22:45 07.07.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Мы заклікаем Андрэя Бандарэнку спыніць галадоўку!
Галадоўка, абвешчаная 15 чэрвеня палітвязнем Андрэем Бандарэнкам, які адбывае пакаранне ў выпраўленчай калоніі №2, працягваецца ўжо больш за тры тыдні.
Занепакоеныя станам яго здароўя, мы звяртаемся да Андрэя з заклікам спыніць гэтую галадоўку, таму што чакаць міласэрнасці ад гэтага рэжыму цяпер не выпадае.
Аднак грамадскую ўвагу сваім учынкам, сваім пратэстам, сваімі патрабаваннямі адмяніць несправядлівы прысуд, наогул спыніць пераслед па палітычных матывах у Беларусі ён звярнуў грамадскую ўвагу на відавочныя парушэнні правоў чалавека. У выніку ў Страсбургу была прынятая рэзалюцыя, якая змяшчае заклік да вызвалення Андрэя Бандарэнкі. Гэтую рэзалюцыю прынялі ўдзельнікі 16 школ палітычных даследаванняў з розных краін, якія сабраліся на Летні ўніверсітэт дэмакратыі пад эгідай Рады Еўропы.
Мы лічым, што нельга ахвяраваць сваім здароў’ем, чакаючы нейкай ласкі ад гэтага рэжыму. Трэба гэта здароўе захаваць, каб пасля зрабіць шмат таго, што неабходна для нашай краіны.
Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук, Станіслаў Багданкевіч, Леў Марголін, Аляксандр Дабравольскі, Анатоль Паўлаў, Аляксандр Ваўчанін, Юры Варонежцаў, Уладзімір Вуек, Віктар Гарбачоў, Юры Істомін, Валянціна Палевікова, Людміла Пеціна ды інш. сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
—————————————————-
15 чэрвеня былы прадпрымальнік і кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сябра Нацыянальнага камітэта АГП Андрэй Бандарэнка, які адбывае пакаранне ў выпраўленчай калоніі №2, абвясціў галадоўку. Паводле яго ліста, ён пайшоў на гэта свядома, "не маючы больш іншых магчымасцяў і вычарпаўшы ўсе аргументы, бачачы безвыходнасць сітуацыі, якая перарастае ў адкрытыя рэпрэсіі".
У звароце, дасланым з-за кратаў, ён напісаў:
"Пачынаючы з верасня 2008 г. пасля ўдзелу ў выбарчай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ я быў падвергнуты цынічнаму пераследу з боку сілавых і фіскальных структур Беларусі, які выліўся ў маё турэмнае зняволенне.
Усе спробы даказаць сваю невінаватасць і абсурднасць абвінавачвання ў судах г. Мінска ні да чаго не прывялі.
Судовая сістэма, якая ідзе на павадку ў Пракуратуры, абараняе выключна меркантыльныя інтарэсы прадстаўнікоў улады і не ў стане абараняць сваіх грамадзян. Такая сістэма ператварылася ў карны орган, які не мае нічога агульнага з правасуддзем.
На асабістым прыкладзе я адчуў, што дамагчыся ў Беларусі справядлівага суда немагчыма. Беларускія суды адкрыта топчуць канстытуцыйныя правы грамадзян, ігнаруюць дзейснае заканадаўства Беларусі, цалкам парушаюць міжнародныя прынцыпы прэзумпцыі невінаватасці, правы на абарону і свабоду грамадзян Беларусі.
З-за падобнага "справядлівага суда" я пазбаўлены волі за свае палітычныя погляды, а мая сям’я (бацька-пенсіянер, жонка ў дэкрэтным адпачынку і двухгадовая дачка Маша) апынуліся без сродкаў для існавання.
Апынуўшыся ў такіх умовах, я не жадаю мірыцца з абуральнымі фактамі ганення і ўшчамлення маіх правоў і свабод”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме