20:15 28.07.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Наша Ніва» атрымала адразу два папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі
На працягу аднаго тыдня газета «Наша Ніва» атрымала два папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі. У загалоўках артыкулаў, у якіх былі знойдзеныя «парушэнні», фігуруе «Хросны бацька». Абодва папярэджанні непасрэдна тычацца нумару «НН», які чытачы па ўсёй краіне не знайшлі ў кіёсках «Белсаюздруку».
У папярэджанні, датаваным 22 ліпеня, Мінінфармацыі вінаваціць газету ў распаўсюдзе звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Падставай для абвінавачання стаў загаловак «Хросны бацька сканфіскаваў» («НН» № 26). «Паводле артыкула 244 Грамадзянскага кодэкса РБ канфіскацыяй з’яўляецца безвыплатнае выманне маёмасці ва ўласніка ў выглядзе санкцыі за здзейсненае злачынства ці іншае правапарушэнне», — адзначае Мінінфармацыі. Далей прадстаўнікі міністэрства спасылаюцца на інфармацыю РУП «Белсаюздрук» аб тым, што наклад «НН» № 25 ад 7 ліпеня 2010 г. «быў накіраваны для рэалізацыі ў гандлёвыя аб’екты прадпрыемства». Адпаведна, лічыць Мінінфармацыі, «канфіскацыя выдання не ажыццяўлялася».
Інфармацыя, змешчаная ў артыкуле «Хросны бацька сканфіскаваў», як адзначаецца ў лісце за подпісам міністра Алега Праляскоўскага, «можа нанесці шкоду ў тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, паколькі скажае практыку ўзаемадзеяння дзяржавы з сродкамі масавай інфармацыі».
Другое папярэджанне, датаванае 26 ліпеня, тычыцца артыкула «БРСМ рэкламуе фільм «Хросны бацька», змешчанага ў «НН» № 25. «Згодна інфармацыі грамадскага аб’яднання „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“ актывістамі згаданага аб’яднання 6 ліпеня ў г. Мінску была зладжаная акцыя, зместам якой не з’яўлялася рэклама згаданага фільма», — адзначаецца ў лісце. Адпаведна, лічаць у Мінінфармацыі, «апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і ганьбіць рэпутацыю дадзенай юрыдычнай асобы».
Папярэдні раз «Наша Ніва» атрымлівала папярэджанне ў лістападзе 2009 года. Тады газету звінавацілі ў публікацыі неправераных звестак пра эпідэмію грыпу.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме