20:30 29.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Мараторый на сьмяротнае пакараньне як фармальная адчэпка
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь атрымае статус адмыслова запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Паводле прынятай рэзалюцыі, ПАРЭ заклікае Бюро Рады Эўропы аднавіць Беларусь у скасаваным пасьля рэфэрэндуму 1996 года статусе пасьля выкананьня гэткай фармальнай і дробнай перадумовы, як ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне.
Варта разумець, што мараторый на сьмяротнае пакараньне ніяк не палепшыць рэальную сытуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй у краіне. Сьмяротнае пакараньне, на шчасьце, ніякім чынам ня тычыцца палітычных апанэнтаў рэжыма і ўвогуле палітычнай сытуацыі. Так, сьмяротную кару прынята разглядаць як непрагрэсіўную і састарэлую зьяву, але гэта выключна празьмерна жорсткае пакараньне за цяжкія злачынствы. Неабходнасьць яе касаваньня - гэта вузкае, у значнай ступені філязофскае і ў значнай ступені дыскусійнае пытаньне. Наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў шэрагу штатаў ЗША не перашкаджае гэтай краіне рэальна быць адной з найбольш свабодных у сьвеце.
Але палітычная мэтазгоднасьць ЭЗ плюс традыцыйны адвакат Беларусі ў асобе складзенай з досыць яскравых рэакцыянэраў дэлегацыі РФ не дазвалялі спадзявацца на тое, што ПАРЭ выставіць нейкія больш грунтоўныя дэмакратызатарскія патрабаваньні да ўладаў Беларусі. Дый сам факт паўнавартаснай прысутнасьці сярод членаў Рады Эўропы яскрава недэмакратычных краінаў, як Расея і Азэрбайджан, робіць удзел у Радзе Эўропы зусім не паказчыкам дэмакратычнасьці.
Пытаньне нават у тым, ці не было бы лепей адразу надаць статус адмыслова запрошанага, без высоўваньня дробных і сымбалічных парабаваньняў, выкананьне якіх афіцыйны Менск можа прэзэнтаваць эўрапейскай грамадзкасьці як дэмакратычны і лібэральны прарыў? Беларускія ўлады атрымалі добрую магчымасьць максымальна адцягваць прыняцьце мараторыю на сьмяротнае пакараньне, гіпэрбалізаваць важнасьць і значнасьць гэтай малаістотнай справы, каб па магчымасьці зьнізіць вагу сапраўды неабходных крокаў, якія ў дадзенай сытуацыі міжволі адсоўваюцца на другі плян:
- Неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
- Спыненьне перасьледу і запалохваньня актывістаў апазыцыі;
- Спыненьне прымусовага прызыву на вайсковую службу апазыцыйных актывістаў, якія раней былі прызнанымі ня годнымі да яе;
- Скасаваньне перашкодаў пры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў;
- Забесьпячэньне свабоды мірных сходаў;
- Рэформа выбарчага заканадаўства;
- Дазвол усім незалежным выданьням друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз дзяржаўную сетку;
- Скасаваньне перашкодаў пры акрэдытацыі замежных журналістаў;
- Рэгістрацыя спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.
Заблытаная дыпляматычная гульня паміж Беларусьсю, Заходняй Эўропай і Расеяй працягваецца і робіцца ўсё цікавей.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме