18:31 23.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Менску далі зразумець: застанесься і без трубы, і бяз грошай
Беларускі бок афіцыйна паведаміў: пампаваньне дызэльнага паліва расейскай кампаніяй “Захад-Транснафтапрадукт” на беларускім участку трубаправоду “Унеча — Вэнтсьпілс” адновяць 23 ліпеня а 23-й гадзіне. Якім чынам Масква змагла прымусіць Менск так хутка разблякаваць трубаправод?
Яшчэ суткі таму ў Менску апэлявалі да надзвычай дрэннага стану беларускага ўчастку трубаправоду. Яго дыягностыку, сказаў “Свабодзе” начальнік прэсавай службы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі Віталь Навіцкі, праводзілі тройчы: кампанія зь Нідэрляндаў, расейцы і супрацоўнікі Фізыка-тэхнічнага інстытуту Нацыянальнай акадэміі навук. Вынікі ўсіх трох дасьледваньняў прыкладна аднолькавыя.
“Таму я называю журналістам дадзеныя апошняй праверкі, якую рабілі беларускія навукоўцы. 3288 дэфэктаў — гэта ўсяго. Сярод іх ёсьць такія, якія ўплываюць на бясьпеку і якія не ўплываюць на бясьпеку цяпер. Лічба, якая часта гучыць — 1082. Гэта колькасьць дэфэктаў, якія непасрэдна ўплываюць на бясьпеку, калі трубаправод эксплюатаваць у працоўным ягоным ціску”.
Міхаіл Марыніч, былы міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Беларусі, кажа: названыя лічбы сапраўды давалі падставу спыніць пампаваньне дызэльнага паліва. Аднак сытуацыю “разьвярнула” тэлефонная размова двух віцэ-прэм’ераў: расейскага — Ігара Сечына і беларускага — Уладзімера Сямашкі. Расейскі ўрадовец папярэдзіў, што такія захады зь Менску могуць канчаткова сапсаваць двухбаковыя дачыненьні, лічыць Міхаіл Марыніч:
“Сечын проста папярэдзіў: канчайце з глупствамі. Бо ня будзе Сечын упрошваць: давайце разьмяняем каўбасу на трубу. Ня пойдзе так. Ён гэтага нават і дапусьціць ня можа. Сечын папярэдзіў: вы гуляеце з агнём, прапаную ўсё-ткі спыніцца. Папярэдзіў даволі жорстка і сур’ёзна”.
А калі Беларусь будзе працягваць, то, мабыць, Сечын сказаў так: тады канчаткова сапсуем дачыненьні”.
Намесьнік дэкана Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў зьвяртае ўвагу на тое, што гэты трубаправод і стары, і слабенькі па напаўняльнасьці:
“Пэрспэктываў у яго для расейскай нафты ў кірунку Вэнтсьпілсу няма ніякіх. Таму і рамантуюць яго абы-як, разумеючы, што хутка ён не спатрэбіцца наагул. Расейцы будуюць БТС-2, каб не залежаць ад іншых краінаў у пампаваньні сваіх нафтапрадуктаў”.
Спадар Суздальцаў лічыць, што Ігар Сечын патлумачыў свайму беларускаму калегу сытуацыю:
“Ён сказаў: не займайцеся глупствам, мы яго хутка зачынім назаўсёды. Як мы зачынілі нафтаправод, які ішоў на Мажэйкяй. Накіраваць раз на месяц невялікі танкер на Вэнтсьпілс, калі мы захочам захаваць гэтую пастаўку, не праблема. А калі не захочам, то можна і бяз Вэнтсьпілса накіраваць на Эўропу. І ў выніку будзеце сядзець з пустой трубою і бяз грошай. Вось такая і размова”.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі раіць у гэтай сытуацыі зьвярнуць асаблівую ўвагу на пэрсону Ігара Сечына. І ня толькі таму, што менавіта ён курыруе ў расейскім урадзе нафтагазавы комплекс. Спадар Сечын вядомы тым, што звычайна не прызнае кампрамісаў, настроены на сілавы ціск. Нездарма ж гэтага нефармальнага лідэра піцерскіх сілавікоў завуць у Маскве “магільшчыкам ЮКОСа”, адзначае Раман Якаўлеўскі:
“Праз суткі Сечын, мабыць, прывёў нейкія аргумэнты, якія беларускі бок ня мог праігнараваць. Але якія, мы ня ведаем. У нас жа ўсё таямніца. Усё засакрэчана. ЧК натуральная, усё надзвычайнае”.
А закрыцьцё заслонкі на трубаправодзе спадар Якаўлеўскі называе рэакцыяй на расейскія абмежаваньні паставак мяса ад некаторых беларускіх прадпрыемстваў:
“І гэта ж не надзвычайная рэакцыя. Яна ж ужо стала апошнім часам звыклай. Ня першы ж раз ужо! І тут я згодны зь меркаваньнямі, што такім чынам Лукашэнка павышае свае стаўкі ў дэбатах з дуўмвіратам расейскім —Мядзьведзеў — Пуцін”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме