13:00 27.04.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Мечыслаў Грыб: Якая ўлада, такая і міліцыя
Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб расказаў Еўрарадыё, чаму губляе аўтарытэт міліцыя і як гэта выправіць.
– Вы працавалі ў міліцыі з 1959 году па 1993. На вашу думку, беларуская міліцыя моцна адрозніваецца ад савецкай?
– Зразумела, яна не такая. Яна адрозніваецца. Змянілася ўлада, змяніўся дзяржаўны лад – змянілася і міліцыя. Заўсёды адно адпавядае іншаму. Якая ўлада – такая і міліцыя. Савецкі міліцыянер працаваў у іншых умовах. Тады было ўсё дзяржаўнае і міліцыя, і адносіны. Тады міліцыя не вельмі добра забяспечвалася, не вельмі добрымі былі заробкі. На той час усім было цяжка. Калі было трэба нешта пабудаваць, то зрабіць гэта можна было толькі за дзяржаўны кошт. Не было ніякіх спонсараў, як сёння, напрыклад. Міліцыя была больш адказнай, выхаванай іншымі падыходамі. Супрацоўнікі рэдка прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. Гэта былі 1-2 выпадкі на ўсю рэспубліку.
– Як моцна псуе імідж беларускай міліцыі яе ўдзел у разгоне дэманстрацый і шэсцяў апазіцыі?
– Міліцыя ў цэлым далёка неаднолькавая. Вельмі шмат службаў – дазнанне, крымінальны вышук, ахова, ахова грамадскага парадку. І так здараецца, што калі нейкі супрацоўнік міліцыі парушае закон, парадак, то пачынаюць весці размову пра ўсю міліцыю. Я з гэтым не пагаджаўся і не пагаджуся. Міліцыянты ж яшчэ і раскрываюць злачынствы. Некалькі соцень тысяч кожны год. І ўдзел у разгоне дэманстрацый толькі ложка дзёгцю ў бочцы мёду, якую напрацавалі іншыя супрацоўнікі. Што тычыцца аўтарытэту, то, на вялікі жаль, міліцыянераў не так сёння выхоўваюць. Кожны з іх павінен разумець, што галоўным з’яўляецца народ. Павінна быць нейкая справаздача перад насельніцтвам. А сёння міліцыя ад шарагоўца да генерала не залежыць ад людзей. Таму ёсць грубасць і непавага да насельніцтва.
– У міліцыі пастаянна бракуе кадраў, туды бяруць нават без службы ў арміі. Чаму беларусы не хочуць ісці служыць у міліцыю нават нягледзячы на вялікую колькасць ільготаў?
– Я мяркую, таму, што гэта нялёгкая служба з невялікімі заробкамі. У дадатак, каб людзі туды ішлі, трэба каб міліцыя карысталася павагай у насельніцтва. Кожны малады чалавек, які мае неабходную адукацыю, ён, можа, і пайшоў бы працаваць у міліцыю, але калі яго родныя і знаёмыя, асяроддзе, у якім ён жыве супраць, то навошта гэта яму трэба? Нават у Мінску сёння некамплект кадраў. Раней такога не было.
На жаль, сталічная міліцыя і міліцыя абласных цэнтраў камплектуецца з сельскіх хлопцаў. Іх навучаць нечаму, прымуць, дадуць пасады і пагоны і накіроўваюць на службу. Моладзі знайсці працу на вёсцы складана, таму яна і ідзе сюды.
КОЛЬКАСЦЬ ЗЛАЧЫНСТВАЎ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД УЗРОЎНЮ ЖЫЦЦЯ, А НЕ АД КОЛЬКАСЦІ МІЛІЦЫЯНЕРАЎ
– У Беларусі вельмі шмат міліцыі. Чаму тады ўзровень злачыннасці застаецца на высокім узроўні?
– Не трэба наўпрост звязваць колькасць злачынстваў на нейкай тэрыторыі з колькасцю міліцыі на ёй. Злачыннасць – з’ява сацыяльная. Яна залежыць ад вялікай колькасці фактараў. Ад узроўню жыцця насельніцтва, ад заробкаў, ад шэрагу іншых фактараў. Не трэба абвінавачваць толькі міліцыю ў гэтым. Гэта няправільна. Адна міліцыя са злачыннасцю не справіцца, калі не будзе зменаў у сацыяльна-эканамічным стане краіны.
– Якім чынам можна павысіць аўтарытэт міліцыі ў вачах шараговага беларуса?
– Трэба даць добрую адукацыю міліцыянерам. Каб яны разумелі, што ахоўваюць не ўладу, а народ. Па-другое, трэба змяніць крытэрыі ацэнкі працы міліцыянераў. Яны ж засталіся старымі, яшчэ савецкімі. Менш злачынстваў зарэгістравана, больш раскрывальнасць – лепш. Іншыя паказчыкі – горш. І ўсё. І ніхто больш нічога не хоча думаць. А такі падыход спрыяе таму, што не ўсе выпадкі рэгіструюцца. Таму што зніжаюцца прэміі, паказчыкі…
УЛАДА АЦЭНЬВАЕ МІЛІЦЫЯНЕРАЎ ПАВОДЛЕ ІХ АДДАНАСЦІ
– Наколькі шараговыя міліцыянеры залежаць ад свайго кіраўніцтва, чаму яны часта сведчаць на палітычных працэсах?
– Начальства сказала, што ідзі і гавары. Яны ідуць разумеючы, што гэта падман. Але гэта і загад начальства. А калі начальства дае загад на падман, то міліцыянеры могуць і самі так зрабіць. І гэта цэлая рэакцыя, ланцуг. Калі пачынаюць разбірацца ў парушэннях, то таксама хочуць выбеліць свой мундзір.
– Такі стан рэчаў задавольвае уладу? Ёй было б больш выгадна, калі б міліцыя мела аўтарытэт у грамадстве?
– Я думаю, што гэтая ўлада лічыць, што такі стан рэчаў выгадны. Ацэнку міліцыі даюць паводле яе адданасці. Калі ўлады упэўненыя, што нейкі камандзір нейкага падраздзялення адданы ўладам, то закрываюць вочы на ўсе парушэнні. Калі ўлады парушаюць закон, то і міліцыя будзе парушаць.
– Чаму акцыі пратэсту часта разганяюць людзі ў цывільным? Міліцыі сорамна?
– Яны хаваюцца, бо ведаюць, што робяць. Згодна з заканадаўствам, пры затрыманні супрацоўнік міліцыі абавязкова павінен прадставіцца, паказаць пасведчанне. Павінна быць папярэджанне. Калі гэтага не робяць, то хочуць схавацца за нейкай завесай. Схаваць свае дзеянні.
– А ці ёсць мяжа ў такіх дзеяннях? Калі будзе загад страляць у дэманстрантаў, міліцыянеры будуць страляць?
– Я думаю, што такі загад будзе выкананы. Гэта маё меркаванне. Я не хачу дажыць да такога. Гэта вельмі небяспечна і страшна. Але калі рабіць высновы з падзеяў, якія былі ў 2010 годзе, 2011-м, сёлета, то думаю, што будуць страляць. Там жа розныя людзі ёсць.
КДБ БЛІЖЭЙШЫ ДА ЎЛАДЫ, ЧЫМ МІЛІЦЫЯ
– Стварэнне Следчага камітэта – гэта станоўчае рашэнне? Як ён зменіць сітуацыю з раскрыццём злачынстваў?
– Так, я лічу, што станоўчае. Яго даўно трэба было стварыць. Калі аператыўна-пошукавая дзейнасць і следства знаходзяцца ў падпарадкаванні аднаго чалавека – гэта непарадак. Следства павінна быць незалежным і самастойным. Хай кожны працуе сам за сябе. Гэта добра.
Аднак Следчы камітэт падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту, аднаму чалавеку. Няважна, гэтаму, альбо нейкаму іншаму. Калі б ён падпарадкоўваўся парламенту, то я б не меў пытанняў. А адзін чалавек можа аддаць незаконны загад.
– Следчы камітэт створаны зусім нядаўна. Як хутка ён зможа стаць уплывовым?
– Патрэбны час. Бо сёння стварылі, людзей з міліцыі перавялі са следчых РАУСа ў следчыя Следчага камітэту. Але гэта ж тыя самыя супрацоўнікі міліцыі, тыя самыя людзі. Калі пройдзе час, то могуць быць нейкія змены, вынікі. Усё можа быць інакш.
– У грамадстве існуе меркаванне, што міліцыя увесь час супрацьстаіць спецслужбам. Што паміж МУС і КДБ ідзе “вайна”. Наколькі гэта абгрунтавана? Хто больш уплывовы?
– Таямніцы тут няма. Гэта даўно, яшчэ з свецкіх часоў. Заўсёды паміж органамі КДБ і МУС ішло спаборніцтва за доступ да асобаў, якія маюць уладу. У часы Брэжнева міліцыю ўзначальваў яго добры знаёмы і сябра Мікалай Шчолакаў. Тады міліцыя была незалежная. А калі потым прыйшоў Андропаў, то перамогу атрымаў КДБ. Нехта застрэліўся, некага арыштавалі.
Я памятаю, што ў органы ўнутраных спраў былі ўведзеныя супрацоўнікі КДБ. Яны афіцыйна з’яўляліся рэзідэнтамі КДБ у органах МУС. Так у кожным абласным УУС былі такія людзі, і ў міністэрстве так было. Зараз, я лічу, што КДБ нашмат мацнейшы за міліцыю. І нашмат бліжэйшы да ўлады.Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
27 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |