12:34 06.05.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Маладзёжныя арганізацыі выпрацавалі патрабаванні да кандыдата ў прэзідэнты
Прадстаўнікі 12 дэмакратычных маладзёжных арганізацый Беларусі выпрацавалі патрабаванні да кандыдата ў прэзідэнты. Абмеркаванне адбылося 5 мая на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.
Як гаворыцца ў мемарандуме, падпісаным удзельнікамі круглага стала, вынікі ўсіх выбарчых кампаній, якія праходзілі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года, былі сфальсіфікаваны. "Гэта прыводзіць нас да высновы, што ў Беларусі немагчымы сумленны падлік галасоў выбаршчыкаў без шырокага грамадскага патрабавання праўдзівых выбараў", — адзначаецца ў дакуменце.
"Па-першае, кожны палітык, які абвясціў свае прэзідэнцкія амбіцыі, павінен з самага пачатку сваёй перадвыбарчай дзейнасці заклікаць грамадзян Беларусі не толькі прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, але і на Кастрычніцкую плошчу Мінска, каб разам дамагацца праўдзівых вынікаў галасавання. Па-другое, кожны кандыдат у прэзідэнты, які прадстаўляе дэмакратычны рух, павінен патрабаваць правядзення свабодных выбараў і адстойваць сапраўдны падлік галасоў да поўнай перамогі", — гаворыцца ў мемарандуме.
"Мы перакананы, што рэжым Лукашэнкі палічыць нашы галасы толькі тады, калі беларусы пацвердзяць свой выбар на плошчы. Таму мяркуем, што ўключэнне гэтых асноўных пунктаў у перадвыбарную праграму з’яўляецца абавязковым для кожнага кандыдата ў прэзідэнты, які сапраўды жадае дамагчыся перамен у нашай краіне", — адзначаецца ў мемарандуме.
У пасяджэнні круглага стала ўзялі ўдзел прадстаўнікі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія), "Правага альянсу", МХСС-"Маладыя дэмакраты", міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Маладая Беларусь" (Літва), маладзёжнага аддзялення аргкамітэта па стварэнні БХД "Маладыя хрысціянскія дэмакраты", "Моладзі БНФ", аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці "Разам", кампаніі "Гавары праўду!", "ініцыятывы", Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, "Вольнай моладзі", Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме