12:15 15.03.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Малярчук. Канстытуцыя маёй краіны
Перагортваю старонкі галоўнага закона Беларусі, учытваюся ў яго артыкулы і ў мяне ўзнікае пачуццё, што гэта Канстытуцыя не Беларусі, а нейкай іншай дзяржавы.
У ёй хтосьці гарантуе правы і свабоды чалавека, і бачу, што ўсе мы маем шмат правоў, забеспячэнне якімі з'яўляецца вышэйшай мэтай прававой і дэмакратычнай дзяржавы. Усё выглядае хораша, і пра гэта гаворыцца з усіх экранаў БТ ды ў іншых СМІ. Але няўжо ў краіне знойдзецца чалавек, які паверыць у гэтыя казкі? Напрыклад, з Канстытуцыі выдраны радкі, дзе было занатавана, што тэрмін праўлення – 10 год.
А нашыя правы і свабоды? Гарантуючы права на жыццё, дзяржава падазраецца ў пазбаўленні жыцця вядомых палітыкаў. Гарантуючы права на невыкарыстанне катаванняў, дзяржава ўжывае фізічныя катаванні і гвалт у адносінах да дзесяткаў тысяч сваіх мірных грамадзян, у тым ліку і ў Вялейцы. Няўпэўненасць у заўтрашнім дне і адсутнасць даверу да органаў улады - гэта таксама маральнае катаванне. Права на працу падмяняецца кантрактызацыяй усёй краіны і пазбаўляе непажаданых уладам працаўнікоў гэтага права. Напрыклад, І.Маціюна зволілі па заканчэнні кантракта, але ўсе ведаюць за што: сядзеў на лавачцы на плошчы Леніна і размаўляў са знаёмымі.
Наяўнасць права абіраць і быць абраным выклікае вялікі сумнеў у насельніцтва. А артыкул 21 Канстытуцыі наогул выклікае ўсмешку: забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з'яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Няўжо? Відавочна, гэта мэта такая высокая, што да яе немагчыма дацягнуцца простаму чалавеку і акунуцца ў аўру дзяржаўнай благадаці.
А можа, штосьці не так у нашай дзяржаве? Можа, нам не патрэбныя ні правы, ні свабоды? З уласнага досведу ведаю, што адстойваць правы, замацаваныя ў Канстытуцыі, не зусім проста, і да гэтага гатовыя зусім нямногія беларусы. Так можа сама ўлада клапоціцца пра нашы правы і выкананне Канстытуцыі?
Звярнуся да свайго досведу. Аднойчы, на працягу двух месяцаў, я прайшоў праз чатыры суды па грамадзянскіх і адміністрацыйных справах. І магу з вызначанай упэўненасцю сказаць, што выканаўчая і судовая ўлада робіць усё, каб я не толькі ня змог карыстацца сваімі правамі і свабодамі, гарантаванымі Канстытуцыяй, але і не змог замахвацца на іх рэалізацыю надалей. Велізарны штраф не напалохаў мяне, але прымусіў задумацца пра сродкі для існавання, пра тое, каб не падставіць маіх сяброў пад гэты бязлітасны малох, выклікаў нараканні маіх сваякоў. І зусім нядаўнія падзеі. Суддзя Арцімовіч пакарала арыштам маладога вялейчука за “лаянку матам”. – Хлусня, у судзе гэта не было даказана. А суддзя Борыс, наогул, не вызначыла правапарушэння, а ў судовым пастанаўленні запісала: “демонстративно хлопал в ладоши, чем привлекал внимание окружающих”. Жанчынка, ці ёсць у цябе розум?
Чаму так паступілі суддзі, яны што – не людзі? Можа, ўсё залежыць ад іх статуса ў лакашыскай вертыкалі? Зазірнуўшы ў Канстытуцыю, у частку "СУД", чытаю: "Суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону". Але я толькі што прачытаў, што прэзідэнт прызначае і звальняе суддзяў. Выходзіць, што незалежнасць прывідная, а застаецца поўнае падначаленне выканаўчай уладзе, а не закону. Хоць магу выказаць здагадку, што тут мяркуецца закон сілы і страху, праз які не пераступіць ніводны суддзя. Уся судовая сістэма стаілася ў здранцвенні ад страху і баіцца зрабіць штосьці не так, што не даспадобы грамадзяніну Лукашэнку. Лукашызм акупаваў усю краіну, і толькі малая частка насельніцтва не стала на калені і не апусціла галаву.
Чытаю далей і пазнаю, што суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй нарматыўных актаў. Але ў нас існуе мноства нарматыўных актаў, законаў, дэкрэтаў, указаў, рашэнняў, пастаноў, якія цалкам не адпавядаюць нашай Канстытуцыі, але з'яўляюцца асноўным крытэрам пры прыняцці рашэнняў. Вялейскія улады ведаюць аб гэтым на ўласным досведзе. Акрамя гэтага, ў Канстытуцыі замацавана, што Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Чаму ж тады у судах, пры выкананні правасуддзя і адміністрацыйных камісіях, у прамовах выканкамаўскіх працаўнікоў не чуваць такіх знакавых слоў дэмакратыі, як правы і свабоды чалавека, Канстытуцыя, міжнародныя нормы? Можа, таму, што іх ігнаруюць і дзяржава ў нас неправавая і недэмакратычная? У прававой дзяржаве кожны грамадзянін ведае, як паступіць дзяржава з ім ў адказ на тыя ці іншыя яго дзеянні. А ў нас? Не гледзячы на тое, што ў Канстытуцыі замацавана, што ў Рэспубліцы Беларусь усталёўваецца прынцып вяршэнства права, гэта нідзе не сустракаецца ў жыцці. Дзяржаўная ўлада непрадказальная: яна можа зрабіць з табой усё, што захоча, нават калі ты не вінаваты. Таму суддзі не карыстаюцца адпаведнымі палажэннямі. Можа, яны не ведаюць пра існаванне правоў і свабод чалавека?
Ведаюць! Ведаюць, але пад страхам звальнення баяцца рэалізоўваць іх у праваўжывальнай практыцы. Я б адзначыў, што, як да Канстытуцыі і міжнародных абавязкаў ставіцца яе гарант, такое стаўленне да іх усёй улады. Патрабаванні народа не на іх рахунак. Але калі зменіцца ўлада, ўсе яны стануць заўзятымі барацьбітамі за дэмакратыю.
Аднак, гэта не замінае нашаму гаранту Канстытуцыі трубіць на ўвесь свет пра выкананне праў чалавека ў Беларусі, і мы ведаем кошт яго слоў.
Загарнуўшы Канстытуцыю, я пераканаўся яшчэ раз: па асноўнаму закону – правы і свабоды ў нас ёсць, а ў рэчаіснасці – амаль няма, ды і абараніць іх вельмі цяжка. Чаму? Спытайцеся ў дэпутатаў, пракурораў, міліцэйскіх начальнікаў, а лепш – у гаранта гэтай самай Канстытуцыі.
З днём лукашэнкаўскай Кансцітуцыі вас, жыхары Беларусі!
Праваабаронца Уладзімір Малярчук,
сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |