14:30 08.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Мяркуецца ўвесці адказнасць для салдат тэрміновай службы за ўдзел у дзейнасці палітычных партый

У Беларусі мяркуецца ўвесці адказнасць для вайскоўцаў тэрміноввай службы за ўдзел у дзейнасці палітычных партый. Пра гэта заявіў міністр абароны Леанід Мальцаў 8 кастрычніка, адказваючы на пытанні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.


Паводле яго слоў, норма, якая забараняе ўдзел салдат у дзейнасці палітычных партый, утрымліваецца ў праекце закона "Аб статусе вайскоўцаў", які Палата прадстаўнікоў прыняла 8 кастрычніка ў першым чытанні.

Мальцаў падкрэсліў, што грамадзяне, якіх прызываюць на ваенную службу, павінны прыпыніць сваё членства ў палітычных партыях і іншых арганізацыях, якія пераследуюць палітычныя мэты. Ён падкрэсліў, што салдаты, якія адмовіліся гэта зрабіць, "будуць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам".


Мальцаў адзначыў, што ў цяперашнім законе аб статусе вайскоўцаў, прынятым яшчэ ў 1992 годзе, таксама ўтрымліваецца забарона на ўдзел у дзейнасці палітычных партый вайскоўцаў.


Акрамя таго, у новым законапраекце, будзе захавана норма, якая забараняе вайскоўцам удзельнічаць у забастоўках або іншых акцыях, прыпыняючы сваю службу. "Але не на службе, у вольны час, гэта не забараняецца", — сказаў Мальцаў.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб маладзёжных актывістах, прызваных на тэрміновую службу, Мальцаў заявіў: "У нас разважанні на тэму палітычнага прызыву нічога агульнага з рэальнасцю не маюць. Мы дзейнічаем дакладна ў межах заканадаўства. Для нас ёсць грамадзянін Беларусі, а не член палітычнай партыі, і мы прызываем яго паводле заканадаўства".


Як раней паведамляў БелаПАН, апошнім часам у беларускую армію на тэрміновую службу былі прызваны грамадскія актывісты Франак Вячорка, Дзмітрый Жалезнічэнка, Алесь Каліта, Віталь Каратыш, Дзмітрый Федарук, Іван Шыла, Алесь Краўчэня, Яўген Скрабец і Андрэй Цянюта. Праваабаронцы заявілі, што ўлады Беларусі праводзяць "палітычны прызыў", пры гэтым парушаюць закон, у тым ліку фальсіфікуюць вынікі медыцынскіх даследаванняў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме