць гадоў. Праграміст, займаецца нейкімі банкаўскімі справамі. Карацей, мы з ім пайшлі абсалютна рознымі кірункамі. Я ўвесь час была чыстым гуманітарыем, а ён наадварот. Дарэчы, універсітэт брат скончыў з дыпломам з адзнакай. Сяргей — надзея і будучыня сям’і.

Потым перайшла ў іншую школу. Адбылося гэта ў сярэдзіне апошняга класа. Справа ў тым, што ў той час дырэктар маёй школы стала дэпутаткай мясцовага Савета. А са мной якраз пачаліся «праблемы». Сталі забіраць міліцыянеры, была распачата крымінальная справа.

— Не далі скончыць?

— Я б так не сказала. Гэта будзе трохі памылкова. Канешне, яны рабілі ўсё магчымае, каб так і адбылося, але я вучылася добра, ніякіх прэтэнзій на гэты конт не было. І адносіны амаль з усімі былі добрымі. Можа толькі ў адміністрацыі мяне недалюблівалі. Там і пачалі чыніць усякія перашкоды. Тым больш што нашага дырэктара ўсё, што адбываецца ў краіне, цалкам задавальняла. Яна, мякка кажучы, не разумела маіх памкненняў. А можа і разумела, але мела радыкальна іншыя меркаванні.

У сярэдзіне адзінаццатага класа я падумала, што мне будзе прасцей  знайсці нешта іншае. Даходзіла да таго, што адміністрацыя школы дэманстратыўна не хацела са мной вітацца. Акрамя гэтага пачаліся і пэўныя ўнутраныя школьныя праблемы. Школа ўвесь час лічылася элітнай, бо была адной з нешматлікіх, дзе паглыблена вывучалі нямецкую мову. Новы дырэктар пачала нейкія перамены і, як казалі многія, пайшла не ў той бок. Напрыклад, вопытныя настаўнікі былі заменены больш маладымі. Унутраная школьная палітыка стала аддаляцца ад дэмакратычных арыенціраў.

Безумоўна, у некаторым сэнсе мой зыход у выпускным класе быў самазабойствам, але я вырашыла рызыкнуць. Думала, што будзе проста, але насамрэч выйшла інакш. З бацькам аб’ездзіла мноства школ, аднак нідзе мяне не хацелі браць. Глядзелі камп’ютарную базу, а там былі зафіксаваны ўсе прыгоды з міліцыяй. Паўтаруся, вучылася я добра, але былі моманты, калі разумела, што ў іншым месцы атрымаю значна больш высокія адзнакі. І, часцей за ўсё гэта, было звязана не толькі з маёй асобай, а і з якасцю выкладання.

Пераход у іншую школу падтрымалі мае сябры-аднакласнікі. Разам са мной нават зышлі тры чалавекі. Уся наша кампанія.

Пасля шматлікіх адмоў перайшла ў звычайную школу нумар 37. Дакладней, не зусім звычайную, бо там ёсць эстэтычны ўхіл. Некаторыя туды прыходзяць пасля музычных школ. Узровень не горшы за той, што быў раней. І раён для мяне «духоўна» больш блізкі. Напрыклад, з акна кабінета матэматыкі бачна пракуратуру, дзе мяне дапытвалі. Побач РАУС Цэнтральнага раёна.

 Давучыцца мне засталося зусім крышачку. Менш як паўгода.

— У вас яшчэ будзе 11 класаў?

— Так. На мой погляд, з гэтай «дванаццацігодкай» зрабілі нешта не зусім добрае. Мне шкада гэтых бедных дзетак. Здаецца, мы будзем апошнімі, хто не падпаў пад эксперымент, Тыя, хто ідзе за намі, вучацца пяць дзён у тыдзень, але 12 гадоў. Не ведаю, чым яны будуць займацца, бо праграмы і так пастаянна скарачаюцца.

— А якія планы адносна далейшай вучобы? Ёсць нейкія мары?

— Ёсць. Але яны час ад часу мяняюцца. Канешне, я шмат думала над гэтым пытаннем. Канчатковага рашэння пакуль няма. Вагаюся. Заўжды жадала і рыхтавалася паступаць на філасофскі факультэт БДУ. Нават не ведаю, адкуль усё пачалося. Можа, ад таго, што лічыцца — жанчын-філосафаў не бывае. Мяне такі погляд крыху кранае.

Аднак я рэалістка і добра разумею, што прыйдзецца рабіць выбар. У жыцці заўжды трэба расстаўляць прыярытэты. Альбо займацца палітыкай, альбо вучыцца ў БДУ, бо адначасова набыць якасную адукацыю і змагацца з уладай не атрымаецца. А няякасная адукацыя мне не патрэбна. Упэўнена, сябры нашай арганізацыі, якіх час ад часу называюць «фанатыкамі» і «адмарозкамі», павінны быць добрым прыкладам у выхаванні і адукацыі. Таму я буду імкнуцца яе атрымаць. І не толькі вышэйшую адукацыю, але і добрыя веды. Можа, толькі гэта будзе завочна. Усе ведаюць, што такое завочная адукацыя, але я буду імкнуцца, каб негатыўны стэрэатып быў разбураны.

— Як вы ўвогуле прыйшлі ў «Малады фронт»?

— З самага дзяцінства тонка адчувала, што такое Беларусь, аднак амаль ніколі не чула беларускай мовы. Вельмі хацела на ёй размаўляць, але калі няма нейкага «штуршку», то аднымі думкамі ўсё і абмяжоўваецца. Як вядома, калі няма належнага асяроддзя, няма магчымасці і вучыцца.
У школе ў мяне была сяброўка, якая таксама цікавілася беларускай музыкай, літаратурай. З гэтага ўсё і пачалося. Сталі самі граць і спяваць.

Праз гэта я і трапіла ў «Малады фронт». Дакладней усё адбылося так. Нехта прапанаваў схадзіць і паглядзець на тое, як будуць святкаваць Дзень бітвы пад Оршай. Прыйшлі ў сквер Янкі Купалы. Зусім выпадкова, не ведаючы, хто ўсё арганізоўвае. І там пазнаёміліся з хлопцамі з «Маладога фронту». Даведаліся пра гэтую арганізацыю, пра яе прынцыпы і каштоўнасці. Зацікавіла, і ўжо ў бліжэйшым часе мы трапілі на першую для нас маладафронтаўскую управу.

А пазней зразумела — гэта маё.

— У якім класе ўсё адбылося?

— У восьмым.

Так што ўсё маё выхаванне — іх. Спачатку сапраўды была толькі цікавасць, а тое, што я ёсць зараз (погляды, каштоўнасці), цалкам з’яўляецца вынікам уплыву «Маладога фронту». Дзякую лёсу, што ў чатырнаццаць год прыйшла менавіта да іх.

— І навошта вам такія прыгоды?

— Я добра бачыла: вакол адбываецца штосьці не тое, але як гэта называецца і чаму адбываецца— не ведала. Не ведала ні пра адну палітычную арганізацыю Беларусі, нічога не разумела ў палітычных працэсах. У тыя гады мяне больш цікавіла іншае — беларуская літаратура, музыка. Я адчувала, што недзе трэба сябе знайсці, і зрабіла гэта ў «Маладым фронце». Пачала цікавіцца сітуацыяй у краіне, чытаць кнігі і газеты, слухаць радыё.

Як вядома, лепш за ўсё чалавек вучыцца на асабістых прыкладах. Для мяне такой навукай сталі арышты і адміністрацыйныя пакаранні. Калі трапляеш у арганізацыю, якая знаходзіцца пад крымінальным пераследам, то адразу пачынаеш задаваць шмат пытанняў. Першае — за што гэтыя людзі так пакутуюць? Нізашто. І разумееш, што робіцца сапраўды вартая справа, здзяйсняецца першапачатковая справядлівасць. Я не казала б, што тут спрацоўвае нейкі юнацкі максімалізм. Можа, ён ёсць толькі тады, калі ты хочаш максімальна якасна нешта зрабіць і набліжаешся да нейкіх акцый. У нас жа было штосьці іншае. Упэўнена, зрабіла ўсё не на эмоцыях, а свядома.

Прыйшла ў «Малады фронт» з сяброўкамі, але з цягам часу яны адышлі ўбок, пачалі жыць звычайным маладзёвым жыццём, а я вырашыла па-іншаму.

— Таксама пакутаваць?

— Не так пафасна.

Колькі разоў вас затрымлівала міліцыя?

— Не лічыла. Мяне пакуль можна толькі затрымліваць. І без суду адпускаць, бо я — непаўналетняя. «Суткі» чакаюць у будучым. Праз гэта прайшлі фактычна ўсе мае сябры, не стануць краты праблемай і для мяне. Ва ўсякім разе вельмі на гэта спадзяюся. Як трэба, так трэба. Будзе цікавым толькі — за што і калі?

Не думаю, што тут могуць быць нейкія нечаканасці. Напрыклад, матамі на вуліцы я ўжо «лаялася». Як і ўсе звычайныя беларускамоўныя апазіцыянеры. Два разы...

— Калі быў «дэбют»?

— Была акцыя салідарнасці каля польскай амбасады. Памятаеце страсці вакол беларускага Саюза палякаў? Кампанія ў мяне была вельмі добрай — сяброўка, Артур Фінькевіч і Зміцер Дашкевіч. Гэта афіцыйны дэбют, бо затрыманні былі і раней. Напрыклад, так званыя прэвентыўныя, калі забіраюць толькі для таго, каб ты не трапіў на нейкую акцыю. Словам, дробязі. Канешне, яны перашкаджаюць дзейнічаць, але пакутай не з’яўляюцца.

— Як бацькі ставяцца да таго, што дачка займаецца даволі небяспечнай справай?

— Маці , Галіна Уладзіміраўна, 12 гадоў таму памерла... Таму буду расказваць пра бацьку, Уладзіміра Міхайлавіча.
 

Безумоўна, першае затрыманне было ўспрынята вельмі негатыўна і катэгарычна. Дома пачалася сапраўдная вайна — сцягі зрывалі, штосьці забіралі. І абсалютна мяне не разумелі. Скандалы, сваркі, спрэчкі. Так прайшлі два гады. Зараз усё спакойна, але я наўмысна не кранаю дома палітычныя тэмы. Навошта?
 

А пасля ў бацькі прыйшло разуменне, што гэта сур’ёзна. Адбылося ўсё пасля таго, як на мяне завялі крымінальную справу за дзейнасць у складзе незарэгістраванай арганізацыі. Яго выклікалі ў гарадскую пракуратуру і сказалі — я падазроная. Адразу бацька быў злы, зразумець яго можна. Вялікая крыўда выхоўваць дачку з такімі праблемамі. Брат — поўная супрацьлегласць. Памяркоўны, спакойны, а я ўся шэбуршная.

Мой бацька па адукацыі ваенны палітолаг. Вучыўся ў нейкім памежным вучылішчы пры КДБ СССР. Усё жыццё ён вывучаў палітыку і вельмі добра разумеў, што з маіх дзеянняў можа атрымацца. А галоўнае, імкнуўся зразумець, наколькі далёка я гатова пайсці ў сваіх памкненнях.
Памятаю, своеасаблівай мяжой стаў ператрус, які прайшоў у нашым доме. Ён адбыўся без мяне. Нас затрымалі прама на арганізацыйным сходзе і адвезлі ў Савецкі РАУС.

Ператрус быў апошняй вялікай сваркай. Бацька, які прысутнічаў на ўсіх маіх допытах, убачыў, што я буду ісці далей. Упарта і мэтанакіравана, тым больш што я цалкам маю рацыю.

Ды і сам суд зрабіў на яго ўражанне. Вакол будынка было каля трохсот чалавек, а ў самой зале прысутнічалі і амбасадары, і журналісты, і палітыкі. Тады тата, мабыць, і зразумеў, што я не адна і што ёсць людзі, дзеля якіх я ўсё гэта раблю.

АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
Не ведаю, якім будзе далейшы лёс Насты Палажанкі. Адназначна толькі тое, што ў чалавечым жыцці не павінны быць адначасова вучоба ў школе і міліцэйскія затрыманні за іншадумства. А яшчэ шкада дзяржаву, якая лічыць такі стан рэчаў нармальным.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме