15:37 11.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
На выбарчы сход — без дазволу ўладаў
Экспэрты Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і экспэрты Нацыянальнага цэнтру заканадаўчай дзейнасьці пры прэзыдэнце Беларусі абмяркоўваюць магчымыя зьмены ў Выбарчы кодэкс краіны. Прыезд замежных спэцыялістаў у Менск стаў магчымым пасьля нядаўняга наведваньня Беларусі дырэктарам бюро Янэзам Ленарчычам.
Беларускую дэлегацыю на перамовах ачольвае Валеры Міцкевіч. Ён — дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўчай дзейнасьці і адначасова намесьнік старшыні Цэнтравыбаркаму. Замежжа прадстаўляюць штатныя супрацоўнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека і запрошаныя імі спэцыялісты.
Пачаліся перамовы з абмеркаваньня практыкі правядзеньня перадвыбарных сходаў. Юрыст Уладзімер Лабковіч у інтэрв’ю “Свабодзе” нагадаў, што праблема ўзьнікла яшчэ на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Тады ў выбарчым заканадаўстве гэтая норма не была дакладна прапісаная. Але Цэнтравыбаркам і тады яшчэ ўважаў, што на ўсе масавыя мерапрыемствы ў межах выбараў (пікеты, мітынгі, сустрэчы з выбарцамі) трэба абавязкова падаваць папярэднія заяўкі і атрымліваць дазвол уладаў. А напрыканцы 2006 году гэтую норму ўнесьлі ў Выбарчы кодэкс, канстатуе спадар Лабковіч:
“Дэмакратычныя сілы — экспэрты, правазнаўцы, якія займаюцца выбарамі, неаднаразова зьвярталі ўвагу, што гэта абсалютна дыскрымінацыйная норма. Яна скіраваная на абмежаваньне правоў як кандыдатаў, так і выбарцаў на атрыманьне інфармацыі. Мы неаднаразова заяўлялі, што патрэбны не дазваляльны, а заяўляльны прынцып. То бок калі органы мясцовай улады (найперш — міліцыя) ставяцца ў вядомасьць, што ў межах агітацыйнай кампаніі будзе адбывацца пэўнае мерапрыемства. І менавіта на гэтым будуюцца нашы патрабаваньні ў гэтай канкрэтнай пазыцыі.
Такая норма ёсьць шмат у якіх краінах. І на гэта, дарэчы, неаднаразова зьвярталі ўвагу і экспэрты БДІПЧ. Толькі яна можа забясьпечыць у поўнай меры права кандыдатаў свабодна агітаваць і права выбарцаў атрымліваць падчас такіх сустрэчаў інфармацыю пра кандыдатаў і ад кандыдатаў“.
Аналітык Раман Якаўлеўскі лічыць: ад абмеркаваньня правілаў выбараў да ўнясеньня зьменаў у іх — вельмі вялікая дыстанцыя:
“Хацеў бы нагадаць, што ўпершыню неабходнасьць карэктаваньня выбарчага заканадаўства на найвышэйшым узроўні зь беларускага боку была зафіксавана яшчэ амаль 10 гадоў таму на стамбульскім саміце АБСЭ, дзе і мне давялося быць. Тады было зафіксавана, што Беларусь бярэ на сябе абавязкі прывесьці ў адпаведны стан выбарчы кодэкс. Пасьля ў Эдынбург езьдзілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы кіраўнік БРСМ Міхаіл Орда і “сэнатарка” Натальля Андрэйчык. Там яны абяцалі Уце Цапф, што абавязкова будуць зробленыя намаганьні, каб палепшыць заканадаўства, у прыватнасьці і выбарчае.
Але ж прайшло 10 гадоў. І што мы бачым? Тую ж самую песьню“.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме